Шрайбман: Лукашэнку камфортна, каб усе, каго выкрылі дзякуючы злівам, думалі, што няма дарогі назад

Злівы тэлефонных размоў сілавікоў і чыноўнікаў, якія ў апошні час сталі з'яўляцца ў сеціве, могуць дэматываваць працягваць службу па заканчэнні кантракту і наогул панізіць прывабнасць дзяржаўнай службы, лічыць палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

— Я думаю, гэта многіх людзей нервуе вельмі сур'ёзна. Многія, можа быць, не на тым узроўні, на якім ідуць злівы, гэта вышэйшы ўзровень у асноўным, а людзі сярэдняга ўзроўню пачынаюць задумвацца, а навошта мне наогул гэта трэба, заўтра і мяне зліюць, вывернуць маю «брудную бялізну», усіх жа праслухоўвалі, мабыць, у МУС, — разважае аналітык у эфіры канала «in time Ukraine LIVE». — Гэта можа дэматываваць працягваць службу па заканчэнні кантракту. Падобныя злівы вельмі моцна, мне здаецца, паніжаюць прывабнасць службы на дзяржаву. Асабліва злівы ў сілавых ведамствах. Асабліва ўлічваючы тое, што ты разумееш, што тваё ж кіраўніцтва санкцыянавала тваю праслухоўку. Як давяраць у такой сістэме камусьці, як давяраць калегам, асабліва калі выявіцца, што яны там усе сочаць адзін за адным...
Я сумняваюся, што гэта вядзе да нейкага расколу ўнутры сістэмы, але вельмі атручвае клімат у калектывах. Працаваць унутры ведамстваў стала нашмат больш некамфортна, асабліва на тых узроўнях, якія так ці інакш звязаныя з рэпрэсіямі. Ведамствы, звязаныя з грамадскай бяспекай, з камунікацыямі са СМІ. Тая ж Чамаданава і астатнія — іх стасункі паміж сабой, думаю, сталі не такія простыя.
У той жа час аналітык не выключае, што абнародаванне падобных размоў на руку Лукашэнку.
— Я думаю, Лукашэнку камфортна, каб усе, каго ўдалося выкрыць дзякуючы злівам, думалі і ведалі, што ў іх няма дарогі назад, што ў іх няма бяспечнага выхаду. У гэтым сэнсе чым больш людзей у сістэме звязваюць сваю будучыню толькі з Лукашэнкам, тым, вядома ж, для яго больш прыемна, таму што яны будуць трымацца за яго любой цаной.
Здрада — гэта самае галоўнае, чаго ён баіцца, і гэта памяншае рызыку здрады Лукашэнку з боку гэтых людзей. Але ж сістэма не складаецца толькі з іх.
У любым выпадку адбываецца атручванне клімату ў калектывах, зніжэнне матывацыі наогул ісці працаваць у міліцыю ці будаваць там кар'еру. Не ўпэўнены, што гэтым людзям прыемна, што іх адрасы і тэлефоны надрукавалі, што суседзі ведаюць, хто яны. Усё ж такі ў іх ёсць сем'і, іх дзеці ходзяць у школы, жонкі многіх працуюць на звычайных працах. І гэта ўсё таксама мае значэнне, — мяркуе аналітык.
gazetaby.com