Непераадолены досвед Вялікага Тэрору

Амаль восемдзесят пяць гадоў таму па рашэнні найвышэйшых партыйных органаў у СССР разгарнулася чарговая крывавая «чыстка», якая доўжылася амаль два гады. У гістарычнай публіцыстыцы гэтаz рэпрэсіўная кампанія нярэдка называецца «Вялікім Тэрорам».

photo_2020_10_29_19_40_33__2__logo_1_1.jpg


Камуністычная дыктатура заўсёды — і да, і пасля 1937 года — суправаджалася палітычнымі рэпрэсіямі. Аднак менавіта Трыццаць Сёмы стаў у памяці людзей злавесным знакам сістэмы масавых забойстваў, якія арганізоўваліся і праводзіліся дзяржаўнай уладай. На працягу 1937–1938 гадоў па палітычных абвінавачваннях у СССР было арыштавана больш за 5 мільёнаў чалавек, у тым ліку ў БССР больш за 600 тысяч.
Здзекі і забойствы насілі планавы характар. У 1920–1950 гады толькі ГУЛАГ паглынуў больш за 500 тысяч выхадцаў Беларусі. З улікам іншых катэгорый афіцыйна і неафіцыйна рэпрэсаваных гэтаz лічба перавышае 1,6 мільёна. Неймаверна: найбольш здольнае да творчай і прадуктыўнай працы насельніцтва вялікага еўрапейскага горада, параўнальнага з сённяшнім Мінскам, было кінутае ў апраметнае пекла ГУЛАГа.
У многіх выпадках рэпрэсіі насілі характар генацыду беларусаў. З самага пачатку ўтварэння БССР і да 1953 года ў Беларусі была знішчана амаль уся «дарэвалюцыйная» свядомая, культурная, адукаваная інтэлігенцыя. Калі б не гэтыя страты, сёння ў нас была б зусім іншая краіна. Негатыўнае стаўленне ўлад да нацыянальных каштоўнасцей, на жаль, ператварылася ў тэндэнцыю, якая захоўваецца да гэтага часу.
Трыццаць Сёмы — гэта неверагодная жорсткасць прысудаў: больш за 3 мільёны расстраляных у СССР, у тым ліку больш за 250 тысяч — у БССР.
29 кастрычніка 1937 года — асабліва цяжкі і трагічны дзень у гісторыі беларускага народа. Толькі за адну ноч у Мінску сталінскія апрычнікі расстралялі 107 выбітных прадстаўнікоў творчай і навукова-тэхнічнай інтэлігенцыі. Іх жонак, дзяцей і блізкіх сваякоў кінулі ў канцэнтрацыйныя лагеры. Знішчэнне інтэлектуальнай эліты нашай нацыі было праведзена і ў абласных гарадах.
Трыццаць Сёмы — гэта беспрэцэдэнтная планавасць рэпрэсіўных «спецаперацый». Уся кампанія была загадзя старанна прадуманая вышэйшым палітычным кіраўніцтвам СССР і праходзіла пад яго пастаянным кантролем. У сакрэтных загадах НКУС вызначаліся тэрміны правядзення асобных аперацый, групы і катэгорыі насельніцтва, якія падпадалі пад «чыстку», а таксама «ліміты» — планавыя лічбы арыштаў і расстрэлаў па кожным рэгіёне. Любыя змены, любыя «ініцыятывы знізу» павінны былі ўзгадняцца з Масквой і атрымліваць яе ўхвалу.
Рэпрэсіі грунтоўна закранулі, у прыватнасці, прадстаўнікоў новых беларускіх эліт — палітычных, ваенных, гаспадарчых. Расправа над людзьмі, імёны якіх былі вядомыя ўсёй краіне (менавіта пра іх у першую чаргу паведамлялі газеты) і ў лаяльнасці якіх не было ніякіх падстаў сумнявацца, павялічвала паніку і пагаршала масавы псіхоз. Пасля нарадзіўся нават міф пра тое, што Вялікі Тэрор быццам быў накіраваны выключна супраць старых бальшавікоў і партыйна-дзяржаўнага кіраўніцтва. Насамрэч, пераважная большасць арыштаваных і расстраляных — простыя савецкія грамадзяне, беспартыйныя, што ні да якіх эліт не належалі.
Трыццаць Сёмы — гэта невядомыя раней сусветнай гісторыі маштабы фальсіфікацыі абвінавачванняў. У 1937–1938 гадах магчымасць арышту вызначалася, галоўным чынам, прыналежнасцю да якой-небудзь катэгорыі насельніцтва, паказанай у адным з «аператыўных загадаў» НКУС, ці сувязямі — службовымі, роднаснымі, сяброўскімі — з людзьмі, арыштаванымі раней. Фармуляванне індывідуальнай «віны» было клопатам следчых. Таму сотням і сотням тысяч арыштаваных прад’яўляліся фантастычныя абвінавачанні ў «контррэвалюцыйных змовах», «шпіянажы», «падрыхтоўцы да тэрарыстычных актаў», «дыверсіях» і да т. п.
Трыццаць Сёмы — гэта адраджэнне ў ХХ стагоддзі норм сярэднявечнага інквізіцыйнага працэсу, з усёй яго традыцыйнай атрыбутыкай: завочнасцю (у пераважнай большасці выпадкаў), квазісудовай працэдурай, адсутнасцю абароны, фактычным аб’яднаннем у рамках аднаго ведамства роляў следчага, абвінаваўцы, суддзі і ката. Зноў, як у часы інквізіцыі, галоўным доказам стала рытуальнае «прызнанне сваёй віны» самім падследным. Імкненне дамагчыся такога прызнання ў спалучэнні з адвольнасцю і фантастычнасцю абвінавачанняў прывялі да масавага ўжывання катаванняў; улетку 1937 года катаванні былі афіцыйна санкцыянаваныя і рэкамендаваныя як метад вядзення следства.
Трыццаць Сёмы — гэта надзвычайны і закрыты характар судаводства. Гэта таямніца, якая ахінула адпраўленне «правасуддзя», гэта непранікальная сакрэтнасць вакол расстрэльных палігонаў і месцаў пахаванняў пакараных. Гэта сістэматычная шматгадовая афіцыйная хлусня пра лёсы расстраляных: спачатку — пра міфічныя «лагеры без права перапіскі», затым — пра смерць, якая наступіла быццам бы ад хваробы, з указаннем фальшывых даты і месца смерці.
Трыццаць Сёмы — гэта кругавая парука, якой сталінскае кіраўніцтва імкнулася павязаць увесь народ. Па ўсёй краіне праходзілі сходы, на якіх людзей прымушалі бурна апладзіраваць публічнай хлусні пра выкрытых і абясшкоджаных «ворагаў народа». Дзяцей змушалі выракацца арыштаваных бацькоў, жонак — мужоў.Гэта злавесная абрэвіятура «ЧСИР» — «чалец сям’і здрадніка Радзімы», якая сама па сабе з’явілася прысудам да зняволення ў адмысловыя лагеры для дваццаці тысяч удоў, чые мужы былі пакараныя па рашэнні Ваеннай Калегіі Вярхоўнага суда. Гэта сотні тысяч «сірот Трыццаць Сёмага» — людзей са крадзеным дзяцінствам і паламаным юнацтвам.
Гэта канчатковая дэвальвацыя каштоўнасці чалавечага жыцця і свабоды. Гэта культ чэкізму, рамантызацыя гвалту, абагаўленне ідала дзяржавы. Гэта эпоха поўнага зрушэння ў народнай свядомасці ўсіх прававых паняццяў.
Нарэшце, Трыццаць Сёмы — гэта фантастычнае спалучэнне вакханаліі тэрору з нястрымнай прапагандысцкай кампаніяй, якая ўсхваляла самую дасканалую ў свеце савецкую дэмакратыю, самую дэмакратычную ў свеце савецкую Канстытуцыю, вялікія здзяйсненні і працоўныя подзвігі савецкага народа. Менавіта ў 1937 годзе канчаткова сфарміравалася характэрная рыса савецкага грамадства — двудумства, следства раздвойвання рэальнасці, навязанае прапагандай грамадскай і індывідуальнай свядомасці.
І цяпер, праз столькі дзесяцігоддзяў, у стэрэатыпах грамадскага жыцця і ў дзяржаўнай палітыцы Беларусі выразна заўважаецца згубны ўплыў як самой катастрофы 1937–1938 гадоў, так і ўсёй той сістэмы дзяржаўнага гвалту, знакам і квінтэсенцыяй якога сталі гэтыя гады. Гэтая катастрофа ўвайшла ў масавую і індывідуальную падсвядомасць, скалечыла псіхалогію людзей, абвастрыла застарэлыя хваробы нашага менталітэту, атрыманыя ў спадчыну яшчэ ад Расійскай імперыі, спарадзіла новыя небяспечныя комплексы.
Непераадолены досвед Вялікага Тэрору — гэта:
    • адчуванне мізэрнасці чалавечага жыцця і свабоды перад балванам улады;    • звычка да «кіраванага правасуддзя», праваахоўныя органы, якія падпарадкоўваюць сваю дзейнасць не норме закону, а загадам начальства, — гэта відавочная спадчына Вялікага Тэрору;    • імітацыя дэмакратычнага працэсу пры адначасовым выхалошчванні асноўных дэмакратычных інстытуцый і адкрытым грэбаванні правамі і свабодамі чалавека, парушэнні Канстытуцыі, што здзяйсняюцца пад акампанемент клятваў у шчырай адданасці канстытуцыйнаму парадку;    • рэфлекторная непрыязнасць сённяшняга бюракратычнага апарата да незалежнай грамадскай актыўнасці, бесперапынныя спробы паставіць яе пад жорсткі дзяржаўны кантроль;    • уваскрашэнне ў сучаснай беларускай палітыцы старой канцэпцыі «варожага асяроддзя», падазронасць і варожасць да ўсяго замежнага, істэрычны пошук «ворагаў» за мяжой і «пятай калоны» ўнутры краіны;    • інтэлектуальны канфармізм, боязь усялякай «іншасці», адсутнасць звычкі да свабоднага і незалежнага мыслення, схільнасць да хлусні;    • нястрымны цынізм — адваротны бок двудумства, ваўчыная лагерная мараль («памры ты сёння, а я — заўтра»), страта традыцыйных сямейных каштоўнасцей;    • катастрафічная раз’яднанасць людзей, стаднасць, якая падмяніла калектывізм, востры дэфіцыт чалавечай салідарнасці.
Гэта неасэнсаваная грамадствам спадчына — і, такім чынам, непераадоленая ім, — лёгка можа стаць праклёнам цяперашняга і будучых пакаленняў, якія прарываюцца вонкі то ў выглядзе дзяржаўнай маніі велічы, то ўзнаўленнем шпіёнаманіі, то рэцыдывамі рэпрэсіўнай палітыкі.
P.S.: Гэты артыкул быў напісаны Ігарам Кузняцовым у сакавіку 2012 года. У ім яшчэ была частка, дзе падрабязна апісвалася, што трэба зрабіць, каб не атрымаць паўтор 1937-га. Нічога з прапанаванага аўтарам за гэтыя гады зроблена не было.