«Мы ведаем, што нас большасць, і гэта галоўнае». Як жыве ў эміграцыі былы выкладчык БДУ

Кандыдат навук Яраслаў Кот, які выкладаў на юрфаку БДУ і напачатку году мусіў уцячы за мяжу ад рэпрэсій, цяпер жыве ў Варшаве. «Свабода» спытала ў выкладчыка, як ён уладкаваўся на чужыне, што думае пра апошнія падзеі ў Беларусі і ці з'ехаў назаўсёды.

02340000_0aff_0242_7b6d_08d98b4da8d7_cx0_cy6_cw0_w1023_r1_s.webp

Выратавала паўза паміж адміністрацыйным арыштам і крымінальнай справай

Яраслаў Кот — гэта той выкладчык юрыдычнай этыкі, якога ў лютым арыштавалі і асудзілі на 15 сутак за тое, што «брыдкасловіў на адрас сілавікоў» падчас уварвання і захопу ягонай кватэры. Выбіваючы з Яраслава прызнанні ў тым, што ён нібыта «кіберпартызан, які злівае сакрэтную ўнутраную інфармацыю», Яраслава моцна збілі, забралі ўсю камп'ютарную тэхніку, да таго ж падкінулі самаробны патрон, што для юрыста азначае адно — верагодную крымінальную справу.

Расповед Яраслава Ката пра арышт на Акрэсціна, пра тое, як 15 чалавек сядзелі ў чатырохмясцовай камеры, а іх яшчэ і рэгулярна збівалі ахоўнікі, стаў дадатковым доказам злачынстваў беларускага рэжыму. Яраслаў не сумняецца, што пасля адбыцця адміністрацыйнага пакарання яго чакала крымінальная справа. Але здарылася замінка ў пару дзён, якую былы выкладчык схільны аднесці на карысць добразычліўцаў у міліцэйскіх колах, дзе шмат ягоных былых навучэнцаў ці знаёмых. Так ці інакш, але дзённай паўзы яму хапіла, каб разам з каханай жанчынай з'ехаць з Беларусі.

«Працую адразу на некалькіх пляцоўках»

Яраслаў распавёў, як ўладкаваўся ў Варшаве. Яны з будучай жонкай Лізаветай здымаюць кватэру ў «сярэднім па коштах сегменце». Для мігрантаў з Беларусі, якія маюць працу, у Варшаве, паводле Яраслава, гэта цалкам прымальна. Яраслаў Кот запэўнівае, што варшавяне ставяцца да ўцекачоў з Беларусі вельмі прыязна.

«Тут усе памятаюць пра Рэч Паспалітую і лічаць нас сваімі сваякамі, што мы ад аднаго дрэва. Плюс едзе шмат адукаваных культурных людзей, гэта таксама вельмі цэняць. Дакладна ведаю некалькі гісторый, калі расейцы ці ўкраінцы выдаюць сябе за беларусаў, бо тады да іх лепшае стаўленне», — распавёў Яраслаў.

Паводле суразмоўцы, у Варшаве ўжо жыве некалькі тысяч беларусаў і ўзровень самадапамогі сярод землякоў падвышаецца.

«У беларусаў шмат уласных інфармацыйных крыніц, месцаў, дзе сустракаюцца, ладзяць агульныя акцыі. Ужо склалася ўласная сістэма дапамогі, таму нашым ўцекачам выжыць тут магчыма, пацвярджаю», — кажа Яраслаў.

Паводле былога выкладчыка, польская дзяржава фінансавай дапамогі ім з Лізай не аказвала, але візы атрымалі без праблем, за што вельмі ўдзячныя. «Увогуле пры кантактах чыноўнікі тут добразычлівыя і працуюць хутка, — заўважае Яраслаў, — Тут дзяржава для людзей, а ўсё астатняе — справа ўласных рук і галавы».

Дыплом, які не прызнавалі ў Мінску, найбольш цэняць ў Варшаве

Шмат уцекачоў з Беларусі едуць ва Уроцлаў, Беласток. Там усё ж дзешавей жыццё і лягчэй уладкавацца. Чаму Яраслаў і Лізавета спыніліся ў сталіцы Польшчы?

«У Варшаву паехалі, бо тут ў мяне былі знаёмыя, мяне ведалі як навукоўца і выкладчыка, узяліся дапамагчы з жытлом і ўсё хутка атрымалася. Праца таксама знайшлася. Асабліва дапамог мой амерыканскі дыплом PhD — дыплом доктара навук, які, дарэчы, за ўвесь час маёй працы ў БДУ так і не прызнавалі. Выкладаю адразу на некалькіх пляцоўках. Сярод іх ўніверсітэт Ляона Казмінскага — гэта самы буйны прыватны ўніверсітэт ў Польшчы. Плюс дыстанцыйныя праекты, супрацоўнічаю з Талінскім ўніверсітэтам. Нават часу не хапае», — прызнаецца Яраслаў Кот і тлумачыць, як аказалася, што веды выкладчыка этыкі з Беларусі прыдаліся і ў Польшчы.

«Права як навука — гэта дачка этыкі. Права ў кожнай краіне мае адметнасць, а вось этыка — навука ўніверсальная. У Беларусі я выкладаў этыку права, тут выкладаю этыку бізнесу. Сумежныя навукі, у якіх агульная аснова».

Забароненая тэма свабоды

Яраслаў Кот навучаўся ў некалькіх славутых навуковых цэнтрах. Атрымаў навуковую ступень ў Ельскім ўніверсітэце ЗША, ступень МВА ў Брытанскім Адкрытым ўніверсітэце, скончыў БДУ і аспірантуру Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Калі навучаўся ў Акадэміі, працаваў над дысертацыяй, у якой даследаваў катэгорыю свабоды ў канстытуцыйным працэсе Беларусі. Але абараніцца на гэтай тэме змог не ў Мінску, а ў Маскве, у Баўманаўскім ўніверсітэце.

Прычым тэму навуковай працы давялося скарэктаваць. У канчатковым выглядзе з назвы знікла Беларусь, феномен «свабода» даследаваўся у межах «тэхнагеннай цывілізацыі». Чаму гэтак? Паводле Яраслава Ката, калі на радзіме даследаваць тэму, як свабода, яшчэ было магчымым, дык абараніцца па ёй ужо не. «Нават не ўключылі ў план абароны, давялося ехаць ў Маскву», — згадаў навуковец.

«Сапраўды прававы дэфолт»

Больш за 16 гадоў адпрацаваў Яраслаў Кот на кафедры крыміналістыкі юрфаку БДУ. Выкладчык з усмешкай згадвае адзнакі за добрую працу, якімі яго за гэты час ушаноўвалі самыя розныя ўстановы. Сярод іх Следчы камітэт, які неяк аб’явіў выкладчыку падзяку. Дарэчы, пра гэта Яраслаў распавёў супрацоўнікам ГУБАЗіКу, калі тыя збівалі яго, спрабуючы выбіць прызнанне ў кіберпартызанстве. Але, паводле выкладчыка, каты толькі больш раззлаваліся, пачуўшы такія ўспаміны.

Як пасля перажытага юрыст Яраслаў Кот ацэньвае прававое становішча ў Беларусі? Ці згодны з фармулёўкай аб «прававым дэфолце» і хто за яго адказны: цяперашнія сілавікі з дыпломамі юрыстаў ці выкладчыкі юрфакаў, якія іх навучалі?

«Так, у Рэспубліцы Беларусь прававы дэфолт. Права не працуе, усе магчымыя і нават немагчымыя нормы парушаюцца. Больш за тое, цяпер фактычна ўзаконеныя прывілеі цэлай групы людзей, якім даруюцца абсалютна любыя дзеянні. Маю на ўвазе сілавікоў і вышэйшых чыноўнікаў. Але гэта скрыня Пандоры. Калі паводле закону ім ўсё дазволена, дык і тыя законы, якія прымае дыктатар ў сваю абарону, перастануць дзейнічаць», — мяркуе Яраслаў Кот. На думку выкладчыка, частка віны ў прававым дэфолце, які напаткаў краіну, ляжыць і на выкладчыках юрыдычных навук. Але найперш адказны той, хто стварыў рэжым, пры якім закон патрэбны толькі для ягонага захавання пры ўладзе, мяркуе Яраслаў Кот.

«Будзеце вінаватыя вы, калі дзеці загінуць пад танкамі»

Яшчэ ў канцы 2020 году выкладчыку Яраславу Кату значна скарацілі працоўную нагрузку, фактычна, як ён лічыць, пачалі выжываць з універсітэту. За што? Яраслаў згадаў, як у жніўні адным з першых на юрфаку публічна заступіўся за студэнтаў, якія пратэставалі супраць гвалту. Пазней ён падпісаў некалькі пратэстных петыцый выкладчыкаў БДУ, далучыўся да іх незалежнага прафсаюзу. У пачатку году на факультэце змянілася кіраўніцтва і з новым начальствам ў смелага выкладчыка этыкі адносіны так і не склаліся. «Калі дзеці загінуць пад гусеніцамі танкаў, вы ў гэтым будзеце вінаватыя», — такі папрок пачуў выкладчык ад высокапастаўленай калегі.

Дагэтуль Яраслаў здзіўляецца, чаму тая калега выключала развіццё падзей у іншым, мірным кірунку. Сам ён перакананы: калі тады хаця б палова грамадзян не маўчалі, а паступілі б паводле сумлення і паказалі сваю пазіцыю — на вуліцы, у адкрытым лісце, ці падчас страйку — сёння Беларусь ужо б крочыла у бок дэмакратыі. Пажыўшы паўгода ў Польшчы, Яраслаў стаў яшчэ большым прыхільнікам актыўных дзеянняў простых грамадзян ў абарону дэмакратычнага ладу. «У Варшаве шматтысячныя дэманстрацыі — звычайная з'ява. Грамадзяне не толькі ведаюць свае правы, але і карыстаюцца імі», — заўважае Яраслаў Кот.

«Расследаванні ByPol важныя для падтрымкі людзей ў Беларусі»

А што думае адмысловец пра дзейнасць арганізацыі былых беларускіх сілавікоў? Ініцыятыва агучвае службовыя сакрэты беларускіх сілавікоў, друкуе іхныя спісы. Ці гэта слушна і наколькі адпавядае юрыдычнай этыцы?

«Тое, што ByPol публікуе дадзеныя пра сілавікоў і іх дзейнасць, на маю думку, злачынствам не з'яўляецца. Заканадаўства на тэрыторыі Беларусі ўжо не працуе, уключна з законам аб абароне асабістай інфармацыі. Калі б актывісты, ведаючы пра пэўнае злачынства, не абнародавалі пра яго звесткі, яны б сталі саўдзельнікамі. Як ў справе забітага Рамана Бандарэнкі», — перакананы Яраслаў Кот.

Паводле Яраслава Ката, ініцыятыва былых сілавікоў выконвае тры важных функцыі: каардынуе збор доказаў злачынстваў з боку сілавікоў, якія абараняюць рэжым, цісне на рэжым знутры праз свае крыніцы і дапамагае звычайным людзям бачыць праўду пра тое, што адбываецца ў Беларусі. А гэта важна для захавання пратэстнага патэнцыялу.

«Так, у Беларусі прыхільнікі перамен пахаваліся. Гэта натуральна, бо іх запалохалі ціскам, існымі і магчымымі рэпрэсіямі. Але такіх людзей большасць, мінулыя выбары гэта ўсім паказалі. Чаго ім не хапае цяпер, дык гэта матывацыі, надзеі, каб не апускалі рукі. ByPol праз свае расследаваньні паказвае, якім ёсць рэжым насамрэч, што ён гнілы і слабы, што перамагчы яго магчыма і трэба», — мяркуе Яраслаў Кот.

«Вакол Лукашэнкі ўжо склаўся культ асобы»

Падзенне рэжыму Лукашэнкі прадказвалі ў канцы 2020 году, затым чакалі яго ўвесну 21-га, потым улетку, цяпер звязваюць надзею з увядзеннем жорсткіх эканамічных санкцый у канцы году. А што думае Яраслаў Кот адносна таго, калі ў Беларусі пачнецца рух у адваротны бок ад цяперашняга стану рэакцыі?

Прагнозы Яраслаў даваць адмовіўся, але заўважыў, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі нагадвае тое, як будуецца рэлігійная секта, дзе ў цэнтры — культ асобы.

«Чаму праз перамовы такі рэжым не сыдзе? Бо гэта секта, у якой усё пабудавана на сляпой веры, на кульце адной асобы. Вакол Лукашэнкі такі культ ужо склаўся, вакол згуртавалася невялікая купка такіх жа фанатыкаў жорсткіх дзеянняў. Логіка, аргументы, прапановы сесці за стол перамоваў на іх не дзейнічаюць, наадварот, толькі распальваюць іх варожасць, што мы цяпер і назіраем.

Што гэтаму можна проціпаставіць? Толькі нашу еднасць. Мы мусім трымацца адной пазіцыі: у нас ёсць абраны прэзідэнт — гэта Святлана Ціханоўская — і з ёй мы мусім змагацца за нашу мэту, за правядзенне новых сумленных выбараў прэзідэнта пад кантролем грамадзтва і незалежных міжнародных назіральнікаў. Калі кажуць, што гэта ўжо немагчыма, не веру. У пачатку мінулага году сітуацыя была горшая, бо тады мы не ведалі, што нас большасць. А цяпер ведаем і гэта галоўнае», — лічыць Яраслаў Кот.

Хутка шлюб

У Беларусі ў Яраслава засталіся двое малых дзяцей, якія жывуць з ягонай былой жонкай — гэтак вырашыў беларускі суд. З дзецьмі Яраслаў гадзінамі размаўляе па тэлефоне, пераконвае іх вучыць беларускую мову, з якой звязвае вялікія надзеі ў будучай дэмакратызацыі Беларусі. Дзеці, праўда, пакуль адказваюць, што «гэтая мова ім непатрэбная». «Сапраўды не бачаць перспектыў», — прызнае Яраслаў. Але бацька верыць, што прыйдзе час і яны абавязкова ўбачацца ды будуць размаўляць па-беларуску.

Сямейнае становішча Яраслава Ката хутка зменіцца. Ён і Лізавета, ягоная дзяўчына, якая прыехала з ім ў Варшаву з Мінску, плануюць неўзабаве пабрацца шлюбам. Дазвол на шлюб і ўсе патрэбныя дакументы ўжо атрыманыя, паведаміў былы выкладчык БДУ. Яраслаў з відавочным задавальненнем пераказвае гісторыю, як з ізалятару ва ўмовах звышпільнага кантролю умудрыўся перадаць на волю прапанову да Лізы рукі і сэрца. Але дэталі, як яму ўдалося гэта зрабіць, юрыст ўтойвае. «Раптам яшчэ каму такі шлях прыдасца».

У дзень, калі адбылася гэтая размова, Яраслаў і Лізавета сустракалі сяброў з Беларусі, якія прыехалі на сталае жыццё ў Польшчу і месцам жыхарства абралі Уроцлаў.