Стаў горш чуць пасля збіцця, 11 месяцаў не бачыў сябе ў люстэрка. Сцяпан Латыпаў сустрэўся з бацькам пасля суда

У панядзелак, 16 жніўня, суд вынес рашэнне па справе жыхара «Плошчы Пераменаў» арбарыста Сцяпана Латыпава. Мужчыну прысудзілі да васьмі з паловай гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў 300 базавых. У той жа дзень яго бацька Сяргей Анваравіч паехаў у СІЗА № 1 на Валадарскага, каб сустрэцца з сынам, піша «Радыё Свабода».

Сцяпан Латыпаў, фота з адкрытых крыніц

Сцяпан Латыпаў, фота з адкрытых крыніц

Час набліжаўся да вечара, таму спатканне ім не дазволілі. Убачыцца атрымалася толькі раніцай 17 жніўня. Цяпер Сяргей Анваравіч адчувае сябе не вельмі добра, таму пра тое, як усё прайшло, расказала цётка арбарыста Галіна.
Мінулым летам Сяргей Анваравіч цяжка хварэў на каронавірус. Доўга ляжаў у шпіталі, а калі выпісаўся, сына затрымалі, — кажа пра здароўе Латыпава-старэйшага Галіна. — Адзінаццаць месяцаў ні на кім не адаб’ецца станоўча ў плане псіхічным і фізічным, але мы стараемся трымацца.
Спатканне бацькі з сынам доўжылася гадзіну.
Сцяпан адчувае сябе добра, упэўнены. Падчас апошняга слова ён змог выказацца — і яму стала лягчэй. Нібы падняўся ў гару, і з'явілася палёгка, — вобразна перадае словы Сяргея Анваравіча Галіна. — Паміж Сцяпанам і адміністрацыяй СІЗА склаліся карэктна-ветлівыя адносіны. Скаргаў і нараканняў на ўмовы ўтрымання ён не агучваў. Лісты, сказаў, хоць і з затрымкай, але даходзяць.
У СІЗА, працягвае цётка, Сцяпан займаецца спортам — прысядае, робіць расцяжкі, адціскаецца і шмат чытае. Нягледзячы на тое, што адбылося ў судзе 1 чэрвеня, калі Латыпаў уваткнуў асадку ў горла, дэпрэсіі ў яго няма. Сваім учынкам, тлумачыць суразмоўца, Сцяпан хацеў выказаць пратэст супраць таго, што з ім адбылося.
— Ён паказваў, што нельга загнаць чалавека ў кут толькі за тое, як ён думае. Сцяпан ведае, за што змагаецца, таму ён не зламаны, — адзначае цётка.
А вось з фізічным здароўем Латыпава не ўсё добра. Падчас апошняга слова, кажа цётка, пляменнік паведаміў: пасля таго, як яго збілі, ён стаў горш чуць.
Я ў жаху ад таго, як з ім паступілі. Хіба так можна здзекавацца з людзей у XXI стагоддзі, — каментуе цётка словы пляменніка пра тое, як яго білі і завязвалі на галаву пакет. — У дзяцінстве ў Сцяпана было два моцных страсання мозгу.
Паводле цёткі, Сцяпан будзе абскарджваць рашэнне суда, і родным хочацца верыць, што гэта нешта зменіць. Сцяпан папрасіў падпісаць яго на якія магчыма газеты і часопісы, прасіў, каб не шкадавалі і пісалі яму праўду, таму што жыць без інфармацыі вельмі цяжка. Распавядаў, у камерах няма люстэркаў, таму 11 месяцаў, колькі ён знаходзіцца ў зняволенні, ён не бачыў сябе ў люстэрка.
У Галіны таксама была просьба да пляменніка — яна прасіла Сцяпана пачаць пісаць дзіцячую кнігу пра вясёлыя прыгоды вожыкаў.
Сцёпа адказаў, што не тая сітуацыя, каб пісаць светлыя і добрыя казкі, — агучвае цётка атрыманы адказ. Тым не менш, кажа, пляменнік усё ж працягвае вучыцца маляваць вожыкаў і адсылае іх сябрам, у якіх ёсць маленькія дзеці. — А яшчэ Сцёпа прасіў перадаць вялікі дзякуй усім, хто падтрымлівае яго ўсе гэтыя месяцы. Усім, хто піша яму, прыносіць перадачы, прыходзіў у суд. Усім, хто разам з ім перажывае за нашу краіну і свабоду.