Справу журналіста Рамана Васюковіча, якога судзілі за ўвоз кніг «Беларускі Данбас», адправілі на дапрацоўку

Суддзя Кастрычніцкага раёна Мінска Аляксандр Рудэнка вырашыў не прыцягваць да адказнасці журналіста Рамана Васюковіча і вярнуў справу на дапрацоўку. 26 сакавіка адбудзецца судовае пасяджэнне, на якім вырашаць, ці прызнаваць кнігу «Беларускі Данбас» экстрэмісцкай.

Раман Васюковіч

Раман Васюковіч

Першае пасяджэнне па справе павінна было адбыцца 12 сакавіка, але ў той дзень яго перанеслі на 19 сакавіка. Як і ў першы раз, так і сёння Раман Васюковіч на ўсялякі выпадак прыйшоў у суд з рэчамі. Журналіст гаворыць, што не лічыць сябе вінаватым, але ведае, у якой краіне жыве.

На журналіста склалі пратакол па ч. 1 арт. 17.11 КаАП («Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай альбо прапагандысцкай дзейнасці») пасля таго, як вечарам 11 снежня мінулага года ён вяртаўся з камандзіроўкі ў Кіеў. Тады ў мінскім аэрапорце супрацоўнікі памежнай службы чамусьці праявілі да яго асаблівую ўвагу.
— Не думаю, што гэта была выпадковасць, — выказаў здагадку Раман Васюковіч у каментары «Новаму Часу». — Калі паказаў свой пашпарт, мяне папрасілі зняць маску, і памежнік адразу патэлефанаваў некаму. Да мяне падышоў супрацоўнік і сказаў чакаць. Праз некалькі хвілін мяне павялі на ўзмоцнены дагляд. То-бок, казаць, што гэта адбылося з-за кніг, нельга, іх у мяне знайшлі потым. Я лічу, што гэта звязана з маёй прафесійнай дзейнасцю — ёсць нейкі спіс журналістаў, да якіх нейкае асаблівае стаўленне.
Рамана афармлялі тры гадзіны. Забралі ў яго «для праверкі экстрэмізму» ноўтбук і два асобнікі кнігі «Беларускі Данбас», якую напісалі журналісты Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева (Кацярына зараз знаходзіцца за кратамі). Пазней ноўтбук Васюковічу вярнулі, а ў кнізе знайшлі «прыкметы праяў экстрэмізму».
— Супрацоўнікі мытні, якія ўсё правяралі, нічога мне не тлумачылі. Праз тры гадзіны мяне адпусцілі. І вось у студзені патэлефанавалі з аэрапорта, сказалі, што ідзе праверка кніг — у іх заўважылі прыкметы экстрэмізму. Адметная гэтая сітуацыя тым, што ні тады, ні сёння гэтыя кнігі не былі прызнаныя экстрэмісцкімі. Гэта можа зрабіць толькі суд, які адбудзецца 26 сакавіка. Я таксама атрымаў позву на гэты працэс і буду праходзіць у ім як зацікаўленая асоба.

Позва ў суд на 26 сакавіка

Позва ў суд на 26 сакавіка


Кніга «Беларускі Данбас» уяўляе сабой журналісцкае расследаванне пра беларусаў на вайне, ролі спецслужб, а таксама пра тое, як гэты канфлікт паўплываў на Беларусь. Кніга была выдадзена летась ва ўкраінскім выдавецтве «Фоліо». Адметна, што прэзентацыя выдання адбылася месяц таму ў амбасадзе Украіны ў Мінску, на ёй прысутнічаў амбасадар Украіны Ігар Кізім.
Таксама адзначым, што ні на «экспертызу», ні ў суд не выклікалі аўтараў кнігі, то-бок ім нават не паведамілі пра тое, што ў іх творы знайшлі «экстрэмізм».
 Нават адвакат тлумачыў мне, што з юрыдычнага пункту гледжання тыя дзве кніжкі, адну з якіх я вёз сабе, а другую — у падарунак аўтарам (друкаваны варыянт кнігі ў Беларусь пакуль не трапіў. — НЧ), не з’яўляюцца распаўсюдам.

Апроч таго, з моманту затрымання ў мінскім аэрапорце Рамана Васюковіча прайшло ўжо больш за два месяцы, а значыць, тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці даўно выйшаў.
Журналіст зазначае, што па законе прыцягнуць яго да адказнасці за распаўсюджванне экстрэмізму немагчыма, але пакуль чакае, чым скончыцца суд 26 сакавіка.
 Раман Васюковіч супрацоўнічае з рускамоўным каналам «Настоящее время», рэдакцыя якога месціцца ў Празе. Як і шэраг іншых замежных СМІ, у Беларусі «Настоящее время» пазбавілі акрэдытацыі. Раман падаваў дакументы ў беларускае МЗС, але ўжо некалькі месяцаў яму нічога не адказваюць. Цяпер ён фактычна пазбаўлены права на працу ў краіне.