Студэнты БДУ патрабуюць, каб універсітэт публічна выступіў у абарону іх правоў

Яны стварылі петыцыю з заклікам да адміністрацыі БДУ заступіцца за Кацярыну Віннікаву ды іншых студэнтаў.

1021670616.jpg


2 ліпеня выпускніцу БДУ Кацярыну Віннікаву асудзілі на 15 дзён арышту за тое, што дзяўчына падчас уручэння дыплома выказала падзяку Максіму Знаку, Алене Лаеўскай ды іншым звольненым выкладчыкам. Адміністрацыя ўніверсітэта ніяк не абараніла дзяўчыну, і таму студэнты стварылі петыцыю з заклікам да БДУ публічна выступіць у абарону правоў студэнтаў і Кацярыны, піша «Радыё Свабода».

Аўтары петыцыі адзначаюць, што бяздзейнасць адміністрацыі БДУ з’яўляецца ўжо сталай практыкай:

7 студэнтаў прызналі палітвязнямі,

19 студэнтаў адлічылі з палітычных матываў,

17 студэнтаў пазбавілі інтэрнатаў альбо стыпендыі,

119 студэнтаў атрымалі вымовы,

зафіксавана 168 фактаў ціску і пагроз з боку адміністрацыі.

Аўтары нагадваюць, што, паводле арт. 20 Кодэкса аб адукацыі, у абавязкі ўстаноў адукацыі ўваходзіць «стварэнне бяспечных умоў пры арганізацыі адукацыйнага працэсу». Пункт 27 главы 6 Статута БДУ абвяшчае, што чальцам калектыву ўніверсітэта даецца права на бяспечныя ўмовы працы.