«Парвалі жылы падпахамі, утыркалі іголкі пад пазногці»

Бацькі зняволеных і грамадскія актывісты прыйшлі ў Дэпартамент выканання пакаранняў, каб выказацца супраць катаванняў вязняў у беларускіх турмах.

Фота Дзіяны Пінчук

Фота Дзіяны Пінчук

Раніцай 18 снежня каля будынка ДВП у Мінску сабраліся грамадскія актывісты і некалькі бацькоў зняволеных. Яны прыйшлі, каб трапіць на прыём да кіраўніцтва Дэпартамента, а таксама пакінуць свае звароты.
— Першае наша патрабаванне — спыніць здзекі і катаванні ў нашай пенітэнцыярнай сістэме, а другое — стварыць грамадскае назіранне з удзелам міжнародных структур, бо мы проста не маем кантролю над тым, што адбываецца, — кажа рэжысёр і грамадская актывістка Вольга Нікалайчык.

Фота Дзіяны Серадзюк

Фота Дзіяны Серадзюк

Яна падрыхтавала калектыўны зварот ад грамадзянскай супольнасці, дзе сказана, што грамадзяне Беларусі абураныя здзекамі і катаваннямі людзей у турмах краіны.
— Мы патрабуем спыніць гэтыя здзекі і катаванні, яны нагадваюць пра сталінскія рэпрэсіі новага часу. Гэта страшна. Мы хочам нагадаць, што за гэтыя катаванні давядзецца несці адказнасць перад міжнароднай супольнасцю.

Фота Дзіяны Серадзюк

Фота Дзіяны Серадзюк

Сярод прысутных быў і Юрый Светчыкаў, бацька Расціслава Светчыкава, якога асудзілі на 23 гады зняволення за саўдзел у забойстве, якога, па словах бацькі, ён не здзяйсняў. Хлопец быў кіроўцам у бізнесоўца, і аднойчы, заехаўшы да яго, знайшоў яго забітым, а таксама забойцу, які загадаў яму дапамагчы пазбавіцца ад цела, прыгразіўшы ў выпадку адмовы забіць самога Расціслава і яго сям’ю.

Юрый Светчыкаў (злева). Фота Дзіяны Пінчук

Юрый Светчыкаў (злева). Фота Дзіяны Пінчук

Па словах бацькі, за два гады ён не меў ніводнага спаткання з сынам. Цяпер Расціслаў Светчыкаў адбывае пакаранне ў жодзінскай турме і на яго аказваецца ціск з боку аператыўнікаў. Калі Расціслаў знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання Мінскага раёна, яму апранулі на галаву мех, зламілі вуха, парвалі жылы падпахамі ад падвешванняў, утыркалі іголкі пад пазногці… Больш за тое, на яго пагражаюць павесіць яшчэ адно забойства. Бацькі зняволенага дамагаюцца пераводу сына ў СІЗА №1.
— Яго збілі ў ізалятары часовага ўтрымання Мінскага раёна, у яго пералом вуха. Хто яго біў — гэта ўсё зафіксавана. Мы пісалі і кіраўніку дзяржавы, і ў пракуратуру, але прыйшоў адказ, што праведзена праверка і што ўсё там у парадку. Цяпер сын у Жодзіна, у яго правае вуха не чуе, пачалося запаленне на левае вуха. Але спецыялістаў там няма, таму я напісаў заяву, каб майго сына перавялі ў СІЗА №1 для далейшага лячэння, — кажа бацька зняволенага Юрый Светчыкаў.
Маці беларускага добраахвотніка ва Украіне Тараса Аватарава Людміла Поспіх прыйшла на асабісты прыём да Івана Мысліцкага, першага намесніка начальніка Дэпартамента.

Людміла Поспіх. Фота Дзіяны Серадзюк

Людміла Поспіх. Фота Дзіяны Серадзюк

— Я не атрымліваю лістоў ад сына, паштоўкі прыходзілі раз на месяц, апошні званок быў 7 снежня. Тады ён сарваўся і стаў крычаць «Мама, я цябе прасіў!» — прасіў, каб я звярнулася наконт яго пераводу ў іншую калонію. Я хачу паведаміць, што майму сыну пагражаюць, што яго заб’юць — гэта ўстаноўка з боку адміністрацыі калоніі. Гэтую інфармацыю я атрымала праз інтэрнэт, і сын яе пацвердзіў, напісаў пра бяссонныя ночы, — распавяла жанчына.


На прыёме яе запэўнілі, што правядуць праверку і што яе сыну нічога не будзе пагражаць.
Бацькі і грамадскія актывісты пакінулі ў Дэпартаменце асабістыя і калектыўны зварот. Апошні таксама збіраюцца накіраваць у міжнародныя структуры.