Што вядома пра Марыю Вайтовіч, якую арыштавалі пасля сустрэчы з Качанавай?

Гадуе трох прыёмных дзяцей, патрыётка, баліць сэрца за Бараўляны.

Марыя і яе сям'я

Марыя і яе сям'я

У чацвер па папярэднім падазрэнні ў "акце тэрарызму" затрымалі грамадскую актывістку з Бараўлянаў Марыю Вайтовіч.
На наступны дзень мужу, Івану Вайтовічу, паведамілі, што ягоная жонка затрымана на 10 сутак.
У пачатку чэрвеня Марыя ўдзельнічала ў сустрэчы жыхароў сельсавета з Наталляй Качанавай, на якой атрымала ад яе пахвалу за неабыякавасць.
«Наша Ніва» пагаварыла з мужам затрыманай.
«Я заўважыў амапаўцаў ля дома, забрахаў сабака — тыя пачалі скакаць праз плот, нехта ужо падбег да дзвярэй, — расказвае Іван Вайтовіч. — На ўваходзе ў нас празрыстыя дзверы са слабым замком.
Я кажу: “Пачакайце, адчыню”, — але ўжо было чуваць хруст замка і стала зразумела, што да нас прыйшлі не проста пагаварыць. Мяне паклалі на зямлю тварам уніз, але з Машуляй, напэўна, паводзілі сябе карэктна, размаўлялі ветліва.
Дома правялі вобшук. Згарнулі ў мяхі тое, што знайшлі з БЧБ, а яно ў нас было заўсёды, бо мы любім сваю краіну і народ — у нас нават плітка на кухні ў нацыянальным стылі».
Супрацоўнікі, якія прыйшлі да Вайтовічаў, назваліся прадстаўнікамі КДБ.
Сказалі, што адвязуць яе на размову. Але на наступны дзень Івану патэлефанавалі і паведамілі, што ягоная жонка — падазраваная паводле 289 артыкула Крымінальнага кодэкса (“Тэрарызм”).
«У галаве цяжка ўкладваецца, як яе можна абвінаваціць у тэрарызме. У Машулі пазіцыя такая: як грамадскі актывіст яна стараецца зрабіць жыццё мясцовых жыхароў лепшым. Калі гэта можна кваліфікаваць, як тэрарызм, напэўна, нешта не так у людзей у галовах. Я абураны тым, што арыштавалі чалавека, проста неабыякавага да месца, дзе яна жыве. Нават Наталля Качанава на той сустрэчы сказала, што на такіх людзей, як мая жонка, трэба арыентавацца».
Паводле Івана, бараўлянская грамадская супольнасць пачала фарміравацца ў 2017 годзе, калі ў Бараўлянах хацелі высекчы лес і пабудаваць на яго месцы школу.
«Мы падумалі, калі не мы, то хто будзе займацца такімі рэчамі, як паліклініка, дзіцячыя садкі і школы? Тады мы сталі разбірацца і паводле заканадаўства адстойваць правы людзей, якія тут жывуць. Бараўлянцы, у тым ліку мая жонка, многае зрабілі.
Калі сюды прыехала Качанава, Маша пайшла на сустрэчу і расказала, што вось, тут такія праблемы, а заадно паведаміла, што мы б хацелі развіваць самакіраванне, але ў нас не атрымліваюцца мясцовыя сходы, бо нам у гэтым перашкаджаюць.
Некаторыя пішуць, маўляў, сустрэча з Качанавай — і такі вынік. Я не думаю, што гэта з-за Качанавай. Машуля хоча зрабіць наш бараўлянскі куточак лепшым — відаць, уся гэтая дзейнасць вельмі падобная на пратэстную дзейнасць.
Мне б не хацелася, каб яе звязвалі з пратэстамі, і мяне здзіўляе, што ўлады цікавяцца людзьмі, якія рэальна робяць жыццё сваіх суседзяў лепшым – тых жа міліцыянтаў, настаўнікаў і прадстаўнікоў мясцовых уладаў».