Суд падтрымаў іск «Дынама-Цэнтр» супраць Турчаняка і Пятрухіна

Інфармацыя ў відэа «Дынамаўская афера», які падрыхтавалі каардынатар Руху «За Свабоду» ў Брэсце Дзяніс Турчаняк і блогер Сяргей Пятрухін, шкодзіць рэпутацыі фірмы «Дынама-Цэнтр». Суд абавязаў іх апублікаваць абвяржэнне і забараніў далейшы распаўсюд роліка.

0d4051cc_3484_441d_8694_c43401585b1d_w1023_r1_s.jpg

Дзяніс Турчаняк і Сяргей Пятрухін. Здымак «Радыё Свабода»
Турчаняк і Пятрухін падрыхтавалі спецыяльнае раследванне «Дынамаўская афера». Там выкрываліся цьмяныя схемы пры выкарыстанні атрыманага "Дынама" зямельнага ўчастка ў цэнтры Брэста. Арганізацыя падала на Турчаняка і Пятрухіна ў суд. Спачатку справу разглядаў суд Ленінскага раёну, але потым яно было перададзенае ў эканамічны суд Брэсцкай вобласці.
Сённяшняе пасяджэнне было прысвечанае спробам замірэння паміж бакамі. «Дынама-Цэнтр» прапанавала аўтарам роліка прызнаць, што ўся інфармацыя ў відэа не адпавядае рэчаіснасці і патрабавала апублікаваць абвяржэнні і і прынесці прабачэнні.
У сваю чаргу Турчаняк і Пятрухін адмовіліся гэта зрабіць, так як лічылі, што частка відэа патрабуе ўдакладненняў, але гэта не тычыцца ўсяго матэрыялу. «Не магу пагадзіцца, што ўся інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці», — падкрэсліў Турчаняк.
Галоўная задача відэа — прыцягнуць увагу да справы, падкрэсліў у сваю чаргу Сяргей Пятрухін. «Калі фільм і нясе недакладнасці, то гэта звязана з тым, што пакрыта таямніцай тое, што павінна быць публічным. Каб гэтая інфармацыя была даступная, не было б пытанняў», — дадаў блогер.
Сярод цікавостак гэтай справы: ісцец прызнаў інфармацыяй, якая псуе ім рэпутацыю і афіцыйную перапіску паміж гарвыканкамам і пракуратурай. Гэтыя матэрыялы сталі вядомымі пад час судовых паседжанняў. Акрамя таго, ісцец запатрабаваў ад адказчыкаў размяшчэння абвяржэнняў на ўсіх сайтах, дзе публікавалася інфармацыя пра ролік, прынесці прабачэнні, а таксама забараніць далейшы распаўсюд відэа.
Усе гэтыя патрабаванні суд падтрымаў, адкінуўшы толькі патрабаванні прабачэнняў.
«У судзе мы даведаліся, што частка інфармацыі, агучанай у відэа, супадае з афіцыйнай перапіскай, і ўсё роўна, яна прызнаная недаставернай і шкоднай для рэпутацыі «Дынама-Цэнтр», — пракаментаваў сайту Pyx.by па выніках суда Турчаняк.
Ён называе сітуацыю камічнай, але часткова задаволены.
«Мы дабіліся свайго, у судзе атрымалі матэрыялы, на якія мы не маглі нават разлічваць. Мы, напэўна, правядзем круглы стол, запросім людзей, але не будзем рабіць высноваў. Фактура зараз ёсць уся», — заключыў гарадскі каардынатар Руху.
«Тое, што абмяркоўвалася ў судзе, гэта афера. Толькі яна выглядае прыстойна. Гэтым іскам „Дынама-Цэнтр“ згубіла сваю рэпутацыю яшчэ больш, чым да суда», — адзначыў Сяргей Пятрухін.
Абодва кажуць пра падрыхтоўку новага матэрыяла пра «справу Дынама».
Паводле прэс-рэліза Руха За Свабоду