Тайскі суд часткова апраўдаў Лэслі і Рыбку

Суд тайскага курортнага гораду Патая апраўдаў выхадцаў з Беларусі Аляксандра Кірылава (вядомага як Алекс Лэслі), Анастасію Вашукевіч (Насцю Рыбку) і яшчэ шэсць расейцаў і беларусаў, арыштаваных за правядзенне нелегальнага «сэкс-трэнінгу», у справе аб незаконнай прадпрымальніцкай і працоўнай дзейнасці на тэрыторыі Тайланду, паведаміла расійскае агенцтва «Новости» са спасылкай на адваката Сатхапхона Сіётху.

b79f11f3_e3d8_40e9_978b_30d4c9df4303_w1023_r1_s.jpg

«Яны па-ранейшаму падлягаюць дэпартацыі ў краіны грамадзянства, аднак пакінуць Тайланд пакуль не змогуць, бо ў іх дачыненні ідзе следства па справе аб арганізацыі паслуг сэксуальнага характару ў складзе злачыннай групы», — цытуюць «Новости» адваката.
Паводле інфармацыі прэс-службы МЗС, цяпер у Тайландзе адбываюць пакаранне 7 грамадзян Беларусі за махлярства з банкаўскімі картамі і двое, затрыманых у лютым у Патаі, чакаюць рашэння суда па абвінавачванні ў незаконнай працоўнай дзейнасці на тэрыторыі Тайланду.
Анастасія Вашукевіч, Аляксандар Кірылаў і яшчэ 7 чалавек былі затрыманыя ў Патаі ў канцы лютага паводле абвінавачання ў незаконнай дзейнасці — паводле дадзеных уладаў, яны арганізоўвалі «сэкс-трэнінгі», не маючы дазволу на працу ў Тайландзе.
Насця Рыбка стала вядомая пасля расследавання апазіцыянера Аляксея Навальнага аб магчымых карупцыйных сувязях мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесніка кіраўніка ўраду Расіі Сяргея Прыходзькі. Улетку 2016 году алігарх і чыноўнік, плаваючы разам на яхце, нібыта абмяркоўвалі ўмяшанне ў амерыканскія выбары. На гэтай яхце ў ліку іншых дзяўчат з эскорт-агенцтваў была і Насця Рыбка. Пазней яна расказала аб тым, што адбывалася на яхце Дзерыпаскі ў сваёй кнізе і сацыяльных сетках.
Што вядома пра Насцю Рыбку — бабруйскую «сэкс-паляўнічую», якая здала расейскага алігархаПасля затрымання ў Тайландзе Вашукевіч звярнулася па дапамогу да амерыканскіх спецслужбаў. Яна заявіла пра гатоўнасць расказаць нейкія падрабязнасці аб умяшанні Крамля ў выбары прэзідэнта ЗША ў 2016 годзе, сцьвярджаючы, у прыватнасці, што ў яе ёсць некалькі гадзін запісаў перамоваў Дзерыпаскі, які ў свой час супрацоўнічаў з Полам Манафортам — былым начальнікам штабу кампаніі Дональда Трампа.
Паводле svaboda.org