Самы просты план перамогі

Сказаць па праўдзе, яшчэ ўвосень я думала, што самым жорсткім, але і самым педагагічна правільным варыянтам развіцця падзей мусіць быць варыянт, калі грамадства апынецца адзін на адзін з уладай, без гэтай танюткай праслоечкі быццам бы нармальнага жыцця — незалежнай прэсы, грамадскіх арганізацый, крэатыўных прастораў, усяго таго, што стварала як бы міраж, Фата маргану нармальнасці навокал.

fota_novy_czas_1_logo.jpg


Цяпер большасць з нас не тэарэтычна, а на практыцы спасцігне тое, што раней ведала толькі меншасць: што і на працу возьмуць не кожнага і не паўсюд, і рот закрыюць, і па тэлефоне не ўсё скажаш, і добрага спецыяліста цяпер хіба ў зуме знойдзеш. І ў тэатр асабліва не сходзіш, і на канцэрт. Цяпер тое, што раней рабілі адзінкі — мянялі свядомасць грамадства — мусіць рабіць кожны.
Ну, альбо не рабіць.
І я хачу сказаць, што гэта — той самы адзіна правільны шлях, які толькі і ёсць у народа ў напрамку "людзьмі звацца". Гадаваць унутры сябе чалавека, які ўсё адно, без дапамогі звонку, жыве па сумленні і па законах дабра.
Гадаваць, песціць, люляць унутры сябе беларуса, які ведае свае карані, сваю гісторыю, удумліва аналізуе, дашукваецца нашых агульных памылак і месцаў сілы, які пакрысе вывучае сваю гаспадарку, які ведае ў сваёй хаце кожны куток і чуе, як пяюць пад нагамі дошкі падлогі. "Яны прайгралі, бо не мелі плану". А мы, кожны, мелі план?
А план гэты просты для кожнага з нас. Мяняць жыццё навокал да лепшага. Быць сумленнымі. Не трансляваць у свет нянавісць. Быць упартымі ў праўдзе. Бараніць сваё. Памятаць сваё. Гадаваць дзяцей ў сумленні і любові.
Я па сёння сустракаю людзей, нібыта прыхільнікаў перамен, якія лёгка ідуць на фальсіфікацыі на працы, альбо выганяюць з калектываў нелаяльных, хай сабе і эфектыўных супрацоўнікаў, альбо не хочуць вызваляць утульнае начальніцкае крэсла. Цяпер самы час перагледзець свае жыццёвыя каштоўнасці і спытацца ў самога сябе: а я — вольны ад хібаў старога свету? І калі не вольны пакуль — пачаць вызваляцца.
А яшчэ — чакаць, і дачакацца.
facebook.com