Святлана Алексіевіч: У нас цяпер два самых галоўных рэвалюцыянеры — сама ўлада і эканоміка

Калі сілавікі садзяць у СІЗА дзяўчынак, якія малююць на асфальце, то яны значна большыя радыкалы, чым гэтыя дзяўчынкі. А без эканомікі, якая працуе, улада наогул нічога не вартая, мяркуе нобелеўская лаўрэатка.

da0d55b9_ff5c_4179_8cc2_e19b37ea3b02.tmp

— TUT.BY — магутны партал, і ўлада наважылася забраць гэты смачны кавалак. Так, у бліжэйшы час нам будзе вельмі цяжка з інфармацыяй. Падобна да таго, мы недаацэньвалі бязлітаснасць рэжыму, зараз ад яго можна чакаць чаго заўгодна. А беларускае грамадства пакуль не з'яднанае так, каб казаць пра сапраўдную дапамогу грамадзянскім актывістам. Хоць, калі разабрацца... З чаго складаецца грамадства, як мне здаецца? Прасунутая частка, «шэрая зона» і ўлада. І вось цяпер гэтую «шэрую зону» рэвалюцыянізуе сам Лукашэнка. Таму што, па-мойму, амаль усе сем'і ўжо неяк закранутыя — самі ці іх сваякі, сябры, суседзі. Цяпер амаль усе на сабе адчулі, што такое несправядлівасць, прыніжэнне, абраза. Нават дзеці ўжо гэта ведаюць.
Выйсце? Іншага варыянту, як аб'яднання грамадства — сіл дабра, у нас няма. Ніхто ў адзіночку не выжыве. Пры такой сістэме нас па адзіночцы проста задушаць, для ўлады ж аўтарытэтаў няма. Хто толькі ўжо ні быў падвергнуты знявазе або прамому гвалту з боку ўлады! Прафесар, заслужаны настаўнік, дырыжор, саліст, акадэмік медыцыны... Удава Зісера... Калі трэба — знішчаецца тэатр... Або два тэатры. Але самае страшнае, што адбываецца, — гэта, вядома, гуманітарная катастрофа. Цяпер зачышчаецца ўсё маладое, свабодалюбнае, што вырасла ў новы час.
Ці ўспамінаюць пра Беларусь у Еўропе, канкрэтна ў Германіі? Пішуць, але ўсё-ткі над нашай тэмай стала вісіць магутны цень Пуціна. І тут пачынаюцца палітычныя гульні: ніхто не хоча сварыцца з Пуціным.
Вядома, Беларусі патрэбны лідар — прычым тут, дома. Але як яму выжыць? Ён будзе знішчаны ў першы ж тыдзень... З іншага боку, у нас цяпер два самых галоўных рэвалюцыянеры — гэта сама ўлада і эканоміка. Таму што калі сілавікі саджаюць у СІЗА дзяўчынак, якія малююць на асфальце, то яны значна большыя радыкалы, чым гэтыя дзяўчынкі. А без эканомікі, якая працуе, улада наогул нічога не вартая. І, думаю, яны гэта добра разумеюць і дзейнічаюць па прынцыпе «пасля нас хоць патоп». А мы можам адзінае — не ўпадаць у адчай і адукоўваць народ, каб людзі задумваліся аб тым, што адбываецца.
nv-online.info