«Самае галоўнае — гэта быць вольным»

Пра валанцёрку «Вясны» Жэню Бабаеву беларусы даведаліся, калі яе кінулі за краты ў той жа дзень, што і некаторых праваабаронцаў. І хоць Жэня — грамадзянка Расіі, аднак гэта не перашкодзіла ёй дапамагаць пацярпелым ад рэпрэсій беларусам. «Ёсць рэчы, на якія заплюшчыць вочы немагчыма», — пераканана Жэня.

У ізалятары Яўгенія прабыла трое сутак. Яе адпусцілі, бо дзяўчына падпісала пагадненне аб супрацоўніцтве са следствам. Адразу пасля гэтага яна з мужам Вячаславам пакінула краіну. У гутарцы з НЧ Яўгенія распавяла, як яе лёс аказаўся знітаваным з лёсамі тысяч беларусаў.

— Жэня, у Беларусі вы пражылі пяць гадоў. Чым займаліся ў Мінску да жніўня 2020 года?

— Маё жыццё заўжды было звязанае са спортам. Па прыездзе ў Беларусь я намагалася прабіцца ў федэрацыю па лёгкай атлетыцы, але не атрымалася. У Расіі можна трэніраваць, калі ў цябе няма прафесійнай спартыўнай адукацыі, у Беларусі — усё інакш. Маіх званняў было недастаткова, таму я пайшла вучыцца.
Таксама трэніравала ў фітнес-клубе, займалася аздараўленчай фізкультурай… А пасля, нарэшце, зразумела, што хачу працаваць настаўніцай фізкультуры ў звычайнай школе, выстаўляць каманды на спаборніцтвы… Гэта якраз было летась, перад выбарамі. Я пільна сачыла за той школай, дзе мне прапанавалі працу: адсочвала даныя з дапамогай платформ «Голас» і «Зубр». На жаль, праўдзівы пратакол камісія не вывесіла.

— Але чаму вам, грамадзянцы іншай краіны, было не ўсё адно, у якой школе працаваць?

— Я згодная, што на самай справе палітычная сітуацыя Беларусі, магчыма, нас і не тычыцца. Але, калі вакол пануе хлусня, беззаконне, то няважна, ці з’яўляемся мы грамадзянамі гэтай краіны. Ёсць рэчы, на якія заплюшчыць вочы немагчыма. Я — за шчырасць і справядлівасць. Я зразумела, што ў школе, дзе сфальсіфікавалі падлік галасоў, працаваць не змагу. Такія рэчы ідуць уразрэз з маімі жыццёвымі прынцыпамі.

— Вы маглі з’ехаць з Беларусі ўжо тады, аднак гэтага не зрабілі…

— Складанае пытанне. Тут было некалькі фактараў. Я бачыла, колькі людзей сядзіць у турмах, і падумала, што калі з’едзем, то я кіну іх усіх… А як можна кінуць таго, хто сядзіць за нас, хто праявіў смеласць за іншых людзей? Я разумела, што, прынамсі, нейкімі дзеяннямі іх трэба падтрымліваць. Да таго ж у мяне пастаянна была вера ў тое, што яшчэ крышку — і ўсё памяняецца.

— Родныя не ўгаворвалі вярнуцца?

— У жніўні яны былі занепакоеныя. А пасля сваякі звычайна проста цікавіліся, ці ў парадку мы.

— Як вы прыйшлі да праваабарончай арганізацыі «Вясна»?

— У канцы жніўня затрымалі двух нашых сяброў. Абодва пайшлі шпацыраваць у цэнтр Мінска. Мы не маглі нідзе іх знайсці, бо ніхто не даваў пра іх аніякай інфармацыі. Быў толькі акт затрымання — і ўсё. Калі мы прайшлі праз гэта, то зразумелі, што няведанне, дзе знаходзіцца твой блізкі, — гэта сапраўднае катаванне. Мне захацелася проста дапамагчы іншым людзям, каб яны не перажывалі так моцна, калі іх родных затрымалі, каб у іх галаве быў нейкі алгарытм, што рабіць у такіх сітуацыях…

Я стала шукаць інфармацыю, якім чынам я магу дапамагчы родным затрыманых. І наткнулася на абвестку, што праваабарончая арганізацыя «Вясна» шукае валанцёраў, якія б маглі хадзіць на судовыя пасяджэнні. Я тады ўжо хадзіла ў суды, і прыкладна разумела, што ад мяне патрабуецца, таму пагадзілася. Гэта быў пачатак верасня. Я хадзіла ў суды, глядзела, у якога суддзі і калі будуць разглядацца справы, сядзела на саміх працэсах... Сваякі часта не прыходзілі на працэсы да сваіх блізкіх, бо яны наўпрост не ведалі, дзе і калі тыя адбываюцца! З сакавіка ўжо асабліва не было масавых затрыманняў. Затое пачаліся судовыя працэсы па крымінальных справах.

— Не баяліся?

— Спачатку не. Але недзе ад лютага абстаноўка пачала напальвацца. Суддзі пачыналі перашкаджаць быць на адкрытых пасяджэннях, былі намаганні сфатаграфаваць нашы пашпарты, што ў прынцыпе незаконна. Былі выпадкі, калі суддзі маглі выклікаць нарад на валанцёраў. Тады станавілася крыху страшна.

— Ці чакалі вы, што ў той дзень, калі прыйшлі па праваабаронцаў «Вясны», прыйдуць і па вас?

— Шчыра кажучы, напярэдадні, увечары, у мяне была нейкая невытлумачальная трывога… Я доўга не магла заснуць, што не характэрна для мяне. У той дзень, у сераду, я як звычайна ішла ранкам з ёгі. Калі ўжо падыходзіла да дому, то прачытала пра ператрусы ў праваабаронцаў. Але не магла і падумаць, што прыйдуць і да мяне. Хто такая я, і хто такі Алесь Бяляцкі? Але на лесвічнай пляцоўцы мяне абступілі супрацоўнікі ДФР.
Тады ў мяне сэрца ў пяткі сышло. Мне паказалі пастанову на ператрус на падставе крымінальнай справы. Там былі прапісаны назвы артыкулаў Крымінальнага кодэкса — частка 2 артыкула 16 (пасобніцтва ў злачынстве) і артыкул 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў). Але я думала, што гэта памылка… Я думала, што яны пабачаць, што ў мяне дома нічога няма, і сыдуць.

Пасля заканчэння ператрусу мне сказалі, каб я перакусіла перад тым, як мяне забяруць. Аднак нават на той момант у мяне не было адчування, што мяне затрымліваюць. Калі мяне ўжо прывезлі да следчага ў ДФР, і я чакала адваката, адчувала каласальны стрэс, не магла сядзець склаўшы рукі. Я пачала размаўляць са следчым пра ўсё — пра надвор’е, нейкія побытавыя рэчы… Пасля гэтага падалося, што гутарка пайшла больш лагодна. Ілюзіі скончыліся, калі мяне пасадзілі ў машыну і павезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. Адзін супрацоўнік набыў мне снікерс і даў вады, бо вячэру ў ІЧУ я ўжо прапускала. Але ад стрэсу есці я не магла.

— Што падалося для вас там сапраўднымі катаваннямі?

— Сапраўдным катаваннем для мяне стаў момант, калі пасля запаўнення папер у ІЧУ мяне паставілі ў стакан. Стакан — гэта жах! Гэта маленькае памяшканне — паўметра на паўметра, бетонныя сцены, уверсе маленькія краты, дзе прабіваецца святло... Я мяркую, што правяла там каля паўгадзіны. Пасля мяне прывялі ў камеру. Заўважыла, што там у людзей былі і падушкі, і матрацы... Амаль адразу мяне перавялі ў іншую камеру. Я так зразумела, што, напэўна, матрацы — гэта не для мяне. Сапраўды, у іншай камеры, куды мне прывялі, стаялі шконкі без матрацаў і падушак. Асаблівым катаваннем для мяне быў адкрыты кавалак форткі ў камеры, праз які я бачыла маленечкі кавалачак неба… Я глядзела туды і думала, што там — свабода.

— Ці спадзяваліся вы выйсці з ізалятара праз 72 гадзіны?

— Адвакат не спадзяваўся, што мяне адпусцяць, — ён адразу сказаў, што па крымінальным артыкуле мне свеціць ад 3 да 7 гадоў. Але ў пятніцу ўвечары прышлі тры супрацоўнікі ДФР, вырашылі пагутарыць са мной без пратаколу. Я казала, што займаюся толькі валанцёрскай дзейнасцю ў «Вясне». Я патлумачыла, што разумею, што ім трэба ад мяне, і магу з гэтым дапамагчы, але патрабую гарантый, што я выйду на волю. Адзін з іх даў слова трох афіцэраў. Аднак я зноўку паўтарыла, што мне патрэбны пісьмовыя гарантыя. Яны далі мне паперы — і я напісала, што буду займацца аператыўна-пошукавай справай пад псеўданімам «Жана». Мне далі паперку, дзе былі напісаны ўмовы, што я супрацоўнічаю са следствам і з’яўляюся па выкліку. Але тады яшчэ не было адчування, што мяне дакладна адпусцяць. А на наступны дзень, роўна праз 72 гадзіны я пачула: «Бабаева, з рэчамі на выхад!».

— Чаму вырашылі паступіць менавіта так?

— Я толькі валанцёрка, да гэтай сітуацыі наогул маё імя і прозвішча не ведаў ніхто. Я падумала, што, калі застануся сядзець, наўрад ці гэтым дапамагу людзям. Калі б я была нейкай вядомай асобай ці сімвалам — то так, напэўна, мая барацьба за кратамі была б патрэбнай. А я той чалавек, які проста хоча дапамагчы іншым людзям. Але для гэтага мне трэба быць на волі. Галоўнае — свабода. А там мяне ўжо падтрымаюць і дапамогуць. Калі я выйшла з ізалятара, мы адразу ж сталі збірацца з’язджаць. З’ехалі ў той жа дзень, бо разумелі: калі ёсць падпіска, трэба дзейнічаць максімальна аператыўна.

— Ці адчуваеце вы сябе зараз у бяспецы?

— Я думала, калі акажуся ў бяспецы, то адпусціць. Але нават цяпер, калі чую, як рыпяць дзверы, пачынаю панікаваць. Уначы магу прачнуцца ад страху, што мяне адшукаюць. Хоць я і разумею, што я ў бяспецы.

— Што будзеце рабіць далей?

— Я буду працягваць дапамагаць людзям, нават на «ўдалёнцы». Калі я ўвайшла ў гэтую сітуацыю, то не гатовая так усё кінуць.

— Дапамагаць менавіта беларусам?

— Я валанцёр праваабарончай арганізацыі «Вясна», якая працуе з беларусамі. Атрымліваецца, што так, прынамсі цяпер буду далей дапамагаць беларусам. А Слава — праграміст, ён можа працаваць з любой кропкі свету.

— Як мяркуеце, ці вернецеся ў Мінск, калі сітуацыя нарэшце зменіцца?

— Складана загадваць. Невядома, дзе мы будзем праз дзень, праз месяц… Калі раптам будзе патрэбная мая прысутнасць у Беларусі, каб нармалізаваць сітуацыю, я прыеду.

— Чаму не вяртаецеся да сваіх родных у Расію?

— Нам усім вядома, што ўлады Расіі падтрымліваюць улады Беларусі. Гэта вызначае Расію як небяспечную краіну для мяне. Нягледзячы на тое, што я грамадзянка Расіі і што Расія не выдае сваіх грамадзян.

— Ці шкадуеце вы, што вырашылі падзяліць лёс беларусаў?

— Не. Я разумею, што адзінае, што я магу цяпер зрабіць, — гэта стаць мацней пасля ўсяго, што здарылася, і вынесці ўрокі. Для мяне гэта быў неверагодны досвед! Толькі пасля такіх сітуацый, калі пазбаўляюць усяго, ты разумееш, што для цябе з’яўляецца сапраўды важным. Калі знаходзішся за кратамі, то разумееш, што ўсё настолькі дробязна ў параўнанні з воляй… Самае галоўнае — гэта быць вольным, усё астатняе — прыйдзе.

Фота з сямейнага архіву гераіні

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

,

Больш цікавага на «Новым Часе»: