Праблемаў стане больш — і не толькі ў беларускіх банкаў

Інфармацыю пра тое, што шэраг буйных еўрапейскіх банкаў закрыў свае карэспандэнцкія рахункі ў трох беларускіх дзяржбанках — Беларусбанку, Белаграпрамбанку і Белінвестбанку — не зняпраўдзілі і не пацвердзілі. Але калі інфармацыя дакладная, то чым гэта пагражае беларускім банкам і іх кліентам?

_hroszy___bank___infljacyja___depazit__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg

Як трэба ставіцца да гэтай сітуацыі і як дзеянні еўрапейскіх банкаў адаб'юцца на эканоміцы краіны? Пра гэта газета «Беларусы і рынак» запытала ў старшага навуковага супрацоўніка Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC (Кіеў) Дзмітрыя Крука.

«Калі нічога не рабіць і ніяк не рэагаваць, уплыў быў бы вельмі негатыўным, таму што гэта блакаванне для банкаў вядзення міжнародных разлікаў. Па-другое, сітуацыя не наўпрост, ускосна, але магла закрануць і рознічныя разлікі. Аднак гэта — з пункту гледжання даходаў — здаецца, не смяротная пагроза. Камісіі за плацяжы невялікія, складаюць да 5 % даходаў банкаў. Але, што больш важна, гэта можа пацягнуць за сабой масавы сыход з банкаў у першую чаргу карпаратыўных кліентаў», — растлумачыў эксперт.

Паводле яго слоў, пагрозу выдатна ўсведамляюць як у дзяржбанках, якія трапілі пад санкцыі, так і сярод іх кліентаў — і бяздзейнічаць яны не будуць. «Думаю, беларускія банкі, з якімі перарываюць карэспандэнцкія пагадненні замежныя банкі, будуць спрабаваць усталяваць новыя ланцужкі разлікаў праз заключэнне спецыяльных пагадненняў альбо з іншымі айчыннымі банкамі, у якіх няма гэтых праблем, альбо з расійскімі. Другі варыянт больш верагодны і напэўна ўжо задзейнічаны», — растлумачыў Дзмітрый Крук.

Ён адзначыў, што сітуацыя, якая склалася, прывядзе да затрымкі ў разліках, прычым істотнай: «Ланцужкі з лішнімі звёнамі прывядуць да таго, што грошы будуць рухацца па іх не дзень-два-тры, а да дзесяці. І гэта не адзіныя страты — з'явяцца дадатковыя выдаткі. Пытанне, ці возьмуць банкі іх на свой рахунак або “падзеляцца” з кліентамі. Выкажу здагадку, што хутчэй другі варыянт».

Але на гэтым непрыемнасці не заканчваюцца. Нават у рамках такіх ланцужкоў захоўваюцца рызыкі, што даныя камбінацыі выйдуць вонкі — гэта значыць, варыянты неплацяжоў, блакіроўкі плацяжоў застаюцца. «Таму частка кліентаў, свабодная ў сваім выбары, усё роўна будзе спрабаваць сысці з банкаў з заблакаванымі карэспандэнцкімі рахункамі. Гэты сыход не будзе масавым, якім ён мог бы стаць, калі б беларускія дзяржбанкі не рабілі ніякіх дзеянняў. Але прыватныя кліенты, у дачыненні да якіх адміністрацыйных рычагоў няшмат, будуць спрабаваць сыходзіць у прыватныя банкі, у тым ліку замежныя, шукаць праз свае даччыныя, афіляваныя фірмы магчымасць правядзення плацяжоў», — распавёў пра варыянты сыходу з-пад удару Дзмітрый Крук.

Па словах эканаміста, калі фінансавыя структуры, у якіх узніклі праблемы з карэспандэнцкімі рахункамі, перабудуюць схему плацяжоў, маштабнага шоку не адбудзецца: «Гэта стане яшчэ адным важным складнікам у агульным грузе праблем беларускай банкаўскай сістэмы».