Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага вызвалілі пад паручальніцтва

Палітвязням, дырэктару і юрысту «Офіса па правах людзей з інваліднасцю» Сяргею Драздоўскаму і Алегу Граблеўскаму змянілі меру стрымання.

Сяргей Драздоўскі і Алег Граблеўскі

Сяргей Драздоўскі і Алег Граблеўскі


«У адносінах да мяне і Алега Граблеўскага змененая мера стрымання, і мы з-пад арышту выйшлі пад даручальніцтва. Пры гэтым следства ў наш адрас працягваецца, і нейкую вялікую інфармацыю звыш таго, што мы ўбачылі на прасторах інтэрнэту, пра нас мы паведаміць не зможам пакуль», напісаў сёння раніцай Сяргей Драздоўскі на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Пра затрыманне прадстаўнікоў асветніцкай праваабарончай установы «Офіс па правах людзей з інваліднасцю», дырэктара Сяргея Драздоўскага і юрыста Алега Граблеўскага стала вядома 3 лютага. Алега Граблеўскага, які з'яўляецца падазраваным па крымінальнай справе, спачатку змясцілі ў ІЧУ на 72 гадзіны, потым перавялі ў СІЗА. Сяргей Драздоўскі, які таксама знаходзіцца ў статусе падазраванага, змешчаны пад хатні арышт з забаронай на выкарыстанне сродкаў камунікацыі. Адвакатамі Алега і Сяргея дадзены падпіскі аб неразгалошанні. Адпаведна, адсутнічае інфармацыя аб абставінах справы, іх затрымання і ўтрымання пад вартай. 
2 лютага прадстаўнікі «Офіса па правах людзей з інваліднасцю» былі паўторна пасля допыту 21 студзеня выкліканыя ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю (ДФР КДК), дзе па іх заяве, на працягу 7 гадзін падвяргаліся жорсткаму і зневажальнаму абыходжанню. Абставіны такога абыходжання былі апублічаныя прадстаўнікамі офіса ў сродках масавай інфармацыі пасля знаходжання ў ДФР КДК, пасля чаго на наступны дзень яны былі затрыманыя.
Праверка службовых асоб арганізацыі была звязаная, паводле інфармацыі ДФР КДК, з магчымым неправамерным завалоданнем грашовымі сродкамі, атрыманымі ёю ў выглядзе дабрачынных узносаў і міжнароднай дапамогі для мэт аказання прававой дапамогі грамадзянам Рэспублікі Беларусь з інваліднасцю.
Сяргей Драздоўскі і Алег Граблеўскі былі прызнаныя палітвязнямію