У судзе Латыпаву стала дрэнна. Выклікалі хуткую дапамогу

29 ліпеня ў 10.00 раніцы ў судзе Савецкага раёна Мінска працягнуўся суд над палітвязнем Сцяпанам Латыпавым.

sciapan_latypau_bialoruski_opozycjonista_ktory_w_akcie_protestu_okaleczyl_sie_na_sali_sadowej_w_minsku_800x450.png

Судовае пасяджэнне па крымінальнай справе супраць Сцяпана Латыпава працягнулася раніцай 29 ліпеня. У Сцяпана сёння новы адвакат — Дзмітрый Канаплянікаў.

Такім чынам, падчас сённяшняга судовага пасяджэння адбываўся допыт сведкаў —  старшыняў сельсаветаў, дзе фірма Латыпава змагалася з баршчэўнікам. Яшчэ да пачатку пасяджэння Сцяпан гаварыў пра высокі ціск у СІЗА, на працэсе ён таксама адчуваў сябе дрэнна, звярнуўся па медыцынскую дапамогу. 

13.20. Сакратарка суда сказала, што ў 14.05 — працяг пасяджэння.

13.19. Машына хуткай дапамогі з'ехала. Лекарам не дазволілі забраць Сцяпана ў шпіталь, верагодна, яго павезлі ў СІЗА.

13:01. Дактары доўга не вяртаюцца, машына хуткай дапамогі ўсё яшчэ стаіць каля суда.

Зрэшты, тое, што Сцяпан Латыпаў падчас судовага пасяджэння сябе дрэнна адчувае, тлумачыцца яшчэ і тым, што ў судзе яго не кормяць, ежу браць з сабой не дазваляюць. Ежу яму забаранілі браць з сабой пасля таго, як ён праткнуў сабе горла. Але ў мінулы раз нехта змог перадаць яму два бутэрброды.

12.30 Адвакат кажа, што пасля абеду працэсу ўжо не будзе, бо ў 14.30 у раскладзе суддзі разгляд іншай справы.

12.20 Цётка Сцяпана бачыла, як медыкаў вывелі на вуліцу і праз унутраны двор правялі ў падвальнае памяшканне. Верагодна, Сцяпана трымаюць там.

12.12 Медыкаў кудысьці паклікаў міліцыянт, яны пайшлі з ім.

12.10. Тым часам зала, дзе застаўся Сцяпан Латыпаў, зачыненая, дактары не могуць туды трапіць. Усе абураюцца: медыкі стаяць, чалавеку кепска — і ніхто нічога не робіць.

Ахова кажа: суддзя выклікаў «хуткую» — значыць, ён ведае, што яна прыехала.

12.02. Прыехала хуткая дапамога. Рэчы медыкаў ахова суда таксама правярае.

11.40. Допыт сведак скончыўся. Латыпаў кажа, што з цяжкасцю сочыць за працэсам. У яго галавакружэнне, сёння зранку ў яго быў зафіксаваны высокі ціск. Урач зрабіў укол, але лепш не стала. Латыпаву будуць выклікаць «хуткую».

11:32. Латыпаў пагаджаецца «пацярпець».

11.30. Латыпаў кепска сябе адчувае, просіць абвяшчэння перапынку для аказання медыцынскай дапамогі. «Гэта не нечакана, цягам доўгага часу». Суддзя кажа, што застаўся апошні сведка, Ігар Анцыповіч, яшчэ адзін старшыня сельвыканкама на Рагачоўшчыне

11:07. Сведка Аксана Беланоўская — старшыня сельсавета. У Курганскім сельвыканкаме фірма Латыпава таксама ў 2019 годзе знішчала баршчэўнік. Працы былі выкананыя, прэтэнзій не было.

Суддзя стаў зачытваць паказанні сведкі, якія яна давала ў лютым, але сувязь перарвалася. Быў абвешчаны перапынак да аднаўлення сувязі. Аднак сувязь хутка аднавілася.

10:57. Наступная сведка — Галіна Болбас з Азяранаў, старшыня сельвыканкама Рагачоўскага раёна.

Латыпаў ёй знаёмы па працы. Ён выконваў працы па барацьбе з баршчэўнікам у пасёлку Заазер'е. Выбіралі яго з адной крыніцы па найменшым кошце.

Галіна Болбас паўтарае тое ж, што і іншыя сведкі: з Латыпавым падпісвалі дамовы, працы былі выкананыя, прэтэнзій не было, прэпарат, які ўжываўся, — церсан.

10:48. Суддзя працягвае настойліва задаваць пытанні, ці правяралі прэпарат, якім апрацоўвалі тэрыторыі (не правяралі), як праводзілася апрацоўка, што прымянялася, як правяралі выкананы аб'ём работ, як адбывалася аплата. Усе сведкі гавораць, што праз пару тыдняў баршчэўнік стаў жаўцець і сохнуць. Калі праз нейкі час пачыналі з'яўляцца новыя расліны, праводзілася паўторная апрацоўка. Усё гэта — у рамках адной дамовы.

Але паўторная апрацоўка не паўсюль была патрэбная. І праводзілася не паўсюль

10:40. Яшчэ адна сведка — Людміла Остава, старшыня аднаго з сельвыканкамаў Рагачоўскага раёна.

Для апрацоўкі тэрыторыі ад шкодных раслін выбрала арганізацыю Латыпава паводле цэнавай прапановы. Сродак для апрацоўкі — той жа церсан

Эфект ад апрацоўкі быў добры, сертыфікацыю рэчыва не правяралі.

Латыпаў таксама запытваецца, у чым заключалася няякаснасць прац. Сведка кажа, што працы былі выкананыя якасна.

Усім сведкам сёння Латыпаў задае гэтае пытанне, а таксама «ў які момант былі выяўленыя прэтэнзіі», хоць сведкі кажуць, што прэтэнзій не было.

10.24. Наступная сведка — Таццяна Шчукіна, старшыня сельвыканкама ў Збароўскім сельсавеце (Рагачоўскі раён). Там фірма Латыпава праводзіла апрацоўку ад баршчэўніка. Яна сустракалася з Латыпавым. Працы былі выкананыя вельмі якасна, прэтэнзій не было. Таццяна Шчукіна заключала з Латыпавым дамову, паказвала ўчасткі для апрацоўкі.

Сведка кажа, што сертыфікацыя рэчываў, якімі апрацоўвалі баршчэўнік, не правяралася — гэта адказнасць выканаўцы.

10.10. Праз скайп будзе выступаць сведка Аляксандр Кольчыц, намеснік начальніка аднаго з упраўленняў па працы і сацыяльнай абароне. Асабіста з Латыпавым ён не знаёмы, але раней працаваў з ім.

Сведка распавёў, што яны шукалі самую танную прапанову ў інтэрнэце па знішчэнні баршчэўніка. «Блізка з Латыпавым не знаёмы, прыехалі два чалавекі на машыне». Латыпава сведка не бачыў, іншыя работнікі выконвалі працы. Згаданыя працы выконваліся ў траўні мінулага года ў некалькіх населеных пунктах.

Латыпаў запыаў у сведкі, якія былі прэтэнзіі да яго працы. Сведка кажа, што ніякіх прэтэнзій не было, адпаведна, ён не звяртаўся па іх вырашэнне.

Баршчэўнік тады апрацоўвалі хімічнымі рэчывамі.

Суддзя запытваецца, ці правяралі неяк гэтыя рэчывы, на якой плошчы праводзілася апрацоўка. Сведка не памятае.

10.07. Сцяпан хадайнічае, каб унесці дапаўненне ў пратакол судовага пасяджэння ад 10 чэрвеня. Суддзя Воўк прапусціў у ім фразу «пасля спробы здзяйснення суіцыду ў судзе Савецкага раёна». Суддзя хадайніцтва адхіліў.

Яшчэ адно хадайніцтва: у судзе Савецкага раёна была здзейснена спроба суіцыду — Латыпаў патрабуе далучыць да справы дакумент, на падставе якога суддзя зрабіў такую выснову. 

10.05. Зараз падключаюць скайп, каб апытаць сведак

10.00. Сцяпан знаходзіцца ў «акварыуме», на ім майка з вожыкам. З ім побач — трое канвойных. Калі мы зайшлі, ён гаварыў адвакату, што ў яго ў СІЗА быў ціск 160.