Спецдакладчыца ААН: Не хапае слоў, каб апісаць рэпрэсіі ў Беларусі

Спецдакладчыца ААН Анаіс Марэн заявіла 7 верасня пра «жахлівыя рэпрэсіі» ў Беларусі супраць праваабарончых груп, што, паводле яе, замінае міжнароднаму маніторынгу парушэнняў правоў чалавека ў краіне.

d8e422ac_f176_4256_b9d3_7a9e88da7494_cx0_cy0_cw99_w1023_r1_s.jpg


Марэн выступіла ў відэаканферэнцыі на сустрэчы праваабаронцаў у Вільні, якая абмяркоўвала пераслед праваабарончай групы «Вясна» з боку рэжыму Лукашэнкі. Яна адзначыла, што, паколькі ёй не дазволены ўезд у Беларусь, праваабаронцы «Вясны» маюць «вырашальнае значэнне» для яе працы, піша Радыё Свабода.

«Жахлівыя рэпрэсіі, якія цяпер накіроўваюцца супраць “Вясны”, маюць непасрэдны негатыўны ўплыў на нашу здольнасць у Жэневе адсочваць абвінавачанні ў парушэнні правоў чалавека, збіраць доказы і належным чынам паведамляць аб рэпрэсіях, і гэта, пэўна, невыпадкова», — сказала Марэн.

«Летась я ацаніла сітуацыю ў Беларусі як катастрафічную. Мне цяпер не хапае слоў, каб выказаць сваю інтэрпрэтацыю сітуацыі. Я не магу сабе ўявіць, што можа быць яшчэ горш», — адзначыла яна.

У гэты момант старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч, а таксама пяцёра іншых праваабаронцаў арганізацыі — Уладзь Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка, Тацяна Ласіца — знаходзяцца за кратамі.