Сайт «Народнай Волі» падвергнуўся кібератацы

Сайт «Народнай волі» з вечара 5 сакавіка падвяргаецца «інтэнсіўным DDoS-нападам», паведамляе рэдакцыя.

klxbkxip7nw.jpg


Партал быў адноўлены з рэзервовай копіі, зробленай раней. Апублікаваныя раней тэксты часова не адлюстроўваюцца. Супрацоўнікі рэдакцыі абяцаюць у бліжэйшы час апублікаваць іх паўторна, пасля чаго яны стануць даступныя па ранейшых URL, паведамляе REFORM.by са спасылкай на Telegram-канал выдання.

Рэдакцыя прыносіць прабачэнні чытачам і абавязваецца ў хуткім часе ліквідаваць наступствы.

DDoS-атака (англ.: Distributed Denial of Service, «размеркаваная адмова ў абслугоўванні») заснавана на бясконцых масавых запытах на сайт, у выніку якой вэб-сервер аказваецца перагружаны: колькасць запытаў перавышае магчымасці іх апрацоўкі. Атакаваны рэсурс пры гэтым становіцца недасяжным, альбо да яго доступу ўзнікаюць складанасці. Як правіла, такі від атакі не вядзе да пранікнення зламыснікаў на сервер і прыводзіць толькі да немагчымасці наведвальнікаў патрапіць на сайт. Мяркуючы па паведамленні рэдакцыі, атака прывяла да ўзлому сервера і выдаленні базы дадзеных або некаторай яе часткі. Магчыма, гаворка ідзе аб іншым відзе нападу.

У дадзены момант сайт закрыты DDoS-абаронай ад кампаніі Cloudflare.

Нагадаем, у лістападзе мінулага года «Народная Воля» заявіла аб спыненні выпуску папяровай газеты пасля таго, як маскоўская друкарня разарвала з выданнем дамову. Разам з тым сілавікі прыйшлі ў рэдакцыю «Народнай волі» ў Мінску і канфіскавалі ўвесь новы наклад, а таксама затрымалі кіроўцаў, што прывезлі яго, і валанцёраў. Цяпер газета выдаецца ў электронным варыянце.

Праблемы ў выдання пачаліся ў жніўні. Пасля матэрыялаў пра пратэсты на перадавіцах газеты ў «Доме друку», дзе друкавалі выданне, пачала пастаянна «ламацца» друкавальная машына (такая ж сітуацыя была з «Камсамолкай»). Затым дамова з газетай была разарваная, і яе сталі друкаваць пад Масквой. Перастала распаўсюджваць газету і «Белпошта». А ў лістападзе «Народную волю» не ўнеслі ў падпісны каталог на 2021 год.