Савок, гудбай!

«Альтэрнатыва» запрашае далучыцца да флэшмобу: пазбаўцеся ад старой савецкай рэчы і атрымайце беларускі падарунак.

unnamed_28.jpg


8 снежня, у 25-ю гадавіну падпісання пагаднення аб спыненні існавання СССР, грамадскае аб’яднанне “Альтэрнатыва” ладзіць у сацыяльных сетках флэшмоб — “Савок, гудбай”.
Каб паўдзельнічаць у флэшмобе трэба зрабіць фотаздымак развітання з любым савецкім атрыбутам і выкласці яго пад хэштэгам #savokgoodbye ў фэйсбуку, укантакце альбо інстаграме. Аўтараў цікавых і арыгінальных фота чакаюць прызы — сувеніры з Пагоняй і нацыянальнай вышыўкай!
“З дапамогай такой акцыі мы хочам прыцягнуць увагу грамадства да гадавіны важнай гістарычнай падзеі і разам з тым паказаць — час савецкай улады скончаны, сёння нашай краіне варта трымацца новых падыходаў, дэмакратыі і свабоды, мадэрнізацыі і прагрэсу. Амаль у кожнага з нас у кватэры нешта засталося з той чырвонай эпохі. Таму сімвалічна, у гэты дзень мы будзем ачышчацца ад саветчыны. Напрыклад, можна зняць са сцяны стары дыван, выкінуць на сметніцу тэлевізар, радыёпрыёмнік, тэлефоны апарат, кнігі па гісторыі КПСС, піянерскі гальштук, альбо прымуць штосьці іншае”, — каментуе ідэю акцыі прэс-сакратар “Альтэрнатывы” Вольга Бурневіч.