«Нас зрабілі ворагамі народу». Былая настаўніца распавяла пра ціск у школе пасля выбараў

«Свабода» паразмаўляла з былой настаўніцай, якая звольнілася са школы праз ціск і была вымушаная пакінуць краіну. Жанчына расказала, што адбывалася ў школе летась, як прэсавалі настаўнікаў і ўсюды прыпляталі палітыку.

«Я саромелася быць настаўніцай»

Вольга (імя зменена на просьбу суразмоўцы) шмат гадоў працавала ў адной з мінскіх школ настаўніцай гісторыі. Кажа, што пасля пачатку пандэміі вясной 2020-га зразумела: у Беларусі «нічога добрага не будзе».

«У нас вельмі шмат вучняў сядзелі на хатняй адукацыі. У школу хадзілі адзінкі. Былі прапановы схадзіць на парад 9 мая, потым паўдзельнічаць у перадвыбарчай кампаніі, але я адмаўлялася, бо пачатак пандэміі паказаў стаўленне дзяржавы да жыцця чалавека. Мне не хацелася ўдзельнічаць у гэтым», — кажа Вольга.

Улетку яна была ў афіцыйным адпачынку і пра падзеі 9-11 жніўня толькі чытала. Калі пачаліся «ланцугі салідарнасьці», маршы настаўнікаў, Вольга ўжо актыўна ў іх удзельнічала.

«Летась выходзіла шмат настаўнікаў. Аднойчы мы пайшлі да Міністэрства адукацыі, пасля чаго ў мяне была размова з кіраўніцтвам. Я сказала ім: «Ведаеце, мне ўвогуле цяжка выкладаць гісторыю, гаварыць нешта дзецям. Праз тое, што адбываецца ў краіне, шмат маіх знаёмых трапіла ў кола рэпрэсій». Мне адказалі: «Праца — гэта адно, а стаўленне да людзей і сітуацыі — іншае».

Вольга ўвесь час хадзіла з белай стужкай на руцэ, вучні ведалі яе пазіцыю, настаўніца ніколі яе не ўтойвала.

«Напярэдадні навучальнага году саромелася, што я настаўніца, хоць нічога дрэннага не зрабіла. Мае сябры ўвогуле не разумелі, чаму я баюся казаць, што я настаўніца, прапрацаваўшы столькі гадоў у сістэме адукацыі. Пазіцыю многіх дзяцей я ведала, мы падтрымлівалі адно аднаго».

«Была вялікая падтрымка ад нашых выпускнікоў і ад дзяцей, у якіх я нават не выкладала»

Праз некаторы час Вольга разам з іншымі настаўнікамі запісалі відэазварот.

«У Беларусі абвясцілі забастоўку, а мы не ведалі, як на яе пайсці, і вырашылі запісаць відэа. Калі мы яго выпусцілі, была вялікая падтрымка ад нашых выпускнікоў, таксама ад дзяцей, у якіх я нават не выкладала: ты ідзеш па школе, а да цябе падыходзяць дзеці і вітаюцца. Дзякуючы відэазвароту мы аб’ядналі нават тых вучняў, якія выпусціліся шмат гадоў таму. Але быў і іншы бок медаля — стаўленне адміністрацыі».

Вольга кажа, што дакументы тых, хто ўдзельнічаў у звароце, вазілі ў Міністэрства адукацыі, але звольніць настаўнікаў проста так не маглі, бо ва ўсіх былі гадавыя кантракты.

«Яшчэ нам спрабавалі паказаць, што мы не мелі права рабіць гэты зварот, што мы руйнуем школу. Нас зрабілі ворагамі народу. Была педагагічная нарада, на якой нам зачыталі ліст, што мы не большасць і не маглі прадстаўляць гімназію. Пад ім не было подпісаў. Пасля выхаду відэазвароту я адчула ўсю «прыгажосць» сістэмы. Са мной пачалі размаўляць крыкам. Калі ты ідзеш, вітаешся, а адміністрацыя люта глядзіць, можа штосьці гаркнуць у адказ».

«У нас да цябе прэтэнзій няма, але нам не падабаецца твая пазіцыя»

Адміністрацыя школы пачала наведваць заняткі тых, хто паўдзельнічаў у звароце, кажа Вольга.

«Такое напружанне было доўгі час. Наш калега быў на «сутках», пасля чаго ён звольніўся «па згодзе бакоў», бо з артыкулам 23.34 табе працаваць у сістэме ніхто не дазволіць. Мы адчувалі, што з намі ўсімі нешта будзе. Пачалі вышчамляць па адным. Спачатку давялі адну настаўніцу, пасля другую. Гэта былі людзі, якія займалі прызавыя месцы на конкурсах і шмат чаго рабілі. Потым узяліся за мяне».

Вольга была адной з 800 чалавек, якія падпісалі петыцыю настаўнікаў-гісторыкаў у абарону бел-чырвона-белага сцяга.

«Мяне выклікалі ў кабінет дырэктаркі, якой тады не было. У мяне адабралі тэлефон і пачалі зачытваць петыцыю, якую я падпісала. Мне прачыталі верш Максіма Танка, на што я адказала: «Прабачце, гэта ж Танк, мы яго вывучаем, ён у падручніках ёсць». Кіраўніцтва пачало прымушаць, каб я звольнілася сама. Калі я спытала, што ім не падабаецца ў маёй працы, мне сказалі: «У нас да цябе прэтэнзій няма, але нам не падабаецца твая пазіцыя».

Настаўніца адмовілася пісаць заяву і выйшла на працу.

«У школе хадзілі чуткі, што мной цікавяцца, бо пасля размовы з кіраўніцтвам на мяне напісалі характарыстыку; таксама прымусілі пісаць тлумачальную ў Следчы камітэт наконт нашага відэазвароту. Я ведаю, што мой інстаграм праглядалі (профіль быў не схаваны), у мяне былі фатаздымкі з акцый. Улічваючы, што я працавала з дзецьмі, маглі «павесіць», што я іх агітавала».

Пасля гэтага Вольга выехала з краіны.

«Пасля школы я прыйшла дамоў, сказала маці: «Памятаеш, я казала, што калі мяне звольняць, то, напэўна, я з'еду. Дык вось, прыйшоў момант». У мяне было два дні, каб сабраць рэчы. Звальнялася я па факце, даслала свой фатаздымак з заявай. Кіраўніцтва казала, што я не маю права звольніцца па згодзе бакоў, яны напісалі скаргу, што я прагуляла».

Жанчына кажа, што больш не магла працаваць пад такім ціскам.

«Мяне пастаянна выклікала адміністрацыя не па прафесійных пытаннях, а за маю пазіцыю. Аднойчы адчытвалі за фатаздымак дзяцей з Дня роднай мовы ў лютым 2019-га, дзе яны стаялі ў вышыванках белага і чырвонага колераў. Мне тады сказалі, што гэта прапаганда, я адказала: «Прабачце, але я сшыткі правяраю чырвонай асадкай па белай паперы». І яны разумелі, што я маю ў многіх пытаннях рацыю, і проста не ведалі, да чаго прычапіцца».

Вольга прызнаецца, што ёй было крыўдна кідаць працу, бо яна любіла яе і сваіх вучняў.

«Сумна, што кінула дзяцей, не давучыўшы. Але, як мне яны сказалі: «Лепш вы будзеце дзесьці там, чым будзеце сядзець у турме ў Беларусі. Мы вас разумеем і спадзяёмся, што вы ў нашае жыццё вернецеся». У мяне былі вельмі файныя вучні».

«Калі б усе настаўнікі выконвалі сумленна сваю працу, таго, што адбылося ў жніўні, не было б»

Жанчына цяпер вельмі ўражаная тым, што адбываецца з беларускай школай.

«Улады ўпусцілі, што цяперашняе пакаленне дзяцей вельмі разумнае, яны не будуць верыць у тое, што мы ім гаворым, бо вельмі крытычна ўсё асэнсоўваюць. Калі ты кажаш дзецям, што ім трэба рабіць, яны задаюць шмат пытанняў, ставяць у няёмкае становішча. Не кожны настаўнік гэта вытрымае».

Суразмоўца кажа, што катэгарычна супраць міліцыі і святароў у школе.

«Калі дзіцяці з малодшага ўзросту пачынаюць даваць рэлігійную падрыхтоўку без яго згоды, гэта можа зламаць яму жыццё».

Вольга кажа, што цяпер на месцы звольненых выкладчыкаў прыходзяць студэнты трэціх курсаў, ад гэтага падае ўзровень адукацыі.

«Тое, што цяпер робяць са школай, — гэта вельмі дурны крок. Дзецям немагчыма ўкласці ў галаву тое, што яны [улады] хочуць. Немагчыма прымусіць любіць дзяржаву пасля таго, што адбылося. Трэба разумець, што калі мы будзем паўсюль вешаць дзяржаўную сімволіку, гэта таксама не прывядзе да патрыятызму».

Вольга лічыць, што засталіся цяпер працаваць у школе людзі дзьвюх катэгорый: смелыя, сумленныя настаўнікі, якія працягваюць змагацца з нечалавечымі ўмовамі, і тыя, хто заўжды маўчаў.

«Калі другую катэгорыю накіроўвалі кудысьці, яны нылі, як усё дрэнна, заробак малы. Калі б не маўчалі, магчыма, не было б падзей 2020 году. Калі б усе настаўнікі выконвалі сумленна сваю працу, таго, што адбылося ў жніўні, не было б. Мы можам абмяркоўваць праблемы недзе ў кулуарах, дома на кухні, а сапраўды штосьці зрабіць? Усё залежыць толькі ад нас, ад нашага стаўлення. Так, цяжка, але калі мы будзем салідарныя, будзем падтрымліваць адно аднаго і сапраўды рабіць так, як трэба, а не так, як нам кажуць, тады і будзе нейкі сэнс ад таго, што адбываецца».

Цяпер Вольга жыве за мяжой, паступіла там у аспірантуру, піша навуковую працу. Жанчына ўпэўненая, што атрымае цікавы досвед, які потым спатрэбіцца ў новай Беларусі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: