«Святасць жыцця на рэферэндуме не павінна разглядацца ўвогуле»

У гатэлі "Манастырскі" 13–14 лістапада прайшла міжнародная канферэнцыя  пад назвай «Несмяротнае пакаранне: вытокі адказнай пазіцыі».



na_pres_kanfierencyju_pryjechali_pradstauniki_roznych_kanfiesij_1__logo.jpg

Арганізатарамі мерапрыемства сталі «Penal Reform International», РПГА «Беларускі хельсінкскі камітэт», ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», Міжканфесійная місія «Хрысціянскае сацыяльнае служэнне» і Інфармацыйны цэнтр Савета Еўропы. Сярод дыскутуючых бакоў былі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, Генеральнай пракуратуры, Вярхоўнага Суда, Палаты прадстаўнікоў. Да ўдзелу ў мерапрыемстве адмыслова былі запрошаны госці-эксперты не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з краін-суседак.

На працягу канферэнцыі ішла наступная думка: колькасць забойстваў у Еўропе, дзе няма смяротнага пакарання, меншая, чым у Беларусі, дзе такая мера прысуду яшчэ існуе. Атрымліваецца, колькі б злачынцы ні сядзелі, злачынствы ўсё адно адбываюцца. Але ці есць эфектыўны сродак перавыхавання?

У сувязі з такімі супярэчнасцямі, вялікая ўвага надавалася рэлігійнаму погляду на праблему смяротнага пакарання. Дзеля яе абгрунтавання была створана спецыяльная секцыя — «Права на жыццё: рэлігійны і свецкі светапогляд». Каб прачытаць свае даклады на гэты конт, у Мінск з’ехаліся прадстаўнікі розных беларускіх і замежных канфесій.

Прысвячэнне столькі часу менавіта рэлігійнаму аспекту праблемы невыпадковае. Гэты бок служыць адной з дамінантных прычын адмены смяротнага пакарання. Згодна з сацыялагічным даследаваннем бізнем-цэнтра «SATIO» за 2014 год, 41,9% беларусаў хоча пакінуць вышэйшую меру прысуду ў нашай краіне. Пры тым, вядома, што каля паловы насельніцтва Беларусі з’яўляецца вернікамі.

Адзін з прадстаўнікоў праваслаўнай царквы, пратаіерэй Сяргей Лепін вызначыў тры прычыны нязгоды царквы з існуючай вышэйшай мерай прысуду. Сярод іх былі: незваротнасць смяротнага пакарання, немажлівасць пакаяння і верагоднасць судовай памылкі.

Па словах пратаіерэя, праваслаўная царква не раз намагалася змяніць становішча ў рэчышчы гэтай праблемы. «Мы кажам пра гэта, а нам у адказ сцвярджаюць, што мы маўчым», — заявіў пратаіерэй Сяргей.

Сваю пазіцыю выразіў польскі ксёндз, прафесар Зігфрыд Глезер: «Смяротнае пакаранне  — гэта дыспрапарцыянальны адказ, а не справядлівы». На працягу дыскусіі яму было зададзена пытанне «Ці звязана адмена найвышэйшай меры прысуду ў Польшчы з рэлігійнасцю краіны?». На яго ксёндз адказаў наступным чынам:  «Не магу сказаць, што гэта звязана толькі з гэтым. Я мяркую, што на існаванне смяротнага пакарання ў пэўнай краіне ўплывае перш за ўсё два фактары: недастатковая рэлігійнасць грамадства і яго няспеласць».

Калі разглядаць няспеласць грамадства з пункту гледжання хрысціянства, то ксяндзом Мікалаем Ціхановічам было адзначана бракаванне любові ў выхаваўчым працэсе моладзі. «Мы павінны больш казаць пра любоў», — сказаў ксёндз.

Выступы прадстаўнікоў рэлігійных канфесій атрымаліся жывыя за кошт дыскусій, а не сухіх дакладаў. Вынік доўгай гутаркі — неабходнасць задумацца пра святасць чалавечага жыцця. «Святасць жыцця на рэферэндуме не павінна разглядацца ўвогуле», — такая думка прагучала пасярод дыскусіі. Чаму ж не чутны голас Царквы? Можа яго і чуюць, але іншае пытанне ў тым, што пасля прыняцця гэтага голасу, прыйдзецца перавыхоўваць грамадства. 

Такім чынам, выступоўцы наткнуліся на камень супярэчнасці: пытанне смяротнага пакарання павінна рашацца на рэферэндуме, але ў той жа час соцыум мусіць саспець для гэтага. Таму напрошваецца пытанне: які сэнс патрабаваць, каб праблема была вынесена на рэферэндум, калі грамадства яшчэ духоўна не саспела для гэтага?

Напрыканцы ксёндз Зігфрыд Глезер заклікаў усіх «казаць адным голасам — тады ён будзе пачутны». І з упэўненасцю можна сказаць, што канферэнцыя, якая прайшла днямі ў Мінску, стала першым гукам гэтага доўгага і пранізлівага крыку.