«Прадстаўце тых, хто тады выбягаў з Акрэсціна — і імчаў у шоку». Ганна Севярынец звярнулася да дэлегаткі УНС

Сястра палітвязня Ганна Севярынец звяртаецца на Радыё Свабода да шматдзетнай маці, кіраўніцы цэнтру «Матуля» Веранікі Сярдзюк.

f45277fb_feed_41d8_a075_1551f5e2138f_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.jpg

«Вераніка! Я звяртаюся да вас па-свецку: вы ж памятаеце, што некаторы час мы былі калегамі, працуючы на адным з беларускіх жаночых інтэрнэт-рэсурсаў. Я асабіста ведаю вас, вашага мужа, віртуальна, але ведаю вашую маму і наогул усю сям’ю. Ведаеце і вы — мяне, майго брата, маму, маіх дзяцей. Таму дазволю сабе не рытуальны царкоўны, а звычайны чалавечы зварот да вас: Вераніка.
Нядаўна выйшаў ролік, на якім Вы, дэлегатка Усебеларускага сходу, тлумачыце, што вы збіраецеся казаць і рабіць на Сходзе. Вы сказалі, што будзеце там прадстаўляць беларускіх мам. Калі карыстальнікі сацыяльных сетак узбурыліся гэтым вашым рашэннем, вы зрабілі допіс у Фэйсбуку, дзе працытавалі Біблію. Маўляў, усё, што вы робіце, вы робіце не дзеля людзей, а дзеля Бога.
Гэтыя самыя словы з Бібліі часта цытаваў мой брат, Павал Севярынец. Ён, як і вы, шчыры вернік, гарачы і ўпарты змагар за слова і справу Божую, ваш паплечнік у барацьбе супраць абортаў. Павал знаходзіцца ў турме з чэрвеня, тры месяцы з гэтага тэрміну — у карцары без дастатковай колькасьці вады і без пасцельнай бялізны. Яго арыштавалі за ўдзел у законным, дазволеным уладамі пікеце па зборы подпісаў за кандыдата ў прэзыдэнты. Ніякага абвінавачання да сёння яму не выставілі. Ён проста сядзіць у турме з чэрвеня.
Вы будзеце прадстаўляць на сходзе беларускіх мам. Прадстаўце, калі ласка, там маю маму. Прадстаўце маму Ромы Бандарэнкі. Прадстаўце мам, якія чакаюць сваіх дзяцей з Акрэсціна і «Валадаркі». Прадстаўце мам тых студэнтаў, якія цяпер за кратамі. Прадстаўце, калі ласка, памяць мамы Цімура Міцкевіча, падлетка, жорстка скатаванага ў жніўні — гэтая мама дакладна не скажа за сябе нічога і нідзе, бо яна памерла, ня вытрымаўшы тых абставінаў, у якія трапіў яе сын.
Вераніка, вы шматдзетная маці, пралайфэрка, вы выступаеце за тое, каб жанчыны, нягледзячы на свае асабістыя планы і прыярытэты, усё ж нараджалі дзяцей. Мая мама таксама шматдзетная. Мама Цімура Міцкевіча нарадзіла дзевяць дзяцей. Яны падыходзяць на ролю тых мацярок, якіх вы будзеце прадстаўляць на сходзе?
Я хачу папрасіць вас прадставіць на сходзе і тых шматдзетных мам, якіх цяпер без аглядкі на дзяцей саджаюць за краты — яны ўпрыгожваюць двары стужачкамі альбо сустракаюць сваіх блізкіх пад ІЧУ, а іх хапаюць і піхаюць за краты, а да дзяцей потым ходзяць спецыяльныя камісіі. Прадстаўце і гэтых мам, Вераніка, ці яны — лішнія ў гэтым прадстаўленні? Ці Бог, дзеля якога вы дзейнічаеце, ухваляе падзел людзей на вартых прадстаўлення і нявартых?
Вераніка, прадстаўце, калі ласка, на сходзе пачуцці тых мам, якія пабачылі сваіх дачок і сыноў адной жнівеньскай раніцай: збітых, ускудлачаных, абмочаных ад болю і жаху, у парванай вопратцы, з сінімі нагамі і спінамі.
Прадстаўце тых, хто тады выбягаў з Акрэсціна — і імчаў у шоку далей ад людзей, хто цяпер сядзіць, зачыніўшыся ў кватэры, бо баіцца выходзіць, хто думае, што пасля таго, што з ім рабілі — ён не мае права глядзець людзям у вочы. Бо той аб’ем прыніжэння, які зведалі яны, расчалавечвае, нібыта не дазваляе ўжо знаходзіцца сярод іншых людзей. Я чытала іх сведчанні. Яны сведчаць, што іх там распраналі голымі і голых білі, Вераніка. Іх прымушалі выціраць брудную падлогу сваімі голымі целамі. Ім засоўвалі дубінкі ў раты. І ня толькі ў раты, Вераніка.
Вы хочаце, каб беларускі нараджалі дзяцей.
Беларускі цяпер ня ведаюць, як тут расьціць ужо народжаных.
Мой Павал і ягоная жонка некалькі год таму страцілі дзіця. Іх хлопчык яшчэ ўнутры быў хворы, ім прапаноўвалі рабіць аборт. Але Павал і Воля не пайшлі супраць волі Бога, у якога яны шчыра вераць. Яны перажылі гэтую трагічную, бо безнадзейную, цяжарнасць, яны нарадзілі хлопчыка і праз некалькі дзён пахавалі яго, паспеўшы ахрысціць і даць яму імя. Янка Севярынец быў божым хлопчыкам, праваслаўным хрысціянінам.
Цяпер Павал і Воля выхоўваюць Францішка. Вераніка, вы мама, вы можаце сабе ўявіць, што значыць сын, народжаны пасля такой страшнай страты. Бацькам хочацца быць з ім кожную хвіліну.
Прадстаўце на гэтым сходзе Волю Севярынец, Вераніка».