Перад «Усебеларускім народным сходам» сілавікі ізалююць актывістаў пратэсту?

11 і 12 лютага ў Мінску адбудзецца праўладны «Усебеларускі народны сход». У гэтыя ж дні ў беларускай сталіцы магчыма аднаўленне пратэснай актыўнасці. Ёсць прыкметы, што сілавыя структуры рыхтуюцца да гэтага загадзя — і прэвентыўна затрымліваюць патэнцыйных удзельнікаў пратэставых акцый. 

755960633192883.jpg

Пра гэта паведамляе ў сваім ТГ-канале блогер Антон Матолька.

Паводле яго інфармацыі, сёння адбылася серыя такіх затрыманняў. Так, на вуліцы Караля «затрымалі двух чалавек, пасля гэтага быў узламаны іх чат». Акрамя гэтага, былі затрыманні ў прыгарадзе Мінска Гатаве і на вуліцы Пуліхава.

Раніцай, піша блогер, сілавікі ўварваліся ў кватэру мясцовага актывіста на праспекце Дзяржынскага, 15. Яго затрымалі і забралі ноўтбук і сістэмны блок.

«Сёння «касманаўты» каля 11 раніцы ўварваліся ў кватэру па Дзяржынскага, 15 у Мінску. Хутчэй за ўсё гэта звязана з пратэснай дзейнасцю двара. Іншых дэталяў няма», — мяркуе Антон Матолька.

Ён прыводзіць яшчэ адно сведчанне: «Шмат знаёмых забіраюць з раніцы. Пры ператрусе кажуць, што пасадзяць усіх да ВНС».