Радуйцеся, Беларусь нараджаецца!

Напэўна, ні на якія Каляды мы настолькі моцна не чакалі цудаў.

christmas_2871064_1280.jpg


На жаль, не ўсе змогуць сустрэць святы, як раней. Нехта будзе сустракаць Каляды за кратамі. Нехта — у выгнанні. Нехта — у лякарні. А нехта — дома, пакінуўшы за сталом месца таму, хто яго ўжо ніколі не зойме. Але гэтыя абставіны не мусяць у нас адняць той радасці, якая не залежыць ад знешніх абставін, якія б пякельныя яны ні былі. Гэтая радасць залежыць ад моцы і трываласці духу. А ў беларусаў — дух неверагодна моцны! Гэта аказалася чарговым адкрыццём 2020 года для нас.
Гэты год паказаў нам, што самыя простыя рэчы — самыя важныя ў жыцці. Узаемадапамога. Спагада. Любоў. Адвага. Без іх нам зараз наўпрост не выжыць. Як і без разумення сваіх каранёў. Хочацца пажадаць, каб кожны з нас у новым годзе дакладна ведаў: хто мы, беларусы, якімі мы бачым сябе саміх і якімі нас бачыць Бог. Калі кожны з нас будзе дакладна ведаць, як ён можа паслужыць нашай краіне ўласным талентам, хутка мы не пазнаем Беларусь. Якая ж неверагодная будзе Беларусь, калі кожны беларус нарэшце адчуе сябе Беларусам!
Не варта цяпер паддавацца смутку. Нягледзячы на падступаючыя да горла ком і роспач, радуйцеся! Памятайма: усё самае трывалае, самае сапраўднае і шчырае выходзіць толькі з гарніла пакутаў. Хай, як некалі пакінутая, у хляве, нараджала Марыя, зараз праз смерць і бруд, пакуты і цемру ў нас народзіцца новая Беларусь!