На Аршанскім фэсце адбыліся затрыманні. Абноўлена

Прычына і колькасць затрыманных — высвятляецца.

Бард Андрэй Мельнікаў выступае на адным з папярэдніх фэстаў

Бард Андрэй Мельнікаў выступае на адным з папярэдніх фэстаў

Ноччу на 5 верасня адбыліся затрыманні ўдзельнікаў Аршанскага фэсту, які традыцыйна ладзіцца ў гонар перамогі ў бітве пад Оршай 8 верасня 1514 года. Колькі чалавек затрымалі, пакуль невядома.
Дапоўнена: як паведамляе Вясна, дакладна вядома, што затрыманы Юрка Копцік.
Фэст «Аршанская бітва» ладзіцца з 1991 года. Некалі на ім прымалі прысягу на вернасць Беларусі. Адзін з самых старых фэстаў Беларусі, які апошнія дзесяцігоддзі праходзіў падпольна. Штогод за ім назіралі сілавікі.

Ва УУС Віцебскага аблвыканкама пракаментавалі інфармацыю аб затрыманні ўдзельнікаў бардаўскага фэсту «Аршанская бітва», назваўшы яе недакладнай і паведаміўшы аб трох затрыманых.

Са спасылкай на Аршанскі райвыканкам ва УУС паведамляюць, што заявак на правядзенне музычнага фэсту не паступала.

Паводле інфармацыі прэс-службы, трое жыхароў Оршы 36, 62 і 64 гадоў былі затрыманыя ўчора каля 20:00 у лясным масіве ў Аршанскім раёне.

Мужчын затрымалі супрацоўнікі міліцыі «за правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства з выкарыстаннем пратэснай сімволікі».

Іх дзеянням дадуць прававую ацэнку. Аднаго з затрыманых адпусцілі пад абавязальніцтва аб яўцы.