Настаўніцу звольнілі за «здзяйсненне амаральнага ўчынку» — за ўдзел у пратэстах

Настаўніцу вышэйшай катэгорыі Таццяну Брыч звольнілі з сярэдняй школы №3 г. Белаазёрска за «здзяйсненне амаральнага ўчынку».

Запіс у працоўнай кніжцы Таццяны Брыч

Запіс у працоўнай кніжцы Таццяны Брыч

Звольнілі белаазёрскую настаўніцу, за якую заступаліся вучні. Як распавяла «Першаму рэгіёну» Таццяна Мікалаеўна Брыч, яе звольнілі 31 сакавіка.

«Сёння ўжо ў школу не пусцілі. Я ж хварэла, прынесла бальнічны. Звольнілі на бальнічным, сказалі, што па гэтым артыкуле можна», — распавяла Таццяна Мікалаеўна.

Да гэтага ў настаўніцы рускай мовы і літаратуры не было аніякіх заўваг і вымоў.

Падставай для звальнення сталі адміністрацыйныя спагнанні, якія Таццяна Брыч атрымала ў канцы мінулага года.

«9 снежня суд даў мне 30 базавых штрафу па двух пратаколах — удзел у масавай акцыі і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Яшчэ ранейшая дырэктарка казала, што ад яе патрабавалі мяне звольніць паводле артыкула 47 Працоўнага кодэкса за амаральныя паводзіны», — распавяла настаўніца.

У апошні час, кажа Таццяна Мікалаеўна, ёй прапаноўвалі напісаць заяву па ўласным жаданні, але яна адмаўлялася.

«Я сказала, што не збіраюся звальняцца. У мяне не было такога жадання. Абяцалі нават, што возьмуць у цэнтр творчасці. Я сказала: дзе логіка — мяне цяпер звальняюць, прыбіраюць ад дзяцей, таму што я нібыта не магу выконваць выхаваўчыя функцыі, а тут дапусцяць да дзяцей.

Самае вялікае пытанне, што пасля майго "амаральнага ўчынку" чатыры месяцы думалі і я працавала з дзецьмі», — кажа Таццяна Брыч.

Настаўніца распавяла, што 23 сакавіка ў школу прыязджаў пракурор Бярозаўскага раёна Аляксандр Круцько.

«Прыехаў менавіта да нас. Праводзіў з настаўнікамі сход. Спачатку распавядаў аб махлярстве ў інтэрнэце. Потым сказаў, што настаўнікаў, якія ўдзельнічалі ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, трэба прасіць пісаць заявы па ўласным жаданні, альбо звальняць па артыкуле 47 Працоўнага кодэкса.

Я адразу зразумела, што гэта меседж у мой бок. Не стала падымаць шум на сходзе і пайшла да яго на прыём у кабінет дырэктара. Тым больш, што напярэдадні за мной у школу прыязджалі, каб адвезці на прафілактычную гутарку да пракурора. Я тады адмовілася, таму што ў мяне былі ўрокі.

Я сказала пракурору, што мне крыўдна чуць абвінавачанні ў амаральных паводзінах. Яны ўсё гэта звязалі з Кодэксам адукацыйным, што настаўнік павінен падзяляць ідэалогію дзяржавы», — распавяла настаўніца.

Таццяна Брыч кажа, што ў дадзены момант пакуль знаходзіцца ў шоку і яшчэ не думала пра тое, кім працаваць. Наконт рэпетытарства яна таксама не задумваецца, тым больш, што ўжо канец навучальнага года. У Таццяны Мікалаеўны дарослая дачка, жыве асобна. Муж звольненай настаўніцы працуе — пакуль ёй давядзецца разлічваць на мужа.


Таццяна Мікалаеўна Брыч адпрацавала ў школе ў Белаазёрску 24 гады, агульны стаж — 26 гадоў. Яна — настаўнік вышэйшай катэгорыі. У лістападзе на яе склалі пратакол за масавую акцыю, а затым судзілі, як і некаторых іншых людзей, хоць яны заяўлялі, што на плошчы ў Белаазёрску не ладзілі масавую акцыю, а з тортам і гарбатай адзначалі Дзень нараджэння сяброўкі.

Супрацоўнікі міліцыі прыязджалі нават і забіралі Таццяну Брыч са школы проста падчас урокаў. Затым у інтэрнэце былыя вучні запусцілі флэшмоб у падтрымку настаўніцы: публікавалі сэлфі са словамі падтрымкі ў яе адрас.

Паводле 1reg.by. Пераклад НЧ