Моладзь БНФ заклікала адзначыць Дзень Незалежнасці

Моладзь БНФ падала заяўку на правядзенне святочнага шэсця з мітынгам да гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларусі — 25 жніўня.

moladz_bnf.jpg

Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР прынялі яшчэ 27 ліпеня 1990 года, аднак толькі 25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет надаў ёй статус канстытуцыйнага акта, у выніку чаго Беларусь афіцыйна зрабілася незалежнай дзяржавай. Гэта дазволіла беларусам не толькі фармальна, але і юрыдычна ўпарадкаваць сваё далейшае жыццё, абапіраючыся на сваё ўласнае беларускае бачанне. І менавіта таму гэты дзень — сапраўды важная дата ў гісторыі нашай краіны, вартая ўшанавання.
"Менавіта пасля 25 жніўня 1991 года міжнародная супольнасць нарэшце прызнала Беларусь раўнапраўнай незалежнай дзяржавай. Вядома, што такая дата сапраўды важная для любога народа. Але пры нашым рэжыме яна не толькі не адзначаецца як афіцыйнае дзяржаўнае свята, але, наадварот, ушанаванне яе фактычна забаронена. Спробы адсвяткаваць гэты дзень могуць выклікаць арышты і рэпрэсіі з боку улад", — кажа адзін з заяўнікаў, сябра Моладзі БНФ Ягор Сергіенка.
Аднак для Моладзі БНФ 25 жніўня — свята ўдвая. У гэты дзень у 2015 годзе арганізацыя аднавіла сваю дзейнасць пасля трохгадовага перапынку. Таму гэтую дату можна таксама лічыць Днём народзінаў Моладзі БНФ, якой спаўняецца 12 гадоў.
Каб адзначыць гэтае падвойнае свята, актывісты падалі заяўку на правядзенне святочнага шэсця з мітынгам на 25 жніўня. У сувязі з забаронай распаўсюджваць інфармацыю пра месца і час правядзення акцыі, і каб не даваць падставаў для адмовы, інфармацыя пра час і месца правядзення будзе распаўсюджаная пасля атрымання дазволу, які мусіць быць дадзены не пазней за 20 жніўня.
"Безумоўна, мы спадзяемся атрымаць дазвол на правядзенне мерапрыемства. Аднак мы разумеем сітуацыю ў краіне, і паколькі мы не можам гарантаваць аплату магчымых штрафаў, то ў выпадку адмовы не будзем падстаўляць людзей. Мы адказныя палітыкі, а не палітычныя авантурысты, якія клічуць на вуліцу і не абдумваюць магчымыя наступствы. Так, 25 жніўня — сапраўды важная дата ў гісторыі нашай краіны, але на сённяшні дзень яшчэ не наступіў той вызначальны момант, каб дзеля яе святкавання ахвяраваць свабодай людзей ці ствараць ім пэўныя праблемы", — каментуе заяўнік, кіраўнік Мінскай арганізацыі Моладзі БНФ Багдан Сакалоў.
"Гэты дзень — важная дата як у гісторыі Беларусі, так і ў гісторыі Моладзі БНФ. За два апошнія гады існавання арганізацыі мы здолелі шмат чаго зрабіць, рэалізавалі некалькі паспяховых праектаў. І праца працягваецца. Наогул, скааперыраваць неабыякавую моладзь з усёй краіны – гэта ўжо вялікае дасягненне, а зрабіць так, каб усе разам зладжана працавалі за агульную ідэю – гэта поспех. Мы не можам ігнараваць гэтую дату і прыкладзем усе нашыя моцы дзеля таго, каб атрымалася ўсё, што мы запланавалі. Але для гэтага нам вельмі патрэбна падтрымка беларускага народа", — кажа заяўнік, намеснік кіраўніка Моладзі БНФ Дзяніс Мандзік.
Гэта мерапрыемства стане лакмусавай паперкай для сённяшніх улад, і дазволіць высветліць іх сапраўднае стаўленне да незалежнасці нашай краіны і волі беларускага народа, — падкрслівае Моладзь БНФ. Бо першарадная мэта, якую ставяць перад сабой актывісты, — адзначыць святочны дзень, а не памітынгаваць. 
Паводле moladz.info