Пацярпелы ад сваволля беларускіх сілавікоў: «Уся падлога спортзала РУУС была залітая крывёю»

У бальніцу да пацярпелага прыехалі супрацоўнікі МУС, узялі паказанні. Яны сказалі так: «Калі нам дазволяць, мы раскрыем гэтую справу за дзень. У РУУС ёсць камеры, вінаватых можна лёгка ўсталяваць». Следчыя былі ў шоку ад убачанага і пачутага, паведамляе www.polskieradio.pl

117985834_734325104077776_480349608639449448_n_logo_1_logo.jpg

У Беларусі шостыя суткі працягваюцца пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся 9 жніўня. Паводле афіцыйных даных, каля 7 тысяч чалавек прайшлі праз канвеер гвалту ашалелых сілавікоў.

Першыя тры дні пратэстаў суправаджаліся небывалым гвалтам з боку так званых праваахоўных органаў. У выніку неадэкватнага ўжывання сілы супраць мірных грамадзянаў у Мінску загінуў па меншай меры адзін чалавек — Аляксандр Тарайкоўскі, дзясяткі знаходзяцца ў лякарнях з траўмамі рознай ступені цяжкасці, а сотні мірных дэманстрантаў звярнуліся па медычную дапамогу.

Паводле афіцыйных даных, каля 7 тысяч чалавек прайшлі праз канвеер гвалту ашалелых сілавікоў. Сярод пацярпелых аказаўся Артур Хаменка — бацька пецярых дзяцей, брутальна затрыманы ўвечары 12 жніўня ў Мінску. Артур распавядае пра акалічнасці затрымання:

Чакаў жонку каля гандлёвага цэнтру «Грын», раён станцыі метро «Каменная горка». Ланцуг, які складаўся з супрацоўнікаў АМАПу і, магчыма, СОБРу, затрымліваў людзей каля метро. Двое з іх накіраваліся да мяне, запатрабавалі ўстаць, я ўстаў, запатрабавалі аддаць ім тэлефон, я ім аддаў свой тэлефон. Яны ўбачылі на маім тэлефоне герб «Пагоня» і адразу ж пачалі крычаць на мяне: «Нацыяналіст»! З розных бакоў на мяне пасыпаліся ўдары, затым мяне павялі да аўтобуса і збілі.

Мяне кінулі ў аўтобус трэцім зверху, пада мной было яшчэ два чалавекі. У аўтобусе працягнулася збіццё, яны патрабавалі пароль ад тэлефона. Калі яны зразумелі, што я нічога не скажу, то сарвалі з мяне шорты да каленяў сцягнулі трусы. Схапілі мяне за валасы і паказалі гумовую палку, апраналі на яе прэзерватыў са словамі: «Вось гэта мы табе засунем у ачко». Каб яны ад мяне адсталі, я вымушаны быў даць ім пароль ад тэлефона. Рагаталі глядзелі мае асабістыя фатаграфіі. Пры праглядзе кожнага фота, якое ім не падабалася, яны падыходзілі і білі.

З часоў гітлераўскай акупацыі беларусы ніколі не сутыкаліся з такой хваляй неапраўданага гвалту супраць мірнага насельніцтва. Сотні маці, жонак і бацькоў днямі і начамі дзяжурылі каля розных ІЧУ Беларусі, чакаючы вестак пра сваіх зніклых блізкіх. Пацярпелы ад дзеянняў сілавікоў Артур Хаменка апісвае канвеерную працу ІЧУ і РУУС пасля «зачыстак» раёнаў гораду:

Прывезлі ў РАУС Першамайскага раёна горада Мінска. Мяне кінулі ў клетку, пры гэтым я паспеў заўважыць, як яны страшна збівалі маладога хлопца. Той крычаў: «Мне сямнаццаць гадоў!» Больш я яго не бачыў, яго некуды забралі. Потым нас паставілі на калені, у такой позе мы знаходзіліся гадзіны дзве, толькі пасля таго, як людзі сталі скардзіцца, нам дазволілі легчы на жывот, трымаючы рукі за галавой. Так мы праляжалі дзесьці да 4-х гадзін ночы. Потым мяне павялі да следчага, дзе азнаёмілі з пратаколам, напісаным «пад капірку». Мяне абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу, выкрыкванні лозунгу «Жыве Беларусь!». Трошкі смешна было. Малады следчы на фоне тых садыстаў аказаўся нармальным чалавекам. Ён дазволіў патэлефанаваць жонцы, перадаць ёй сякія-такія рэчы.

Потым нас павялі ў спартзалу, там знаходзілася каля 30 чалавек, у асноўным выпадковыя людзі. Уся падлога ў зале была залітая крывёю. Там працавала прыбіральшчыца і было відаць, што яна абсалютна не спраўляцца — кроў была ўсюды. Недзе ў 10 гадзін нас загрузілі ў аўтазак, сказалі, што вязуць у суд, а перавезлі ў ІЧУ Акрэсціна. Тварам уніз рукі за галаву — так мы праляжалі ў дворыку на Акрэсціна паўдня. Затым прыбылі медыкі, яны забіралі ўсіх, каму патрабавалася медычная дапамога. Вялізная падзяка медыкам за тое, што яны вывозілі адтуль людзей. Мяне таксама забралі, у мяне з левага вуха цякла кроў, было падазрэнне на ЧМТ. У бальніцы ўжо высветлілася — страсенне мазгоў.

Як гэта жудасна ні прагучыць, але Артура можна назваць шчасліўчыкам. Вы гэта зразумееце, калі пасля яго сведчанняў аб сітуацыі ў Мінскай Лякарні хуткай дапамогі:

У прыёмніку БХМД было вельмі шмат людзей. Толькі са мной з Акрэсціна прывезлі каля дзесяці чалавек. У прыёмніку я бачыў хлопца з выбітым вокам — у яго не было левага вока. Прывозілі з Жодзіна некалькі чалавек, яны былі страшна збітыя, усе былі на каталках, не маглі ісці самі. Не ведаю, можа, у іх ногі пераламаныя. Людзі з Жодзіна былі ў вельмі цяжкім стане. Да мяне ў палату да позняй ночы прывозілі адтуль усё новых і новых людзей.

 Нам юрысты параілі звярнуцца ў Следчы камітэт, у міліцыю. Я напісаў заяву, да нас прыехалі супрацоўнікі МУС, узялі паказанні. Яны сказалі так: «Калі нам дазволяць, мы раскрыем гэтую справу за дзень. У РУУС ёсць камеры, вінаватых можна лёгка ўсталяваць». Следчыя былі ў шоку ад убачанага і пачутага. Калі хтосьці думае, што гісторыі пра згвалтавання гумовымі дубінкамі — гэта чорны жарт, на жаль, не. Медыкі распавядаюць, што да іх прывозілі цяжкіх хворых з разарванай прамой кішкай.

Мяркуючы па ўсім, рэжым Лукашэнкі хістануўся. Масавыя пратэсты па ўсёй краіне працягваюцца, калектывы дзясяткаў беларускіх прадпрыемстваў патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі, а на вуліцах гарадоў Сінявокай ужо не відаць сілавікоў.

Напэўна, цяпер рэжым паспрабуе забалбатаць рух пратэсту рабочых, высылаючы на фабрыкі і заводы «упаўнаважаных эмісараў». Магчыма, рэжым знойдзе казла або нават казлоў адпушчэння сярод сілавікоў, але беларусаў гэта ўжо наўрад ці спыніць. Надыходзіць заход эпохі Лукашэнкі.

Матэрыял падрыхтаваў Эдуард Жолуд, www.polskieradio.pl