««Палітычныя» выйдуць першымі». Чаму статус палітвязня важны і чаму прызнаюць не ўсіх

У Беларусі як мінімум 1021 палітычны вязень, і гэтая лічба будзе расці, сцвярджаюць прадстаўнікі ініцыятыў, якія займаюцца іх падтрымкай. Але афіцыйныя даныя праваабаронцаў крыху адрозніваюцца: па стане на дзень 26 кастрычніка палітвязнямі ў Беларусі прызнаныя 833 чалавекі. Чаму ўзнікла несупадзенне ў амаль 200 чалавек, чаму важна называць поўную лічбу рэпрэсаваных па палітычных матывах і як падтрымаць тых, хто не мае статуса палітвязня?

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева



Не мяняць крытэры — мяняць падыход

Гэтыя і іншыя пытанні падчас анлайн-канферэнцыі абмеркавалі прадстаўнікі трох ініцыятыў дапамогі палітвязням. Днямі яны апублікавалі заяву аб надзвычайным палітычным становішчы ў Беларусі і колькасці палітзняволеных. У заяве звяртаецца ўвага грамадскасці на поўную колькасць палітычных зняволеных і пераследаваных па палітычных матывах беларусаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, звязаных з выбарамі прэзідэнта ў 2020 годзе. Таксам стваральнікі заявы адзначаюць супярэчнасць у механізме прызнання палітычнымі зняволенымі, які выкарыстоўваецца на дадзены момант.
Паводле меркавання прадстаўнікоў ініцыятыў, сотні беларусаў, якія знаходзяцца пад вартай ці арыштам праз сваю палітычную пазіцыю, не прызнаныя палітычнымі зняволенымі на падставе абвінавачання іх у гвалце / злачынстве супраць асобы (у адрас супрацоўнікаў сілавых структур) або маёмасці.
«Аднак, у сувязі з існуючай рэпрэсіўнай палітычнай сітуацыяй у Беларусі, мы настойваем на неабходнасці змены падыходу да прызнання палітычным зняволеным. Крытэры, якія выкарыстоўваюцца на дадзены момант, не былі разлічаны на функцыянаванне ў сітуацыі гвалтоўнага ўтрымання ўлады і прававога дэфолту. У той жа час людзі, якія пацярпелі за спробу абараніць сябе, перашкодзіць гвалту або гвалтоўнаму ўтрыманню ўлады, якія пацярпелі ад неправамерных дзеянняў сілавых структур і немагчымасці справядлівага судовага разбору (фактычнай забароны з боку рэжыму доступу да правасуддзя), павінны быць прызнаныя палітычнымі зняволенымі з мэтай забеспячэння іх і іх сем’яў неабходнай ім праваабарончай і гуманітарнай падтрымкай, а таксама наступнымі вызваленнем і рэабілітацыяй», — гаворыцца ў заяве.
Яе аўтары настойваюць на выкарыстанні прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці ў пытаннях прызнання палітычным зняволеным. У адпаведнасці з гэтым прынцыпам, асоба лічыцца невінаватай, пакуль яе віна ва ўчыненым злачынстве не будзе даказана ў парадку, прадугледжаным законам, пры судовай уладзе і судовай вытворчасці, якія функцыянуюць незалежна ў дэмакратычнай дзяржаве.
Да заявы далучыліся ўжо больш за паўтара дзясятка ініцыятыў і асоб.

Падтрымка аднолькава важная для «прызнаных» і «непрызнаных»

— Мы заклікаем выкарыстоўваць у публічнай прасторы поўную лічбу палітвязняў — гэта 1021 чалавек, і гэтая лічба будзе расці, мяркуючы па колькасці крымінальных спраў, якую анансаваў Следчы камітэт, — гаворыць Іна Кавалёнак, прадстаўніца ініцыятывы Politzek.me.
Марына Адамовіч, жонка палітвязня Мікалая Статкевіча і прадстаўніца ініцыятывы «Вызваленне 2020», што аб’ядноўвае сваякоў палітвязняў, зазначае:
— Мы існуём ужо больш за год, і ад самага першага дня мы не дзелім палітычных зняволеных на «прызнаных» і «непрызнаных». Мы абсалютна ўпэўненыя, што кожны з гэтых людзей пацярпеў за выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі і ўсе яны пацярпелі ў выніку тых беспрэцэдэнтных падзей, якія адбыліся ў краіне ад пачатку перадвыбарчай кампаніі 2020 года.
Ва ўмовах адсутнасці доступу да правасуддзя і права на абарону мы перакананыя, што ўсе гэтыя людзі — палітычныя зняволеныя, і для нас асабліва важна, каб яны карысталіся аднолькавай падтрымкай грамадства. Гэта вельмі важна для іх сваякоў і неверагодна важна для людзей, якія апынуліся за кратамі. Я заклікаю кожнага: калі ласка, падрымайце людзей, якія пацярпелі за нашу і вашу свабоду, падтрымайце іх блізкіх.

Дыктатура навучылася рабіць з палітычных апанентаў крымінальнікаў

Усведамленне, што ў справе прызнання палітычных зняволеных у Беларусі нешта не так, прыйшло яшчэ задоўга да падзей 2020 года — прыкладна ў 2016-2017 гадах, распавядае прадстаўнік ініцыятывы Dissidentby.com Вячаслаў Касінераў.
— Тады ў Беларусі быў шэраг відавочных кейсаў з палітычным складнікам, калі на судах заяўлялася пра катаванні, прысутнічалі элементы палітычнага ціску, былі відавочна несправядлівыя судовыя прысуды.
У якасці прыкладу Вячаслаў прывёў «справу антыфашыстаў», па якой да сёй пары адбывае жорсткае пакаранне 10 гадамі строгага рэжыму Ілля Валавік. Праз тое, што прадметам крымінальнай справы стала бойка паміж футбольнымі фанатамі і разбітае шкло, у палітычным кантэксце яе не разглядалі, хоць падчас суду гучалі заявы пра ціск і катаванні. Хаця шмат хто перакананы: насамрэч гэта быў разгром нефармальнага руху пасля падзей ва Украіне.
Яшчэ адзін прыклад — справа Святаслава Барановіча, што абараняў людзей, якіх проста збівалі на вуліцы. Ён рэалізоўваў сваё права на абарону і на прадухіленне больш цяжкага злачынства, калі людзі без апазнавальных знакаў выцягвалі з тралейбуса іншых людзей і збівалі. Святаслаў атрымаў тэрмін па крымінальным артыкуле, у яго справе таксама заяўлялася пра катаванні і падтасоўку фактаў. Мужчына адбыў пакаранне і выйшаў на волю, так і не стаўшы афіцыйна прызнаным палітвязнем.
— Гэтая практыка была абкатаная і ў 2020 годзе вылілася на ўсё грамадства, — заўважае Вячаслаў Касінераў. — Дыктатура зачышчала палітычнае поле ад нефармальных груповак, незалежных СМІ, палітычных апанентаў. Яна навучылася дэкларатыўна рабіць з іх крымінальнікаў.
Цяпер, сустракаючыся з замежнымі партнёрамі, мы бачым, як складана чалавеку звонку зразумець кантэкст таго, што адбываецца ў Беларусі. Калі ён чуе пра крымінальны артыкул у дачыненні да чалавека, складана растлумачыць, што гэта насамрэч палітычны актывіст, але рэпрэсіўная машына прадстаўляе яго такім чынам. Мы (ініцыятыва Dissidentby.com. — НЧ) з’явіліся ў 2019 годзе і ўжо мелі нейкую базу, як працаваць з такімі кейсамі. І нашы лічбы (палітвязняў. — НЧ) ад пачатку былі большымі.

Стаўленне да «палітычных» адрозніваецца

У сувязі з нарастаннем падобных выпадкаў пасля выбараў 2020 года з’явілася неабходнасць змяніць падыход да прызнання палітзняволеных.
— Мы не распрацоўваем крытэры на будучыню, мы хочам сфакусавацца на тым, што адбываецца цяпер, таму што гэта дае людзям доступ да падтрымкі і абароны, — падкрэслівае Іна Кавалёнак. — Стаўленне да палітвязняў зусім іншае і ў грамадстве, і ў свеце агулам. Адна мая каляжанка прывяла прыклад: калі ты ў Францыі чуеш, што людзей абвінавачваюць у гвалце, адразу ўяўляюцца зусім іншыя дзеянні, чым тое, што цяпер часта прыпісваюць людзям у Беларусі.
Вячаслаў Касінераў прывёў уласны прыклад. У Беларусі ён двойчы падвяргаўся крымінальнаму пераследу за свае погляды.
— Першы раз гэта было спалучана з гвалтам у дачыненні да мяне. Выйшаўшы з лякарні і паеўшы з трубачкі, я быў вельмі напалоханы. Але калі я адкрыў навіны і ўбачыў лавіну падтрымкі, якую нам (палітвязням. — НЧ) аказвала грамадства, гэта мяне акрыліла. У наступны раз я трапіў непасрэдна ў турму. І там мяняецца стаўленне да палітвязняў. Мне так і заяўлялі: ты ў нас — не звычайны зняволены. Сукамернікі глядзяць на цябе з пэўнай павагай, калі табе прыходзіць агромністы пачак лістоў ад незнаёмых людзей, у тым ліку з-за мяжы. Важна разумець: напісаць вам лісты людзі могуць толькі тады, калі ўбачаць ваша прозвішча ў СМІ і праваабарончых сайтах. Туды вы можаце трапіць, толькі калі будзеце афіцыйна прызнаныя палітвязнем. І нават калі гэтыя лісты да вас не дойдуць, яны ў любым выпадку дойдуць да адміністрацыі. І адміністрацыя разумее, што гэты чалавек не адзін — за ім нейкая сіла і пільная ўвага. Таму прымяняць катавальныя практыкі ў дачыненні да вас ужо не атрымаецца, а калі і атрымаецца, то не ў тым аб’ёме.  
Вячаслаў звяртае ўвагу, што і падтрымка сем’яў зняволеных наўпрост залежыць ад таго, колькі пра іх гавораць. А гэта, у сваю чаргу, звязана з наданнем статуса палітвязня.
Марына Адамовіч з маштабам гэтай праблемы таксама сутыкнулася даволі даўно. Паводле яе слоў, многія сваякі зняволеных моцна запалоханыя, а некаторыя і ўвогуле шчыра вераць у тое, што іх родныя — злачынцы: не трэба было высоўвацца.
— У значнай колькасці выпадкаў адзіным сродкам прымусіць памяняць іх сваю пазіцыю быў аргумент наступнага вызвалення і рэабілітацыі. Людзі, прызнаныя палітзняволенымі, у выпадку змены палітычнай сітуацыі будуць вызваленыя найперш. Адсутнасць людзей у гэтым спісе адсоўвае перспектыву іх вызвалення.
У існуючых крытэрах прызнання палітвязняў ёсць варыянт, калі людзі, мажліва, удзельнічалі ў гвалтоўных дзеяннях, але вынесенае пакаранне непрапарцыйнае здзейсненаму злачынству. Але сёння гэты варыянт практычна не выкарыстоўваецца праваабаронцамі,з сумам канстатуе Марына Адамовіч.

Чаму няма кансэнсусу?

Прадстаўнікі ініцыятыў дапамогі палітвязням знаходзяцца ў кантакце з праваабаронцамі, яны настроеныя на супрацоўніцтва, канфлікту паміж імі няма, ёсць пэўныя разыходжанні. Менавіта таму лічба афіцыйна прызнаных палітвязняў адрозніваецца ад лічбы, якую агучваюць ініцыятывы.
Марына Адамовіч падкрэслівае, што паўплываць на сітуацыю можа ўсё грамадства, таму апублікаваная заява адрасаваная самаму шырокаму колу людзей. Але найперш важна дасягнуць кансэнсусу ўнутры Беларусі.
Адной з галоўных праблем у прызнанні палітвязняў застаецца адсутнасць інфармацыі пра ўсіх рэпрэсаваных людзей. Паводле слоў Вячаслава Касінерава, вельмі часта тут літаральна працуе «сарафаннае радыё», калі камусьці становіцца вядома пра такія выпадкі і пра іх паведамляюць праваабарончым ініцыятывам. Менавіта таму тое, што вядома грамадскасці, — гэта толькі вяршыня айсбергу. І таму вельмі важна паведамляць пра ўсе вядомыя выпадкі палітычных рэпрэсій.
Як увогуле выйшла так, што ініцыятывы і праваабаронцы, якія, здаецца, працуюць на адну справу, не могуць дамовіцца ў некаторых прынцыповых пытаннях?
— Аўтарытэтныя беларускія праваабарончыя арганізацыі выкарыстоўваюць крытэры, выпрацаваныя, калі я не памыляюся, у 2013 годзе, як вынік працы некалькіх арганізацый, у тым ліку міжнародных. Ініцыятыў, якія ўзніклі на тле пратэстаў у 2020 годзе, там няма. Разглядае кейсы вельмі вузкае кола асоб. Мы не настойваем і не прапануем перагледзець гэтыя крытэры. Мы настойваем, што іх трэба выкарыстоўваць з улікам беспрэцэдэнтнай сітуацыі, якая склалася ў нашай краіне, калі ў прынцыпе адсутнічае доступ да справядоівага судовага разбіральніцтва, — тлумачыць Марына Адамовіч.
Нярэдка бывае так, што самі зняволеныя альбо іх родныя супраць таго, каб іх прызнавалі палітвязнямі. У такім выпадку праваабарончыя ініцыятывы спрабуюць размаўляць з імі і тлумачыць, чаму факт прызнання важны.
— У краіне на сістэмным узроўні існуюць катаванні, палітычны ціск і нават садысцкія практыкі сярод сілавых структур, задакументаваныя факты забойстваў па палітычных матывах. Калі зняволены альбо яго родныя знаходзяцца ва ўладзе адміністрацыі калоніі ці супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, давяраць таму, што ўлада спрабуе трансляваць праз вязня, з праваабарончага пункту гледжання было б нерэлевантна. Незалежна ад таго, што кажа чалавек, мы імкнёмся бесстаронна ацэньваць яго кейс і тое, наколькі ў ім прысутнічае палітычны складнік. Тым больш, што, зыходзячы з нашага досведу, мы ведаем, як працуюць падтрымка і ціск грамадзянскай і міжнароднай супольнасці. У нас былі кейсы, калі дзякуючы нашым кампаніям салідарнасці людзі выходзілі на волю ў зале суда, калі для іх запытвалі па 6 гадоў строгага рэжыму, — гаворыць Вячаслаў Касінераў.
І хоць цяпер уявіць такі зыход уяўляецца складаным, але наданне статуса палітвязня неабходна для справядлівага суду ў будучыні. Таму праекты па падтрымцы палітвязняў заклікаюць усіх далучацца да супрацы.