Муж журналісткі Кацярыны Андрэевай напісаў кранальны пост пра сваю жонку, якая ў зняволенні амаль год

«Захаваць сваё «я» — галоўная яе перамога» — піша Ігар Ільяш.

andreeva_0.jpg

«Учора мінула роўна 11 месяцаў з дня арышту Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай. 335-ы дзень у няволі, пяты месяц у калоніі. Расстанне з блізкімі, цяжкая праца, жоўтыя біркі на вопратцы.
А яшчэ ўчора Каця і Даша сталі лаўрэатамі агульнаеўрапейскай прэміі PRIX Europe у намінацыі "Еўрапейскі журналіст года". Гэта ўжо 7-я (!) міжнародная ўзнагарода, якую Каця і Даша атрымалі за свой прафесіяналізм і адвагу.
Зразумела, калі летам-восенню 2020 года Каця раптам ператварылася ў рэпарцёра ў «гарачай кропцы», яна зусім не думала ні пра якія ўзнагароды — яна проста хацела добра зрабіць сваю працу. Тым не менш я ведаю, што для Каці міжнароднае прызнанне вельмі важна, асабліва ў цяперашніх умовах. Як яна сама казала, гэта яшчэ мацней матывуе яе на тое, каб "з усмешкай пераносіць любыя выпрабаванні".
Аднак усе гэтыя ўзнагароды, вядома, адыходзяць на другі, трэці і дзясяты план у параўнанні з галоўнай задачай, якую Каця вымушаная штодня вырашаць ва ўмовах лагера: "захаваць душу ад распаду і не дазволіць зоне пракрасціся ў мяне".
«Думаю, задача, якую я паставіла сабе ў лістападзе — не азлобіцца, не апусціцца, захаваць сваё "я" — пакуль выконваецца паспяхова», — канстатавала Каця ў адным са сваіх лістоў.
І гэта, вядома, самая галоўная яе перамога».