Нельга дазваляць страху перад ракам кіраваць нашым жыццём

Сёння спаўняецца два гады, як адышоў у Вечнасць наш галоўны рэдактар Аляксей Кароль. Напярэдадні яго дачка Ірына Віданава паразмаўляла з доктарам Элэйн Лім з Сінгапурскага нацыянальнага анкалагічнага цэнтра. Яна лячыла Аляксея ў чэрвені-верасні 2015 года і зрабіла ўсё, каб яго апошнія дні прайшлі годна.

img_2179_1_logo.jpg

 

Доктар Элэйн Лім з’яўляецца практыкуючым доктарам і адным з вядучых спецыялістаў па раку лёгкіх, праводзіць лабараторныя даследаванні ў Інстытуце генома Сінгапура і Інстытуце малекулярнай і клеткавай біялогіі, а таксама ўдзельнічае ў клінічных эксперыментах. Чытачам “Новага часу” яна распавядае пра рэвалюцыйныя прарывы ў лячэнні ракавых захворванняў, адносіны паміж доктарам і пацыентам, а таксама пра тое, ці варта жыць у страху перад ракам, і што рабіць, калі пастаўлены страшны дыягназ.

doktor_lim.jpg

Доктар Элэйн Лім


Я памятаю, як прааналізаваўшы вынікі ПЭТ-сканавання, якія ўказвалі на метастазы, вы паведамілі нам, што не зможаце вылечыць бацьку, але зробіце ўсё магчымае, каб павялічыць працягласць і якасць ягонага жыцця. Гэта былі шокавыя навіны, аднак вельмі хутка ў Сінгапуры мы зразумелі, наколькі гэта было каштоўным. Што разумецца пад якасцю жыцця ў дачыненні да ракавага пацыента?

— Пад якасцю жыцця мы разумеем максімальна магчымае змяншэнне трывожных сімптомаў, такіх як боль, дыхавіца ці кашаль. Калі ў лёгкіх збіраецца вадкасць, то можна ўставіць трубку, каб вывесці вадкасць, і пацыенту становіцца лягчэй дыхаць. Ці, напрыклад, з дапамогай лячэння мы дамагаемся змяншэння пухліны, якая цісне на нерв і выклікае дыскамфорт. Існуюць апіятныя прэпараты, якія ўсмоктваюцца праз скуру, а значыць пацыенту не трэба глытаць лішнія таблеткі. Мы імкнёмся забяспечыць пацыентам годнае жыццё, у якім ёсць месца не толькі пакутам, але і радасцям.

Бацька быў гісторыкам і рэдактарам, дапытлівым ад прыроды. Ён хацеў зразумець, што з ім адбываецца, і задаваў вам і вашым студэнтам безліч пытанняў. Вы заўжды вельмі па-чалавечы адгукаліся і адказвалі на ўсе яго і нашы пытанні, знаходзячы зразумелыя фармулёўкі. Паміж вамі, доктарам, і бацькам, вашым пацыентам, не было бар’еру. Вы ні разу не сказалі, што нешта было занадта складаным, каб патлумачыць неадмыслоўцу. Бацька меў права ведаць. І гэта, бадай, было самым вялікім адрозненнем паміж нашым досведам у Беларусі і ў Сінгапуры. Гэта дапамагло пераадольваць страх і падтрымлівала дух, нягледзячы на тое, што рак не адступаў. Якую ролю грае камунікацыя паміж доктарам і пацыентам у іх агульным змаганні з хваробай?    

Я за тое, каб паведамляць дыягназ. Гэта дазваляе растлумачыць схему лячэння і падрыхтаваць пацыента да таго, што яго чакае. Я хачу, каб мае пацыенты спадзяваліся на лепшае, але былі гатовымі да горшага. Таму камунікацыя павінна быць адкрытай.

Аднак будучы адкрытым, інфарматыўным і зразумелым, доктар мусіць адчуваць свайго пацыента і не зламіць ягоны дух. Мастацтва быць доктарам заключаецца і ў тым, каб знайсці тонкую грань, як распавесці пацыенту пра сітуацыю рэалістычна, але пры гэтым падтрымаць і падбадзёрыць яго.

Тут праходзіў лячэнне Аляксей Кароль

Тут праходзіў лячэнне Аляксей Кароль


— У апошні час было даволі шмат навінаў пра дасягненні ў лячэнні ракавых захворванняў, асабліва ў галіне імунатэрапіі. Патлумачце, калі ласка, як гэта працуе і чым гэты метад адрозніваецца ад традыцыйных?

— Імунатэрапія знаходзіцца ў цэнтры ўвагі анколагаў ва ўсім свеце і выклікае надзвычай высокую цікаўнасць.

Медычныя даследаванні дапамаглі нам значна лепш разумець рак і як яго лячыць. Выяўленне спецыфічных малекулярных змяненняў рака і выпрацоўка лячэння, скіраванага на гэтыя малекулярныя змяненні, сталі сапраўднай рэвалюцыяй у тэрапіі рака, у тым ліку рака лёгкіх. Аднак высокая малекулярная разнастайнасць рака з’яўляецца сур’ёзным выклікам для таргетнага лячэння.

У імунатэрапіі зусім іншы прынцып. Тут выкарыстоўваецца натуральная перавага імуннай сістэмы, а менавіта яе здольнасць вызначаць і атакаваць ракавыя клеткі, незалежна ад іх малекулярнай разнастайнасці.

Традыцыйныя хіміятэрапія і прамянёвая тэрапія, умоўна кажучы, менш пераборлівыя, што тычыцца наступстваў іх уздзеяння на клеткі. Яны адначасова забіваюць як ракавыя (“дрэнныя”), так і здаровыя (“добрыя”) клеткі. Гэта выклікае шырока вядомыя пабочныя эфекты, такія як млоснасць, ваніты, выпадзенне валасоў і г.д. Малекулярна-таргетныя лекі і імунатэрапія таксама маюць пабочныя эфекты, але яны іншыя па сваёй прыродзе і, як правіла, менш знясільваючыя для пацыента.

Імунатэрапія ўключае ў сябе некалькі аспектаў, у тым ліку монакланальныя антыцелы, вакцыны і Т-клеткі, сканструяваныя з хімернымі рэцэптарамі антыгенаў. Найбольшы інтарэс і спадзяванні звязаныя з так званай “імуннай блакадай кантрольных кропак” (immune checkpoint blockade). Гэта там, дзе пухлінныя клеткі блакуюць імунныя клеткі праз узаемадзеянне адпаведных малекул клеткавай паверхні. Імунная блакада кантрольных кропак разбурае гэтае ўзаемадзеянне і імунная сістэма працягвае працаваць у звычайным рэжыме, то бок сама знаходзіць і ліквідуе пухлінныя клеткі.

Светлыя калідоры Сінгапурскага нацыянальнага
анкалагічнага цэнтра

Светлыя калідоры Сінгапурскага нацыянальнага анкалагічнага цэнтра


— Колькі прыблізна часу праходзіць ад моманту вынаходніцтва новых прэпаратаў ад рака да іх з’яўлення на рынку і шырокага выкарыстання?

— Звычайна каля 12-15 год. Перспектыўным лекам, што прайшлі даклінічныя выпрабаванні, спачатку трэба надаць форму, у якой яны могуць ужывацца чалавекам, паводле такіх параметраў як растваральнасць, біядаступнасць і шэрагу іншых. Затым адбываюцца тры фазы клінічных выпрабаванняў, падчас якіх тэсціруецца бяспека лекаў (пабочныя эфекты), разлічваюцца дозы, вымяраецца эфектыўнасць (уплыў лекаў на памер пухлін) і выжывальнасць пацыентаў. Потым лекі зацвярджаюцца нацыянальнымі органамі аховы здароўя.

Зараз пацыентаў для клінічных выпрабаванняў сталі адбіраць на аснове іх малекулярных профіляў. У лабараторыях таксама ўдасканальваюцца метады скрынінгу і адбору патэнцыйных лекаў. Усё гэта дазваляе скараціць час паміж вынаходніцтвам новых прэпаратаў і іх запускам у вытворчасць ды шырокае выкарыстанне.

— Дзякуючы дасягненням навукі і медыцыны, змяншаецца смяротнасць і павялічваецца працягласць жыцця ракавых пацыентаў. Але пры гэтым статыстыка ўказвае на агульны рост анкалагічных захворванняў. Чаму так адбываецца?

— Тут два пытанні: ранняя дыягностыка і прагрэс у лячэнні на больш позніх стадыях. Для шэрагу ракавых захворванняў існуюць эфектыўныя метады скрынінгу насельніцтва. Напрыклад, для раку шыйкі маткі — мазок, раку малочнай залозы — мамаграфія, раку тоўстай кішкі — калонаскапія. Гэтыя віды раку паддаюцца ранняй дыягностыцы і ранняму ўмяшальніцтву — адпаведна, і вынікі тут выдатныя.

Аднак далёка не для ўсіх відаў раку існуюць такія тэсты і метады дыягностыкі.

Гледзячы на іншы канец спектру ракавых захворванняў ужо на позніх стадыях, мы пачынаем усведамляць, што неабавязкова цалкам выкараняць пухліну, каб павялічыць працягласць жыцця і значна мінімізаваць сімптомы. У гэтым дапамагаюць малекулярна-таргетныя прэпараты і імунатэрапія. Тут сапраўды здзейснены прарыў і ёсць чаму радавацца, аднак трэба памятаць, што не кожны пацыент станоўча рэагуе на гэтыя прэпараты, а таму нашы чаканні павінны быць утаймаванымі.

10_news_challengers_v4.jpg


Гэта новая рэчаіснасць мае двайны эфект. З аднаго боку, многім яна дае надзею, што рак — гэта не смяротны вырак. З іншага, частка людзей пачынае ўспрымаць гэту хваробу як нешта непазбежнае і жыве ў страху. Якім, на ваш погляд, павінна быць здаровае стаўленне да рака? Як захаваць баланс паміж усведамленнем рызыкаў і асалодай ад жыцця?

— Да гэтага часу мы дакладна не ведаем, чаму адны людзі хварэюць на рак, а іншыя — не. Аднак нельга дазваляць страху перад гэтай хваробай кіраваць нашым жыццём і руйнаваць яго.

Я заклікаю ўсіх рабіць кантрольныя аналізы і тэсты, пра якія казала вышэй. Калі ж дыягназ пастаўлены на позняй стадыі, то я бы раіла прывесці ў парадак свае асабістыя і прафесійныя справы, сфакусавацца на плане лячэння і пастарацца заняць пазіцыю, што вы валодаеце сітуацыяй, а не наадварот.

Паколькі медыцынская навука развіваецца вельмі хутка, у ракавых пацыентаў ужо зараз значна больш шансаў жыць жыццём максімальна набліжаным да нармальнага. Калі трымаеш у галаве такі падыход да праблемы, то пачынаеш пачувацца больш упэўнена!  

singapore_general_hospital_280.jpg


Ці існуе такая рэч, як прафілактыка рака? Што чалавек можа зрабіць, каб знізіць рызыкі захварэць на рак? Ці адыгрывае тут ролю модны зараз здаровы лад жыцця?

— Некаторыя віды рака паддаюцца прафілактыцы. Звычайна гэта тыя, якія звязаныя з ужо вядомымі вірусамі. Напрыклад, робіцца вакцынацыя ад віруса папіломы чалавека, каб прадухіліць рак шыйкі маткі, і ад віруса гепатыта B, каб прадухіліць рак печані.

Пакуль няма адназначных доказаў таго, што здаровае харчаванне прадухіляе рак. Аднак трэба сачыць за сваёй вагой і пазбягаць атлусцення. Вага ўплывае на агульны стан здароўя чалавека, які ўключае ў сябе і сардэчна-судзінкавую сістэму, а таму правільнае харчаванне і фізічныя нагрузкі з’яўляюцца вельмі важнымі. Зараз ужо дастаткова дадзеных, якія ўказваюць на тое, што некаторыя віды рака сапраўды звязаныя з атлусценнем. Пра шкоду палення ўжо ўсе ведаюць. І кінуць паліць можа кожны. Гэта пытанне самадысцыпліны!

Слоган: Пацыенты знаходзяцца ў цэнтры ўсяго, што мы робім

Слоган: Пацыенты знаходзяцца ў цэнтры ўсяго, што мы робім

Калі чалавеку ставяць дыягназ "рак лёгкіх", што трэба рабіць, каб павялічыць шансы на паспяховае лячэнне? Ці варта заўжды спрабаваць атрымаць альтэрнатыўнае меркаванне, альбо пацыенту трэба даверыцца свайму доктару і дзейнічаць як мага хутчэй?

— Пасля таго, як пастаўлены дыягназ на аснове біяпсіі, трэба вызначыць стадыю захворвання. Гэта робіцца з дапамогай кампутарнай тамаграфіі ці, яшчэ лепш, ПЭТ-сканавання. Калі рак знаходзіцца на ранняй стадыі, то гэта, часцей за ўсё, азначае хірургічнае ўмяшальніцтва і аперацыю, пасля якой назначаецца хіміятэрапія ці прамянёвая тэрапія. Калі ёсць метастазы, то праводзіцца малекулярнае прафіляванне пробы біяпсіі, каб паглядзець, ці існуюць для дадзенага віду змяненняў клетак малекуларна-таргетныя прэпараты. Альбо прызначаецца імунатэрапія. Некаторыя анкалагічныя цэнтры таксама прапануюць пацыентам узяць удзел у клінічных выпрабаваннях, што азначае хуткі доступ да новых лекаў, па якіх, аднак, пакуль бракуе інфармацыі адносна іх эфектыўнасці.

Лячэнне рака — гэта падарожжа, таму ідэальна, калі паміж пацыентам і доктарам узнікае “хімія”, своеасаблівая сувязь! У нашу інфармацыйную эпоху, інфармацыі шмат і яна даступная, таму я лічу, што пошук альтэрнатыўнага меркавання мае сэнс. У інтарэсах самога пацыента атрымаць не адно, а некалькі меркаванняў. Аднак калі вы ўжо вызначыліся з доктарам, то заставайцеся з ім.