Родныя палітвязня Багдзевіча: Яго дома чакаюць, яму ёсць, куды вярнуцца

Івана Багдзевіча затрымалі 19 кастрычніка каля дома ў вёсцы Рыбцы Пухавіцкага раёна. АМАП брутальна скруціў яго на вачах у жонкі і маленькіх дзяцей. 12 траўня Івану спаўняецца 27 гадоў, і ўжо амаль 7 месяцаў мужчына знаходзіцца за кратамі. «Новы Час» паразмаўляў з роднымі палітвязня і даведаўся, як яны жывуць гэты час без сына, мужа, брата і бацькі.

sjam_ja_bahdzevicza__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas7_logo.jpg


Нікуды не хадзіў — а справу завялі

— Я была з сярэднім сынам у гародзе, мы збіралі маліны. Мой муж са старэйшай дачкой рамантаваў машыну за гародам. Мы размаўляем, і тут праязджае машына. Муж кажа: «”Апера” паехалі, я іх у твар ведаю». І праз пару хвілін прыязджае сіні бусік, не паспявае спыніцца, з яго выбягае АМАП з аўтаматамі. Мужа ставяць на калені ледзь не ў лужыну перад дзецьмі, надзяваюць кайданкі і ўводзяць, — узгадвае дзень затрымання жонка Івана Багдзевіча Аляксандра.
Івана забралі а палове на першую дня, не сказаўшы, куды. Дарэмна маці з братам абтэлефаноўвалі РУУСы — ніхто не даваў ніякай інфармацыі. Толькі а сёмай вечара ўдалося даведацца, што ён на Акрэсціна.
Праз трое сутак Івана не адпусцілі, а родным сказалі, што яго арыштавалі яшчэ на 10 сутак. Толькі ад сукамерніка з Акрэсціна, які патэлефанаваў маці Івана Таццяне, удалося даведацца, што Багдзевіча пераводзяць у СІЗА на Валадарскага.
Пазней стала вядома, што крымінальную справу на мужчыну завялі за падзеі ў Мінску 9 — 12 жніўня. Але ў гэтыя дні Іван нікуды не хадзіў.
— Мы нават на выбары не ездзілі. З 8 на 9 мы былі на начной рыбалцы з дзецьмі. А ўвечары знік інтэрнэт, у мяне адной ён быў. Мы нікуды не выходзілі, сядзелі і чыталі, — гаворыць Аляксандра.

sjam_ja_bahdzevicza__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas10_logo.jpg


Спачатку Івана абвінавачвалі па артыкуле 293 КК (удзел у масавых беспарадках), цяпер абвінавачанне перакваліфікавалі на арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Але паводле родных, упершыню Іван выйшаў на мітынг 14 жніўня, таму ён ніяк не мог удзельнічаць у падзеях 9 — 12 жніўня.
Блізкія дасюль не могуць знайсці адказу, чаму затрымалі Івана. Як і тысячы беларусаў, ён хадзіў на мірныя мітынгі ў Мінску, але ніякіх супрацьпраўных дзеянняў не здзяйсняў. Для Івана, гаворыць маці, заўжды на першым месцы была сям'я, ён стараўся падняць на ногі дзяцей, уласнымі рукамі зрабіў прыбудову да хаты.
— Ён не п'яніца, не «раздзяўбай», ён — працавік. Захапляўся рыбалкай, машынамі — з заплюшчанымі вачыма любую разбярэ і збярэ, — апавядае Таццяна.
Перабіраючы ў думках усе магчымыя прычыны затрымання сына, жанчына можа знайсці толькі адну, дый тая, мякка кажучы, не цягне на крымінальнае злачынства: яшчэ падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую на адным з пікетаў Іван сфатаграфаваўся з Сяргеем Ціханоўскім і выклаў здымак у інтэрнэт.

photo5240169815962923715_logo.jpg


«Дзе мой тата?»

Пакуль траім дзецям Івана Багдзевіча гавораць, што тата ў бальніцы, яму робяць уколы, ён паправіцца і вернецца да іх. Старэйшыя, 4-гадовая Даша і 3-гадовы Сцёпа, кожны дзень запытваюцца, дзе тата. Руслан, якому год і 5 месяцаў, пакуль яшчэ не разумее, што тата знік. За час, пакуль Іван за кратамі, Руслан навучыўся хадзіць, а Сцёпа — гаварыць.  

sjam_ja_bahdzevicza__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas9_logo.jpg


— Першы час Сцёпа быў вельмі «зашуганы»: ён бачыў, як тату забралі, і баяўся, што і мяне так могуць забраць, — гаворыць Аляксандра.

sjam_ja_bahdzevicza__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas5_logo.jpg


— Даша і цяпер, калі мы размаўляем, раптоўна пачынае плакаць. Я запытваюся, што здарылася, а яна пытаецца: «Дзе мой тата?» — дадае Таццяна.

sjam_ja_bahdzevicza__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas1_logo.jpg


Бадай, гэта самае цяжкае — што дзеці растуць без бацькі. А яшчэ сёлета сям’я ўпершыню правяла зіму без Івана — і гэта таксама было выпрабаванне не з лёгкіх: дом не дабудаваны, было холадна. У трубах замярзала вада, Аляксандра мусіла ўставаць начамі тапіць кацёл, каб дзеці не мерзлі. Да таго ж вельмі не хапала дапамогі па гаспадарцы: сям’я трымае 18 свіней, курэй, карову. Парасяты былі і ў Івана, але Аляксандры давялося іх прадаць, каб збіраць мужу перадачы.

sjam_ja_bahdzevicza__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas12_logo.jpg


Прашу Сашу распавесці, як яны з Іванам пазнаёміліся. Ён першы напісаў у інтэрнэце ў чаце знаёмстваў, але дзяўчына яго адпрэчыла, бо ён быў малодшы за яе. Але праз два тыдні хлопец напісаў ёй зноў — і тады закруцілася.
— Мяне зачапіла яго простая камунікацыя, ён без пантоў, вясёлы, кампанейскі, — прызнаецца жонка.
А маці дадае:
— Ён вельмі добры, апошнюю майку аддасць.

Маці страціла 80% зроку, у сына пашкоджана рука

Вонкава і не скажаш, што сям’я цяпер праходзіць праз цяжкія выпрабаванні. Аляксандра трымаецца стрымана і спакойна, жвавая Таццяна — пастаянна жартуе. І толькі цыгарэты, якія спальваюць адну за адной абедзве жанчыны, выдаюць іх перажыванні.
— Мы вельмі цяжка гэта перажылі. Я страціла 80% зроку на правым воку, 9 чэрвеня мне прызначаць аперацыю па замене крышталіка. Для нас гэта вельмі цяжка, вам не перадаць, як гэта даецца. Я ўсміхаюся, але ўнутры кошкі шкрабуць на душы, — прызнаецца Таццяна.

sjam_ja_bahdzevicza__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas3_logo.jpg


Але сярод змроку, у якім ужо больш за паўгода жыве сям’я, бываюць і светлыя моманты. З сакавіка Аляксандра змагла ўжо тройчы пабываць на спатканні з мужам. Гаворыць, на першым плакалі абодва. У красавіку сына нарэшце ўбачыла і маці.
— Ён трымаецца пазітыўна. На спатканні пажартавала: «Пайшлі дадому!» А ён кажа: «Мама, я зараз куртку схаджу вазьму і пойдзем», — успамінае Таццяна.
Падчас спаткання Аляксандра заўважыла, што ў мужа дрыжыць рука, калі ён трымае тэлефон.
— У яго рука нямее. Яму так сціснулі рукі кайданкамі пры затрыманні, што пашкодзіліся нервовыя канчаткі, — гаворыць Аляксандра.
Сям’я вельмі перажывае за здароўе Івана, якім, калі ён выйдзе на волю, трэба будзе шчыльна заняцца. Два месяцы ў СІЗА ў яго быў высокі ціск і павышаны цукар у крыві. Але іх Ваня — моцны, ён усё вытрымае. У звязку з гэтым Таццяна распавядае гісторыю яго з’яўлення на свет. Хлопчык нарадзіўся здаровым, але роды прымаў доктар-практыкант і, калі ён рабіў немаўляці штучнае дыханне, у Ванечкі лопнула левае лёгкае. Да сёй пары ў яго дыягназ — левабаковы пнеўматоракс. На другі дзень жыцця яму рабілі аперацыю, больш за паўмесяца ён ляжаў у кювезе. Жанчыне нават прапаноўвалі адмовіцца ад дзіцяці, але яна не магла на гэта пайсці.

Падарунак для сукамерніка

Вытрымліваць усе цяжкасці дапамагаюць дзеці і вера ў шчаслівую будучыню іх вялікай дружнай сям’і. І яшчэ — цвёрдае перакананне ў тым, што Іван не здзейсніў ніякага злачынства.
— Новы год мы сустракалі са слязьмі, — гаворыць Саша. — 31 снежня нам удалося перадаць яму перадачу, і потым мы атрымалі ліст з віншаваннямі і падзякамі ад яго і сукамернікаў за смачняшкі да навагодняга стала.
У СІЗА вельмі абмежаваныя спосабы баўлення часу. Неяк усёй камерай вязні складалі для Аляксандры крыжаванку, праўда, даслаць яе так і не ўдалося — забралі наглядчыкі. А яшчэ Іван змайстраваў падарунак да дня народзінаў сукамерніка, блогера Уладзіміра Цыгановіча.
— Я перадавала мужу шматразовы станок для галення. А ён узяў гэты станок, шмат туалетнай паперы, газеты, і скруціў вялікі мяч — маўляў, пагуляць падчас шпацыру. І ён падарыў Уладзіміру гэты мяч з умовай, што той разгорне кожную паперчыну. Унутры аказаўся той самы станок. Шукаюць забавы, як могуць, — дзеліцца Аляксандра.
Таксама яна даведалася, як на Валадарцы адзначалі Новы год. Нейкі час Іван сядзеў з Аляксандрам Курдзюковым, сябрам застрэленага ў Брэсце Генадзя Шутава. Курдзюкоў напісаў жонцы, што ў 10 гадзін вечара ў камеры адключылі святло — не працавала ні радыё, ні тэлевізар. А Іван напісаў, што яны прыгатавалі смачныя бутэрброды, духмяную гарбату і сустрэлі Новы год, а ў 23.34 пачулі, як у суседніх камерах усе сталі віншаваць адзін аднаго — нават не адразу зразумелі, чаму так рана.

«Я хачу, каб аднавіўся парадак у краіне»

Суразмоўцы шчыра прызнаюцца, што не вераць у хуткія змены ў Беларусі. Хаця эканамічная сітуацыя імкліва пагаршаецца.
— У мяне ёсць прэтэнзіі да Лукашэнкі. Мой муж у мінулым месяцы атрымаў у калгасе такі заробак, што я два дні баялася зняць з карткі гэтую суму — ажно 250 рублёў! — іранізуе Таццяна.
Пачынаючы з новага года кожны месяц 19 чысла сям’я Івана Багдзевіча з надзеяй чакае, што іх сыну, мужу, бацьку, брату зменяць меру стрымання і ён вернецца дадому. Але шторазу гэтая надзея не спраўджваецца. А апошнім часам істотна пагоршылася сітуацыя з перапіскай. Таму Аляксандры даводзіцца ездзіць у Мінск, каб дасылаць мужу тэлеграмы — яны даходзяць.

sjam_ja_bahdzevicza__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas11_logo.jpg


Неўзабаве стане вядомая дата суда над Іванам Багдзевічам, працэс адбудзецца ў Першамайскім судзе Мінска. Родныя стаміліся ад няпэўнасці і чакаюць, што нарэшце з’явіцца нейкая канкрэтыка — якім бы ні быў прысуд. У лістах палітвязень прасіў родных набыць яму турэмную робу, ён ужо падрыхтаваў сабе сумку з цыгарэтамі, кавай, бялізнай — на ўсялякі выпадак, каб быць гатовым да тэрміну.
Родныя Івана падтрымліваюць стасункі з сем’ямі іншых палітзняволеных, і гэта ім вельмі моцна дапамагае.
— Я хачу, каб аднавіўся парадак у краіне, каб бязвінныя людзі не сядзелі. Не адны мы пакутуем, — заключае Таццяна.

sjam_ja_bahdzevicza__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas8_logo.jpg


У дзень народзінаў блізкія зычаць Івану найхутчэйшага вызвалення і вяртання да сям’і і дзяцей, якія вельмі па ім сумуюць.
— Ён ведае, што яго дома чакаюць, яму ёсць, куды вярнуцца.

Вы можаце павіншаваць Івана Багдзевіча, даслаўшы яму ліст, паштоўку ці грашовы перавод. Адрас: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.