Сцяпан не мог зрабіць большага, седзячы ў клетцы. Ці можам мы?

Чарговы судовы працэс над чарговым палітвязнем мог стаць шараговым і амаль руцінным. Але стаў для ўсіх нас крыкам болю і адчаю. Прыкладам мужнасці і нескаронасці.

latypov_stepan_logo_1.jpg


Сцяпан Латыпаў, арбарыст, затрыманы на «Плошчы пераменаў», падчас судовага пасяджэння 1 чэрвеня ўткнуў сабе ў горла асадку. Гэта для яго быў адзіны спосаб абараніць свайго бацьку, сваіх сяброў, сябе ад ціску. Гэта быў крок болю і адчаю, крок мужнага невінаватага чалавека.

Усё, што я ведала пра Сцяпана Латыпава, — гэта гісторыя яго затрымання і артыкулы, якія яму прад’явілі. Напэўна, як і большасць. Аказалася, што сваякоў у Сцяпана няшмат. З блізкіх, якія былі на судзе, — бацька і цётка. Астатнія — сябры. Іх у Сцяпана шмат.

Калі зняволенага вялі ў залу, нас адціснулі ў іншы калідор. Але я пабачыла яго са спіны, калі ён падымаўся па лесвіцы: хоць рукі ў яго былі ў кайданках, аднак ён усё ж зрабіў знак «перамогі».

Я доўга разглядала Сцяпана ў клетцы. Ён быў у той жа скураной карычневай куртцы, што і падчас затрымання 15 верасня. Запясце правай рукі перабінтаванае, а на твары з-пад маскі бачыўся крывападцёк.

— Ці маю права карыстацца роднай мовай? — спытаў Сцяпан на пачатку пасяджэння. Суддзя Савецкага суда Мінска Аляксандр Воўк дазволіў, але сам працягнуў весці працэс па-руску.


Памочнік пракурора Уладзімір Рабаў амаль гадзіну зачытваў абвінавачанне. Найперш Сцяпана вінавацяць у парушэнні ч. 1, 2 арт. 342 («Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэння працы транспарту і арганізацый, і актыўны ўдзел у такіх дзеяннях») і арт. 363 («Супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку»). Ні па адным з абвінавачванняў Сцяпан вінаватым сябе не прызнаў.


193420144_308509114291289_2729576657114502582_n_logo_1.jpg


Сярод пацярпелых — супрацоўнікі міліцыі, якія затрымлівалі Сцяпана на «Плошчы перамен» 15 верасня. Латыпава абвінавачваюць у тым, што пры затрыманні ён пагражаў супрацоўнікам міліцыі. Пацярпелы Рогаў на судзе сказаў, што Латыпаў, калі яго неслі да машыны, нанёс яму ўдар у правы бок галавы, прытым, ці быў гэта сапраўды ўдар, ён ужо не памятае: «Напэўна, ударыў, бо ў мяне пахіснулася кепка». Суддзя зафіксаваў супярэчнасць і зачытаў паказанні, якія той даваў 18 лютага — у іх было зафіксавана, што Латыпаў зрабіў на яго замах. Пасля гэтага Рогаў паправіў сябе: «Ён прамахнуўся і трапіў па кепцы».

Сцяпан спытаў:

— Пацярпелы, ці быў у вас характэрны ацёк на твары пасля 15 верасня 2020 года, як у мяне? — Сцяпан зняў маску. Цяпер гематома на правай частцы твару больш не хавалася пад маскай.

Людзі зашапталіся. Што гэта? Адкуль. Яго білі? А тым часам працягваўся допыт пацярпелых. Па іх паказаннях, Латыпаў іх не біў, а магчымыя яго замахі — гэта, хутчэй, міжвольныя рухі, калі ён намагаўся вырвацца з рук міліцыянераў. Адвакат задала ім аднолькавае пытанне: у чым яны лічаць сябе пацярпелымі? Сказалі, што пацярпелі маральна. Што ж, можа і так.

Памочнік пракурора таксама агучыў, што Латыпава абвінавачваюць па артыкуле 209 КК («Махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры»). Сцяпан — дырэктар і бухгалтар кампаніі «Беларбо», якая спецыялізуецца на выдаленні небяспечных і аварыйных дрэваў і раслін і займаецца апрацоўкай ад шкодных раслін, напрыклад, баршчэўніка. Па версіі абвінавачвання, Сцяпан падманам заключаў дамовы з заказчыкамі і незаконна авалодваў іх грашыма.

Падчас перапынку цётка Сцяпана Галіна абуралася:

— Калі я паслухала амаль 45 хвілін абвінавачвання Сцяпана, то ў мяне склалася такое ўражанне, што мой пляменнік — гэта «варуга» і «хапуга». Такое адчуванне, што ён хацеў як мага больш грошай сабе забраць, пры гэтым нічога не рабіць. Я сама — біёлаг і аграном і добра ведаю, што такое баршчэўнік. Як патрэбна праца па яго вынішчэнні, бо ведаю людзей, якія пацярпелі ад гэтай расліны. А Сцяпан, як спецыяліст высокага класу, мае вялікія веды. Дамовы заключаліся, людзям тлумачылася, што будзе ісці апрацоўка. Ён сотні гектараў апрацоўваў! А цяпер яго выстаўляюць у такім свеце, нібыта ён толькі і рабіў, што купюры з усіх збіраў...

А яшчэ ў 2015 годзе «СБ. Беларусь Сегодня» пісала пра Сцяпана як пра аднаго з найлепшых арбарыстаў у СНД.

— Сутнасць абвінавачання мне не зразумела, — казаў бацька Сцяпана Сяргей Латыпаў. — Асабліва, што тычыцца махлярства. Усе заявы ад кліентаў праходзяць дзяржкантроль.

Падчас перапынку я пазнаёмілася і з сябрамі Сцяпана. Марына вучылася з ім у сельскагаспадарчай акадэміі. Аліна — хадзіла разам на танцы. Аказваецца, Сцяпан займаецца бачатай. Гэтая танцавальная супольнасць пасля затрымання Сцяпана і стала яму дапамагаць, пасябраваўшы між сабой яшчэ больш.

І вось перапынак скончыўся. Мы зноў вярнуліся ў залу судовага пасяджэння. Прывялі і Сцяпана. Выклікалі першага сведку — Сяргея Латыпава. Памочнік пракурора папрасіў распавесці пра Сцяпана.

— Пра яго дзейнасць ведаю не шмат, — распавядаў Сяргей. — Ён добры чалавек, інтэлектуальна развіты, займае актыўную пазіцыю, мае пачуццё эмпатыі…

Я глядзела на Сцяпана, калі ў залу зайшоў яго бацька: ён узяў у рукі белую анучу, падобную на бінт, якім была пераматаная яго рука, і стаў нервова яе перабіраць. Тады падумала, што ён проста пачаў хвалявацца, як пабачыў бацьку… Але літаральна праз некалькі хвілін Сцяпан падняўся і сказаў тыя апошнія на пасяджэнні словы:

— Бацька! Пасля спаткання да мяне прыйшоў ГУБАЗіК. Паабяцалі, калі я не прызнаю віну, у мяне будзе прэс-хата, крымінальныя справы супраць родных і суседзяў. Прэс-хата ў мяне была — 51 дзень. Так што ты рыхтуйся.

Пасля ён паклаў стаў на лаўку і пачаў рэзаць сабе горла. Усё гэта здарылася літаральна ў некалькі секунд. Жанчыны пачалі крычаць. З усіх бакоў. Мне падаецца, што больш за ўсіх крычала яго сяброўка Аліна, якая перад гэтым папрасіла памяняцца са мной месцам, бо так яна лепш бачыла Сцяпана. «Сцёпа, не трэба!» — крычалі людзі. Клетку адразу адчыніць не атрымалася, бо ў канваіраў не было ключоў… Адчынілі тады, калі Сцяпан ужо ляжаў на лаўцы.

Нас хутка выгналі ў калідор, там людзі працягвалі плакаць у істэрыцы. Выклікалі «хуткую». Мы чакалі на ганку медыкаў і хаця б нейкіх навін... Сцяпана вынеслі на насілках. Вочы ў яго былі расплюшчаныя, а майка — у крыві.


Я прысела на ганак побач з бацькам. Для яго ўжо адшукалі валідол, таму ён сядзеў спакойны, але разгублены…

— Яго з 11 красавіка трымалі ў камеры з людзьмі з псіхічнымі хваробамі, — астатняе — я бачыў тое ж самае, што бачылі вы, — сказаў мне Сяргей Латыпаў. Пэўна, пра тую самую «прэс-хату», пра якую і сказаў Сцяпан у сваім апошнім на сёння слове.

Мы не ведаем, што прыйшлося перажыць Сцяпану за гэтыя два месяцы. Не ведаем дакладна і тое, што хацеў сказаць сам Сцяпан, калі бязгучна, сціснуўшы анучай зубы, спакойна рэзаў сабе горла… Прапагандысты хуценька назвалі тое, што адбылося, «шоу»... Хочацца пажадаць ім усім, каб ні яны, ні іх родныя ніколі не былі ні ўьдзельнікамі, ні гледачамі такіх «шоу».

Бо гэта быў крык. Крык адчаю мужнага і невінаватага мужчыны, які проста больш не ведаў, як абараніць, калі не сябе, то хаця б свайго бацьку і сяброў. Так бывае, калі крычыш без асаблівага спадзеву, што цябе пачуюць, але крычыш. Бо не можаш інакш.

І гэты крывавы вокліч адрасаваны не суддзям, міліцыі ці ўладам… Ён адрасаваны нам. Каб кожны раз, калі мы пачынаем баяцца ці зноўку рабіць нашу хату крайняй, зноў і зноў узгадвалі гэты вокліч. Сцяпан не мог зрабіць большага, седзячы ў клетцы. А што можам зрабіць мы, па гэты бок кратаў?