Збіццё і несувымерныя тэрміны: маці патрабуюць справядлівага прысуду

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска адбываецца масавы працэс аб збыце наркотыкаў, па справе праходзяць 13 чалавек. У рэдакцыю «Новага Часу» звярнулася маці аднаго з падсудных, каб распавесці пра тое, што адбываецца за дзвярыма закрытых судовых пасяджэнняў.

prison_553836_1280.jpg

«Не ведаю, ці дачакаюся сына»

Як распавяла спадарыня Ірына (жанчына пакуль не хоча называць сваё прозвішча), яе сына і яшчэ 12 чалавек судзяць паводле чацвёртай часткі 328 артыкула Крымінальнага кодэкса. Фігурантаў абвінавачваюць у збыце наркатычных рэчываў у складзе арганізаванай злачыннай групы (АЗГ). Але, як сцвярджае жанчына, большасць з падсудных не ведалі адзін аднаго да суда.

— Людзей пахапалі ў Мінску, Мінскім раёне, Жодзіне, іх проста сабралі і падаюць гэта так, нібыта яны разам працавалі. Адзінае, там разам працавалі дзве пары — хлопцы з дзяўчатамі, і яшчэ двое хлопцаў. Астатнія — адзіночкі, — распавяла жанчына.
Яна мае падазрэнне, што на лаву падсудных трапілі і выпадковыя людзі.
— Кагосьці затрымлівалі напрыканцы 2018 года, кагосьці ў лютым 2019 года, кагосьці ў сакавіку 2019-га. З некаторымі праводзілі аператыўны эксперымент: чалавека затрымалі з наркотыкамі, узялі яго тэлефон і з яго акаўнта пачалі правакаваць людзей. Чалавек сем па гэтым эксперыменце прыцягнулі. Пасля затрымання сына нават мне сталі прыходзіць СМС-кі: «Хочаш зарабляць ад 150 долараў у дзень?»
Жанчына тлумачыць, што падчас эксперыментаў аператыўнікі робяць фальшывыя закладкі: у пакеты насыпаюць муку, пясок, хаваюць іх і недалёка ад хованкі чакаюць чалавека, які «клюнуў» на прынаду. Калі ён прыходзіць, яго затрымліваюць. Пасля небарака трапляе на лаву падсудных і яму прад’яўляюць абвінавачванне, нібыта ён браў сапраўдныя наркотыкі, а не муляж.
Па словах Ірыны, з фігурантаў справы выбівалі прызнанні. Адзін хлопец пасля такога допыту трапіў у траўматалогію, другі — у хірургічнае аддзяленне і потым сказаў маці, што за шклянку вады падпісаў усё, што яны хацелі. Таксама падсудныя казалі, што іх запалохвалі, забаранялі казаць пра збіццё.
— Майго сына білі. Б’юць прафесійна — ныркі, печань, селязёнка — так, каб не было сінякоў. Але ён не мог ім нічога сказаць, бо нічога не ведаў, — распавяла суразмоўца. — Хлопцы расказвалі, што апраналі пакет на галаву — душылі. Ёсць яшчэ адно катаванне — я нават не ўяўляю, як гэта адбываецца — бутэльку ў рот пхаюць.
Сына Ірыны затрымалі з сябрам у Мінскім раёне, дзе яны здымалі пакой. Трое сутак яна не ведала, дзе знаходзілася яе дзіця і што з ім адбывалася. З сакавіка малады чалавек пад следствам. Яго нават не адпусцілі на развітанне са старэйшым братам, якога не стала летась у жніўні.
Жанчына звяртае ўвагу: з моманту затрымання прайшоў амаль год, на судзе сведкі-аператыўнікі выдатна памяталі, колькі пакункаў з забароненым рэчывам, якіх колераў і памераў яны бачылі, але не могуць узгадаць нічога пра затрыманых: у якім становішчы яны знаходзіліся, ці былі збітыя.
— Тыя аператыўнікі за гэты час сталі займаць больш высокія пасады: начальнік аддзела, намеснік начальніка аддзела. З раёна многіх перавялі ў Мінск. Яны раскруцілі вялікую справу і атрымалі свае званні і «зоркі», а тое, што справа не вытрымлівае ніякай крытыкі, іх не хвалюе, — абураецца жанчына.
Па яе словах, шмат пытанняў і да іншых сведак: адзін з пятага паверха ўбачыў, што нейкі чалавек ля слупа закапаў пяцісантыметровы скрутак. Праўда, быў гэта мужчына ці жанчына — не ўбачыў. Другі сцвярджаў, што спалохаў групу маладзёнаў, якія шукалі нешта ў снезе, пасля сам знайшоў нейкую трубачку. Праўда, быў упэўнены, што гэта адбылося ў дзень нараджэння яго зяця — 24 лютага, а ў пратаколе апытання ўказана, што 18-га.
Ірына распавядае, што абвінавачванне ў працэсе спрабуе паказаць, нібыта фігуранты справы ведалі адзін аднаго, і кожны з іх выконваў сваю функцыю. Да АЗГ іх адносяць на той падставе, што раней у Кіеве затрымалі «вярхушку» інтэрнэт-крамы, якая распаўсюджвала забароненыя рэчывы. Але гэта яшчэ не значыць, што фігуранты справы дзейнічалі ў складзе групы. Яны прызнаюць, што працавалі на гэтую краму, але кожны — аўтаномна. У матэрыялах справы няма ніякіх пацвярджэнняў і сведчанняў адваротнага, затое вельмі шмат «неўстаноўленых» асоб і месцаў. Адзін з супрацоўнікаў аддзела аналітычнай разведкі, які працаваў з кожным фігурантам і таксама выступаў сведкам у працэсе, сам заявіў, што няма падстаў судзіць маладых людзей па чацвёртай частцы «наркатычнага» артыкула.  
— Ён сказаў пракурору: «А што вы так перажываеце? Ну асудзяць па трэцяй частцы — ад шасці да 15 гадоў». Але ім начальства загадала ўсіх па чацвёртай частцы судзіць, хаця там яе няма. Можа, у іх план быў на 2019 год — колькі павінна быць асуджана па гэтай частцы?.. Чаму ў нашай краіне чалавек адпачатку лічыцца вінаватым, і ён павінен даказаць адваротнае, хаця паводле прэзумпцыі невінаватасці так быць не павінна? Паралелі з 1937 годам, калі людзі падпісвалі сабе смяротныя прысуды і даносілі на іншых, — рэзюмуе жанчына.  
Яна разважае пра тое, што на лаве падсудных маладыя людзі аказваюцца не ад добрага жыцця. Так, яе сын паўгода не мог знайсці працу. Апошняй кропляй сталі фінансавыя пралемы сябра, які казаў, што накладзе на сябе рукі, бо мае шмат пазык. Сын Ірыны пагадзіўся дапамагчы таварышу. Усё яго «злачынства» — гэта некалькі фатаграфій гарадскога асяроддзя, якія ён зрабіў на свой тэлефон. За гэта яму цяпер пагражае ад 10 да 20 гадоў пазбаўлення волі.
— Я разумею, калі чалавек вінаваты, няхай ён адкажа за гэта, раз парушыў закон. Хай панясе пакаранне за тое, што зрабіў, але не за чыюсьці пасаду ці кватэру. Я лічу, што няправільна рабіць так, як робяць нашыя супрацоўнікі органаў унутраных спраў, — перакананая суразмоўца.
Родныя падсудных абураюцца тым, што адбывалася падчас следства і працягваецца ў ходзе судовых пасяджэнняў. Яны кажуць, што гэта — ледзьве не знішчэнне нацыі: маладых, здаровых, актыўных людзей ад 20 да 40 гадоў адпраўляюць у турмы. У прыватных размовах маці падсудных кажуць, што яшчэ шмат чаго могуць распавесці, але ва ўмовах, калі правасуддзе далёкае ад справядлівасці, а супрацоўнікі сілавых структур часта перавышаюць паўнамоцтвы і адчуваюць сябе беспакаранымі, яны баяцца называць імёны і казаць пра падрабязнасці справы. Да таго ж некаторыя бацькі катэгарычна супраць асвятлення працэсу ў СМІ, паколькі баяцца агалошвання.

— Мне 55 гадоў, і я не ведаю, ці дачакаюся свайго сына. Але вы абавязкова напішыце, што я прашу ў Госпада даць здароўя ўсім аператыўнікам, следчым, тым, хто катаваў майго сына і іх дзецям. Але таксама прашу, каб яны прайшлі праз тое, праз што праходжу я. І хай яны ведаюць — гэта будзе, мацярынская малітва вельмі моцная. Ёсць суд чалавечы, а ёсць — Божы, — скрозь слёзы кажа на развітанне Ірына.

«Ёсць інфармацыя, што сын ляжаў у траўматалогіі»

Маці яшчэ аднаго фігуранта справы, Валянціна, распавядае, што яе сына затрымалі падчас эксперыменту. Яго ўзялі з муляжом і пры затрыманні моцна збілі.— Яго справакавалі, і цяпер прад’яўляюць чацвёртую частку. Адвакат у нас бясплатны, бо я не ў сілах аплочваць, але і яна просіць, каб замянілі на першую частку, паколькі гэта быў эксперымент. А пракурор запрасіла 11 гадоў. Гэта вельмі вялікі і неспрпавядлівы тэрмін.
Жанчына выхоўвала дзяцей адна — мужа забілі. Яна кажа, што калі нехта з блізкіх доўга не выходзіць на сувязь, у яе пачынаецца паніка і яна абтэлефаноўвае шпіталі, моргі, міліцыю… Так яна даведалася пра затрыманне сына.
— Цяпер ім амаль па 30 гадоў, і калі ўлічыць тэрміны, якія для іх просяць, кім яны выйдуць? У іх ні будучыні, нічога. Нашыя дзеці трапляюць у гэта не дзеля сябе ці сваёй выгады, а праз жаданне дапамагчы іншым, — разважае Валянціна. 
Па яе словах, нават запрошаныя на працэс аналітыкі сумняваюцца ў тым, што маладыя людзі дзейнічалі ў складзе арганізаванай групы. Безумоўна, маладзёнаў варта пакараць, «каб не лезлі, куды не трэба, і думалі», але не такімі тэрмінамі.
 Мой сын ішоў на закладку разам з адным хлопцам — той быў за кампанію. Іх затрымалі разам, але таго хлопца пасля трох сутак выпусцілі — ён быў як чорны яблык ад збіцця. І калі мы спыталі, як выглядае наш Андрэй, ён сказаў, што ў яго прабітая галава. У нас ёсць інфармацыя, што ён ляжаў у траўматалогіі, але дакументальна пацвердзіць гэта мы не можам, паколькі пракурор адмовілася даслаць туды запыт.
Сына Валянціны затрымалі год таму, і за час знаходжання пад вартай у яго былі праблемы са здароўем — балелі зубы, але ўрача да яго так і не выклікалі. Таксама адмаўляліся прымаць некаторыя лекі і гігіенічныя сродкі.
Валянціна не апраўдвае тых, хто трапляе на лавы падсудных праз наркотыкі, але перакананая, што маладыя людзі ідуць на гэта праз адсутнасць годных заробкаў. У гэтым ёсць і віна кіраўніцтва дзяржавы, кажа жанчына. 

Адвакат: «Абвінавачванне будуецца выключна на меркаваннях»

«Новаму Часу» ўдалося паразмаўляць з адным з адвакатаў, які ўдзельнічае ў працэсе. Паводле яго словаў, абвінавачванне, якое выстаўляе фігурантам пракурор, празмернае. У матэрыялах крымінальнай справы адсутнічаюць доказы складу часткі чацвёртай артыкула 328 Крымінальнага кодекса.
Праваахоўнікі ўстанавілі інтэрнэт-крамы, якія арганізуюць збыт наркатычных сродкаў на тэрыторыі нашай краіны. Але кіраўніцтва гэтых крам звычайна знаходзіцца за межамі. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі кур’ераў, якія знаходзяцца на канцы ланцужка. Звычайна гэта выпадковыя маладыя людзі, без жыццёвага вопыту, якія праз сваю няўважлівасць пагаджаюцца на прывабныя прапановы працы. Мала хто з іх ведае пра адказнасць паводле дзвюх частак артыкула 328: трэцяй — за збыт і чацвёртай — за збыт у складзе арганізаванай злачыннай групы. У першым выпадку пакаранне ад 6 да 15 гадоў, у другім — ад 10 да 20.
Па словах адваката, практыка прыцягнення дробных кур’ераў да адказнасці бывае вельмі неадназначнай: усё залежыць ад канкрэтных абставін, кваліфікацыі здзейсненага, здабытых доказаў, асобы абвінавачанага і гэтак далей.
Асаблівасць сітуацыі ў тым, што сярод затрыманых маладых людзей, так званай арганізаванай злачыннай групы, толькі некалькі чалавек ведаюць адзін аднаго. Большасць з іх убачыліся ўпершыню на судзе. У абвінавачванні распісаныя ўсе іх функцыі, а таксама функцыі неўстаноўленых арганізатараў. Але яно будуецца выключна на меркаваннях, а матэрыяламі справы не пацвярджаецца. Усе фігуранты справы прызнаюць віну, але не ў тым аб’ёме, які ім прад’яўляецца, кажа адвакат.
Ён спадзяецца на законны і справядлівы прысуд.
— Калі яны паедуць адбываць пакаранне ў папраўчую калонію, то будуць там мець зносіны з іншымі асуджанымі, у тым ліку з сапраўднымі злачынцамі. І доўгі час знаходжання ў такіх установах ім на карысць не пойдзе, — падсумоўвае юрыст.
Прысуд па справе будзе абвешчаны 23 сакавіка.