Следства адмовілася змяніць меру стрымання для Андрэя Скурко

Бацькі супрацоўніка «Нашай Нівы» Андрэя Скурко звярнуліся да следства з просьбай змяніць меру стрымання для сына. Пажылыя і хворыя людзі засталіся без дапамогі, піша «Свабода».

У заяве яны згадалі, што ў Андрэя інсуліназалежны цукровы дыябет, а турэмныя ўмовы ды адсутнасць дыеты нішчаць яго здароўе. Акрамя таго, без бацькі расце паўтарагадовы сын.

Аднак следства адмовіла ў задавальненні хадайніцтва. Вось які адказ атрымалі бацькі Андрэя Скурко.

«Сабраныя ў крымінальнай справе доказы даюць дастатковыя падставы меркаваць, што абвінавачаны можа схавацца ад органаў крымінальнага пераследу, перашкодзіць папярэдняму расследаванню, у тым ліку шляхам аказання незаконнага ўздзеяння на асоб, якія ўдзельнічаюць у працэсе, утойвання ці фальсіфікацыі матэрыялаў, якія маюць значэнне для справы, не з’явіцца без важных прычын па выкліку ў орган, які вядзе крымінальны працэс», — гаворыцца ў лісце.

Раней следства з аналагічных прычын адмовілася выпусціць з СІЗА пад асабістае паручальніцтва галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча.

Абодва супрацоўнікі незалежнага медыя прызнаныя палітычнымі вязнямі.

Справа «Нашай Нівы»

  • Чатырох «нашаніўцаў» затрымалі сёлета 8 ліпеня: галоўнага рэдактара сайта «Наша Ніва» Ягора Марціновіча, галоўную бухгалтарку «Нашай Нівы» Вольгу Раковіч, рэдактара часопіса «Наша гісторыя», дзіцячых часопісаў «Асцярожна, дзеці!» і «Дуду» Андрэя Дынько і кіраўніка аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэя Скурко.

  • Марціновіча пры затрыманні білі па галаве. Яму выклікалі «хуткую».

  • «Нашаніўцаў» затрымлівалі спачатку ў межах крымінальнай справы аб «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК Беларусі).

  • Паўторна іх затрымалі за тое, што камунальныя паслугі ў памяшканні рэдакцыі яны плацілі паводле тарыфаў для фізічных асоб, а трэба было як для юрыдычных. Пазыка склала 3500 рублёў. Марціновічу і Скурко выставілі абвінавачанне ў нанясенні маёмаснай шкоды без прыкмет раскрадання (ч. 2 арт. 216 КК). Ім пагражае «хімія» або калонія тэрмінам да 5 гадоў.

  • Раковіч і Дынько выпусцілі цягам двух тыдняў пасля затрымання. Пад вартай застаюцца Марціновіч і Скурко.

  • Скурко хварэе на інсуліназалежны дыябет. Да таго ж, за кратамі ў яго дыягнаставалі пнеўманію.

  • Доступ да сайта «Нашай Нівы» знік 8 ліпеня, 29 ліпеня сайт nashaniva.com аднавіў працу. Рэдакцыя цяпер працуе з-за мяжы.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: