Праверка кожную гадзіну, у горад толькі з супрацоўнікам ПУАТ: як выглядае прафулік на «хіміі»

Палітвязняў, якія адбываюць пакаранне ў папраўчых установах адкрытага тыпу, таксама ставяць на прафілактычныя ўлікі «як схільных да экстрэмісцкай і іншай дэстрыктыўнай дзейнасці». За год па «палітычных» артыкулах да «хіміі» асудзілі мінімум 239 чалавек, з іх 58 ужо пачалі адбываць пакаранне і прызнаныя палітвязнямі. Ці ўсіх ставяць на такі ўлік — невядома, бо ім строга забаронена пад пагрозамі пакаранняў і пераводу ў калонію распавядаць пра ўмовы на «хіміі». Але па інфармацыі «Вясны», пастаноўка на такі ўлік — гэта стандартная працэдура для ўсіх «палітычных» на «хіміі».

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Рашэнне аб пастаноўцы асуджанага на ўлік прымае спецыяльная камісія, у якую ўваходзяць супрацоўнікі адміністрацыі ПУАТ. Некалькі чалавек паведамілі «Вясне», што на прафулік на «хіміі» ставяць усіх «палітычных» праз 7-10 дзён пасля прыбыцця ва ўстанову.
Адзін з асуджаных, які адбывае пакаранне на «хіміі», распавёў, што тыя, хто стаіць на прафуліку, павінны кожную гадзіну з 6 да 22 адзначацца ў дзяжурнай частцы: «строга ў абутку, выгалены і пры сабе мець часовае пасведчанне замест пашпарту».
Яшчэ некалькі асуджаных распавялі, што «схільных да экстэмізму» на пошту, у горад, лякарню ці краму заўсёды суправаджаюць супрацоўнікі ПУАТ. Акрамя гэтага, некаторым асуджаным забараняюць выходзіць у горад і ездіць дадому, таму што яны стаяць на гэтым уліку.
Асуджаным да «хіміі», якіх паставілі на прафілактычны ўлік, умоўна датэрміновае вызваленне не прадугледжана.