На маці-адзіночку з Івацэвічаў зноў завялі справу за абразу міліцыянта

На Вольгу Кронда, якая жыве ў Івацэвічах і адна гадуе дзіця, завялі новую крымінальную справу паводле 369-га артыкула за знявагу міліцыянта Івацэвіцкага РАУС Руслана Куцко, паведамляе «Радыё Свабода».

Ілюстрацыйнае фота «Радыё Свабода»

Ілюстрацыйнае фота «Радыё Свабода»


У жніўні 33-гадовую Вольгу Кронда ўжо судзілі за абразу гэтага ж міліцыянта. Справу разглядалі ў закрытым працэсе па просьбе пацярпелага. Тады падставай для пераследу сталі некалькі смайлікаў «какашка», якія жанчына пакінула пад фотаздымкам міліцыянта.
Суд пакараў яе двума гадамі хатняй «хіміі», таксама яна мусіць выплаціць сілавіку 2000 рублёў у якасці маральнай кампенсацыі.
Вольга абскардзіла гэты прысуд, але 28 верасня абласны суд пакінуў яго ў сіле.
Цяпер жанчына папрасіла суд даць ёй магчымасць выплачваць кампенсацыю міліцыянту ў растэрміноўку, бо не мае такіх грошай. Яна працуе рамесніцай, гадуе чатырохгадовую дачку.
Следчы выдаў Вользе Кронда пастанову пра абмежаванне выезду за межы Беларусі. Хаця выезд і так быў абмежаваны яшчэ ў красавіку ў сувязі з адбыццём ёю «хіміі».
Цяпер жанчына зноў з'яўляецца падазраванай у злачынстве паводле 369-га артыкула Крымінальнага кодэкса. Як гаворыцца ў дакуменце, 3 і 4 жніўня, знаходзячыся ў кватэры, праз тэлефон у тэлеграм-канале «Салідарнасць. Івацэвічы» яна размясціла публікацыі, якія «прыніжаюць гонар і годнасць асобы прадстаўніка ўлады, оперупаўнаважанага Івацэвіцкага РАУС Руслана Куцко ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў».
«Калі мне вынеслі прысуд у жніўні ў івацэвіцкім судзе, я пакінула 4 жніўня ў тэлеграм-канале зварот да гэтага Куцко і напісала, што ён „абаср...ся і абняславіўся“. 19 жніўня днём мяне з дзіцем вылавілі ў горадзе, у банку, пасадзілі ў машыну, прывезлі дадому, зрабілі ператрус. Зноў забралі тэлефон на экспертызу, — кажа Вольга. — І вось на мінулым тыдні ў сераду прыйшоў следчы з позвай на допыт у пятніцу, 8 кастрычніка».
Вольга адмовілася ад дачы паказанняў. Падчас размовы следчы не дазволіў ёй зрабіць аўдыёзапіс на тэлефон. Яна даведалася, што пакрыўджаны міліцыянт зноў напісаў на яе заяву, а 17 жніўня зрабілі экспертызу яе камэнтароў.
«Паводле экспертызы, якую праводзілі ў Брэсце, знайшлі знявагу, прыніжэнне гонару і годнасці ў слове „абаср...ся“, — кажа Вольга. — Цяпер мне сказалі праз месяц чакаць выкліку. Я ў шоку, што ён напісаў паўторную заяву. Я напісала зварот у агульным чаце, пры чым тут выкананне службовых абавязкаў? Я яму напісала як чалавеку. Я напісала, што не згодная з экспертызай, што ў слове „абаср...ся“ я не бачу знявагі і прыніжэння гонару і годнасці», — кажа Вольга Кронда.