Новая пасада Баскава. Пасля сыходу з федэрацыі хакея ён стаў сенатарам

Міжнародная федэрацыя хакея дыскваліфікавала Дзмітрыя Баскава на пяць гадоў, і цяпер набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі чыноўнік зменіць род дзейнасці. 

Фота pressball.by

Фота pressball.by

Пасля адстаўкі з пасады старшыні ФХБ Дзмітрый Баскаў нядоўга заставаўся без працы. Сёння Лукашэнка прызначыў яго сенатарам. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Пул Першага».

Сыход Баскава з хакея справакавала дыскваліфікацыя, якую на яго наклала Міжнародная федэрацыя (ІІХФ) па выніках спецыяльнага расследавання. Цяпер цягам пяці гадоў ён не можа мець аніякай афіцыйнай датычнасці да любой дзейнасці пад эгідай ІІХФ. Арганізацыя, якую ўзначальвае Рэнэ Фазель, пакарала беларускага менеджара за ціск на спартсменаў і іх дыскрымінацыю па палітычных прыкметах.

Напачатку, паводле паведамленняў прэс-службы ФХБ, Баскаў меўся заставацца на чале нацыянальнай федэрацыі, аднак у хуткім часе ўсё ж склаў паўнамоцтвы. Як выявілася — для таго, каб перайсці ў ранг беларускіх сенатараў.