СК арыштаваў рахункі Беларускага ПЭН-цэнтра і праекта «Имена»

Сёння стала вядома, што на банкаўскі рахунак Беларускага ПЭН-цэнтра, які ўзначальвае Святлана Алексіевіч, накладзены арышт. Рахунак арыштаваны на падставе рашэння Следчага Камітэта ад 13.07.2021. Таксама арыштаваныя рахункі дабрачыннага праекта «Имена». 


Заснавальніца праекта «Имена» Кацярына Сінюк распавяла, што, як яны высветлілі, «яшчэ 14 ліпеня Следчым камітэтам па незразумелых для нас прычынах быў накладзены арышт на рахункі "Імёнаў" (пастанова аб арышце была выдадзена 13 ліпеня)».
Гэта значыць, што яны не могуць рабіць ніякія плацяжы, у тым ліку пераводзіць праектам сродкі, сабраныя на іх працу. Але, паводле слоў Кацярыны, «сайт працуе і вашы ахвяраванні працягваюць паступаць на карысць праектаў на транзітны рахунак банка да моманту зняцця арышту.
Зараз юрысты дапамагаюць нам скласці хадайніцтва ў Следчы камітэт з просьбай дазволіць пералічваць грошы нашым праектам, бо без гэтай дапамогі праекты не змогуць працаваць. А значыць, тысячы людзей — дзеці і дарослыя з інваліднасцю, дзеці-сіроты, бяздомныя, людзі з псіхічнымі захворваннямі, жанчыны, якія пацярпелі ад хатняга гвалту і многія іншыя, — могуць застацца без неабходнай дапамогі».
На мінулым тыдні ў офісе «Имён», як і ў дзясятку іншых некамерцыйных недзяржаўных арганізацый, прайшоў ператрус.