Пад Бягомлем адкрылі памятны знак ахвярам сталінскіх рэпрэсій

Галоўнай падзеяй свята вёскі Будзілаўка, што на Бягомльшчыне, стала адкрыццё памятнага знака ахвярам рэпрэсій, пішуць «Родныя вытокі».

Гэта стала працягам справы па ўвекавечанні памяці загінуўшых землякоў, распачатай выхадцам Будзілаўкі, доктарам гістарычных навук, прафесарам Мікалаем Печанем. Менавіта яму належыць ідэя ўстаноўкі помніка і пасадкі бярозавага гаю. Цяпер Мікалай Анатольевіч сабраў звесткі аб сваіх рэпрэсаваных родных і аднавяскоўцах, з'ездзіў у Оршу, прывёз зямлю з Кабыляцкай гары, дзе ў гады рэпрэсій было расстраляна больш за 20 тысяч чалавек. Унукі і праўнукі тых, чые імёны запісаныя на чорнай пліце, заклалі капсулу з зямлёй ля падножжа вялікага каменя. Пасля памінальнага набажэнства, якое адслужыў іерэй Аляксей Кушнярэвіч, памяць загінулых ушанавалі хвілінай маўчання.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч шчыра павіншавала ўсіх прысутных са святам вёскі, якое па праве можна называць сямейным, і выказала словы падзякі Мікалаю Печаню за яго клопат аб тым, каб у будзілаўскіх нашчадкаў засталася памяць пра родных і блізкіх людзей. Неабходнасць і важнасць правядзення такіх мерапрыемстваў, бо яны дапамагаюць захаваць памяць і перадаць яе наступным пакаленням, адзначыла галоўны спецыяліст упраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Ларыса Каранько.

— Аднаму мне, вядома, было б не пад сілу рэалізаваць задуманае, — сказаў Мікалай Печань. — З устаноўкай памятнага знака дапамог дырэктар ААТ «Бягомльскае» Аляксандр Дзяконскі. Ён выдзеліў магутны «Амкадор», каб прывезці велізарны камень, а начальнік РЭСа Мікалай Ючковіч падтрымаў ідэю ўстаноўкі побач з бярозавым гаем слупоў, на якіх у будучыні, магчыма, паселяцца буслы.

 

Успамінала, танцавала, вёска весялілася. Мясцовыя і прыезджыя, родныя і знаёмыя, дзеці і дарослыя – усе як адна сям'я.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: