Нацбанк стаіўся — скупляе танную валюту і асцярожна чакае развіцця падзей

Нацбанк не мае магчымасці выкарыстоўваць грошы МВФ, і танна скупляе валюту ў насельніцтва.

_hroszy___bank___infljacyja___depazit__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg

Дапамога ў валюце SDR — дапамога МВФ для змякчэння наступстваў ад пандэміі — "складаны падаруначак". Выкарыстоўваць гэтую валюту ўнутры краіны або ў разліках з асноўным крэдыторам — Расіяй — відаць, не атрымліваецца.

Новыя звесткі наконт золатавалютных рэзерваў краіны ў верасні вельмі складана адрозніць ад тых, што былі ў жніўні. Усе паказчыкі змяненняў — адрозніваюцца на дзясятыя і сотыя працэнта, піша “Кошт урада”. Пра што кажа такая стабільнасць?

Нагадаем, што ЗВР Беларусі цяпер можна падзяліць на тры асноўныя складнікі: першы — непасрэдна золата і іншыя каштоўныя металы, другая — замежная валюта і трэцяя — «падушка бяспекі», атрыманая ў выглядзе грошай, якія вылучыў МВФ у якасці дапамогі для змякчэння наступстваў ад пандэміі — SDR (Special drawing rights).

SDR — зручная валюта, каб гасіць крэдыты МВФ, але ў нас такіх крэдытаў няма. Па іншых крэдытах SDR расплачвацца складана. Вялікае пытанне, ці пагодзіцца, напрыклад, Расія прыняць гэтую валюту ў кошт пагашэння нашых даўгоў. І на заводах у SDR зарплату не выдасі. Гэтыя грошы — актыў, які добра канвертуецца, для тых краін, якія не жывуць пад санкцыямі і не з'яўляюцца на многіх рынках persona non grata.

«Прайшоў месяц, і ўсе неяк пачынаюць забываць пра мільярд SDR, што дастаўся ад МВФ. Ён нікуды не быў прададзены, даўгі ім не пагасілі, зарплату ім не раздалі. Аказалася, што рэальна прыгожая лічба пакуль — проста лічба. Яна ляжыць на рахунку, але не заўважна, каб яе спяшаліся неяк выкарыстоўваць», — адзначаюць аналітыкі.

Наконт золата ўсё зразумела: мы нічога не прадавалі, нічога не куплялі — змены хутчэй падобныя на ваганні сусветных коштаў на золата.

А што наконт валюты? Яе засталося столькі ж. І гэта пры тым, што ў верасні мы пагасілі даўгі па знешніх і ўнутраных абавязацельствах на 240 мільёнаў долараў. Значыць, былі і валютныя паступленні ў ЗВР.

А паступілі гэтыя грошы, хутчэй за ўсё, у выглядзе валюты, якую здае насельніцтва. Атрымліваецца выйгрышная сітуацыя: курс долара трымаецца стабільна нізкім, насельніцтва, у якога падаюць даходы, вымушана несці ў абменнікі свае зберажэнні. Гэтая валюта трапляе ў рэзервы дзяржавы і пасля ідзе на аплату даўгоў. Адначасова з гэтым такая сітуацыя дазваляе Нацбанку набываць валюту па нізкай цане.

«Элегантна, дуплетам, забітыя адразу два зайцы. Пацярпелымі ў гэтай сітуацыі можна лічыць толькі людзей, у якіх знікаюць накапленні», — падкрэсліваюць эксперты.

Адсутнасць руху па ЗВР паказвае, якім чынам Нацыянальны банк спраўляецца з бягучай няпростай сітуацыяй. На дадзены момант ён скупляе танную валюту, не можа падабрацца да SDR і прытрымлівае золата. Адным словам — стаіўся, і вельмі асцярожна чакае развіцця падзей.

Паводле thinktanks.by