Родная мова цяпер — гэта штодзённы адзіночны пікет

Цяпер, калі за сцяг — содні, за мітынг — арышт, за журналісцкую працу — зона, цяпер мы ўзгадваем, што забыліся на самую галоўную сваю зброю — родную мову, — піша Зміцер Дашкевіч у Фэйсбуку.

158000224_2183817911748178_8621233343347273507_o.jpg

І. Што робіцца?

Наглядзеўшыся жахлівых навінаў пра арышты, суды і расправы, ледзь не кожны цяпер пытаецца: што гэта робіцца і што будзе далей? Я думаю, гэта было ад пачатку зразумела: як толькі сыдзе вуліца, адразу пачнецца зачыстка.

Хоць здаровы розум да апошняга не мог паверыць, што ў 2021 годзе ў цэнтры Еўропы можа адбывацца тэрор, які па дадзеных праваабаронцаў паставіў Беларусь па ўзроўні свабоды ў адзін шэраг з ваюючым Сектарам Газа. Але гэта адбываецца на нашых вачах: катаванні на Акрэсціна і калоніі за журналісцкую працу. Нават нацыянальны сцяг, пад якім абвяшчалася Незалежнасць і ў 1918, і ў 1991, падвяргаецца такому пераследу, што становіцца вусцішна: выбітыя вокны, канфіскаваныя машыны і арышты, арышты, арышты. Мэта адна — жудаснымі рэпрэсіямі, якія выклікаюць жах (лацінскае "terror" — страх, жах) застрашыць нас, прымусіць штодня, чытаючы навіны, быць у жаху — гэта і ёсць тэрор. Наколькі гэта, канешне, магчыма ў 2021 годзе ў цэнтры Еўропы.

Я і сам баюся: іду ў Курапаты, дык пішу на працы тэстамент і збіраю рэчы для камеры. Але, на жаль, інакш быць не магло. Нам трэба гэта вельмі цвяроза ўсвядоміць: мільёны людзей 26 гадоў расцілі Звера; сотні тысяч адэптаў Бацькі хлусні фальсіфікавалі, ілжэсведчылі, збівалі чвэрць стагоддзя.

Яшчэ раз, мы мусім прамовіць гэта ўголас: «ЧВЭРЦЬ СТАГОДДЗЯ» і «МІЛЬЁНЫ ЛЮДЗЕЙ». Дык як мы сабе ўяўлялі, каб з гэтым усім развітацца: за дзень, за тыдзень? Каб мы развіталіся хутка, памянялася б толькі прозвішча кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі, а ўсе адэпты тэрору — ад «ліберала» замежніка да будаўніка канцлагераў, ад 26-гадовага ілжывага прапагандыста да 22-гадовай пракуроршы, якая адпраўляе дзяўчынак-журналістак у зону — усе яны, армія, АРМІЯ маньякаў засталіся б на сваіх месцах. Цяпер жа дзень за днём галоўны маньяк збірае, каб уцягнуць з сабою ў пекла ўсіх астатніх маньякаў.

Дый мы самі, як народ, ці былі гатовыя да хуткіх пераменаў? Я ўзгадваю словы аднаго з лідараў страйкамаўскіх камітэтаў і Рады, якая ў жніўні збіралася ўжо пераймаць уладу — словы пра тое, які Лукашэнка дыктатар кепскі, а Пуцін які дыктатар добры.

Мы нават маўчым пра іншых «лідараў», якія шчаслівыя ў Крэмль на паклон зганяць і ганяюць. Вы ўяўляеце, што робіцца ў галовах людзей? Таму я думаю, каб перамены адбыліся хутка, мы самі, як толькі народжаная нацыя, маглі б гэтага не вытрымаць — разарвалася б на кавалкі наша кволая свядомасць. Хто мае вушы пачуць, той пачуе: я кажу пра нацыю, як адзіны арганізм, у якім кожны адказны за кожнага. Таму доўгі шлях — ён працуе на нас, ён дзеля нас саміх.

Падобнае ўжо было ў нашай гісторыі. У 1988 годзе, калі Праўда пра Курапаты скаланула Беларусь і нават Савецкі саюз, кожны, хто пайшоў за Праўдай, абсалютна дакладна разумеў, што Турма народаў — усё, ёй канец. Хоць Імперыя зла канчалася ў канвульсіях яшчэ некалькі год. І я думаю, па той жа самай прычыне: каб максімальна выявіліся і зышлі на звалку гісторыі маньякі; каб свядомасць людзей Праўды была падрыхтаваная да нечуваных выклікаў нацыі, якая нараджаецца. Хоць, як мы не да канца асэнсавалі Праўду Курапатаў, то шмат маньякаў са звалкі вярнуліся. Але і Незалежнасць была абвешчана, і Сцяг уваскрос. Так і зараз: кожны, хто сёння не прадаў неўміручую душу хлусні, абсалютна дакладна разумее: Лукашэнка — усё, яму канец. Забудземся ўвогуле на гэтага ходзячага пякельніка — няма яго, ён кончыўся. Нам трэба гэта вельмі дакладна разумець: тое, што з намі робіцца цяпер — робіцца самым лепшым чынам, лепш не магло быць! — рыхтуецца ачышчэнне Беларусі ад арміі маньякаў і ідзе працэс ачышчэння свядомасці народа.

ІІ. Што рабіць?

Гэта, што тут ужо хавацца — радаснае пасланне — натхняе кожнага суразмоўцу задаць наступнае пытанне: «Дык што рабіць?» Бог, быўшы з намі ў целе, заўсёды казаў пра дзве запаведзі, на якіх трымаецца сусвет: Любі Бога і любі бліжняга, як самога сябе. І другую запаведзь Ён шматкроць тлумачыў тагачасным змагарам за Праўду: што хочаце, каб іншыя вам рабілі, тое і вы ім рабіце; хто хоча быць сярод вас першым, той хай будзе апошнім і слугою ўсіх. І сёння гэта адна з лёсавызначальных справаў для нас: не думаць пра іх, а думаць пра нас; не турбавацца пра пякельніка, а турбавацца пра саміх сябе — быць слугою кожнаму змагару за Праўду. Ты можаш ахвяраваць сем’ям палітвязняў — ахвяруй, ты можаш падтрымаць заняпалага духам — падтрымай, ты можаш памаліцца за змучанага целам ці душою — памаліся. Калі мы хоць на гарчычнае зерне навучымся любіць кожнага змагара, як самога сябе — гэта ўжо палова нашае перамогі. І калі вы ўжо забыліся на пякельніка, перасталі чытаць пра яго навіны і вырашылі пасадзіць гарчычнае зерне, я скажу вам, што ёсць другая палова нашае перамогі.

Другая палова перамогі: гэта дар, дадзены нашаму народу пры нараджэнні, як Тата Нябёсны адзін у нас, так адна ў нас яна — родная мова. Мы доўга грэбавалі ёю, мы доўга казалі «потом», «какая разница», «не имеет значения». Але ўсё ў гэтым свеце мае значэнне, тым больш родная мова, тым больш родная мова пад акупацыяй, у часіны тэрору. Калі мы маглі без рэпрэсій выходзіць на праспекты, мы пра гэта не думалі. Калі мы маглі без турэмных наступстваў уздымаць сцяг, мы родную мову адкладалі на потым. Цяпер, калі за сцяг — содні, за мітынг — арышт, за журналісцкую працу — зона, цяпер мы ўзгадваем, што забыліся на самую галоўную сваю зброю — родную мову.

За родную мову акупанты пакуль што не пасадзяць цябе, за родную мову «гасударавы людзі» пакуль што не расстраляюць цябе, за родную мову на працы ці ў краме карнікі пакуль што не накінуцца на цябе. Родная мова цяпер, як трапна заўважыў Аляксей Шэін, гэта твой штодзённы адзіночны пікет. Калі гэта сёння апошняе, што засталося ў тваіх магчымасцях зрабіць — зрабі, бо гэта апошняе ёсць першым.

Канешне, мова — гэта меч цяжкі, ім трэба вучыцца карыстацца. Але ўжо ў гэтую секунду ты можаш дастаць меч з ножнаў — пачаць казаць «дзякуй», «прывітанне», «калі ласка» — і казаць гэтыя словы заўсёды і паўсюль заместа іншамоўных адпаведнікаў. Толькі ўяві сабе, калі б мільёны патрыётаў сказалі сёння ў краме «дзякуй» — як памяняўся б навокал эфір, як у імгненне адным толькі словам перамянілася б Беларусь! А потым ты заўважыш, як майстэрства двусечнага мяча пранікае ў цябе глыбей і глыбей, пакуль ты не станешся напоўніцу ўзброеным змагаром за Праўду, які выйшаў на гэты цяжкі, але радасны шлях да перамогі.

Дык цяпер, на нашым даўжэйшым, чым мы думалі, і цяжэйшым, чым мы хацелі б, шляху да перамогі, учапіся за Таго, Хто кажа пра Сябе: Я ёсць Шлях, Праўда і Жыццё; любі кожнага змагара за Праўду, як самога сябе; трымай двусечны меч — на гэтых запаведзях трымаецца Беларусь, гэтыя запаведзі — наш план, які гарантуе Перамогу.