«Трэба адказваць за паказчыкі». У Беларусі не хапае дзяржаўных кіраўнікоў

На сайце Мінскага аблвыканкама размешчана аб'ява, у якой паведамляецца пра 42 вакантныя месцы кіраўнікоў дзяржарганізацый у розных сферах. Больш за ўсё ў Мінскай вобласці не хапае дырэктараў-«гаспадарнікаў» у аграсектары.

6786787678.jpg

А як наконт занятасці дырэктараў у іншых рэгіёнах? «Еўрарадыё» вывучыла сайты па пошуку працы. Высветлілася, што дзяржкіраўнікоў не хапае ва ўсіх абласцях Беларусі.

Заробкі прапануюць розныя. Ёсць цалкам «дырэктарскія» заробкі: напрыклад, у «Віцебскаблгазе» намесніку дырэктара па бяспецы прапануюць 3512,14 рубля, а на такой жа пасадзе ў «АГАТ — сістэмы кіравання» — 3326,06 BYN.

А ў аддзеле фізічнай культуры, спорту і турызму Рэчыцкага райвыканкама дырэктару спецыялізаванай спартыўнай школы прапануюць папрацаваць за 550 рублёў у месяц. Галоўнае патрабаванне — наяўнасць фізкультурнай адукацыі.

— Чаму такі маленькі заробак? Таму што бюджэтная арганізацыя, — адказваюць у Рэчыцкім аддзеле спорту і турызму. — Можна будзе атрымаць крыху больш. Працоўны графік з 8.30 да 17.30. Бывае так, што трэба ў выхадныя выйсці. Нам яшчэ і намеснік па асноўнай дзейнасці патрэбны.

Заробак залежыць яшчэ і ад прэміі, таму што бываюць такія сітуацыі, што няма эканоміі сродкаў. Мы вось пакажам у аб'яве заробак у тысячу рублёў, чалавек прыйдзе, а мы скажам: дзе ж мы яго возьмем?

Паводле слоў чыноўніцы, дырэктара ў спартыўную школу шукаюць ўжо даўно.

Чаму склалася такая сітуацыя?

Маленькія зарплаты дырэктарам прапануюць далёка не ўсюды, але ўсё роўна пастаянна ёсць вакантныя месцы. Можа, справа не ў заробках?

— Тэндэнцыя запатрабаванасці дырэктараў дзяржпрадпрыемстваў не новая, яна была заўсёды, — распавядае аналітык з беларускага HR-сервіса. — Па-першае, дзяржпрадпрыемства працуе ў зусім іншых умовах. Прыватная арганізацыя працуе, плаціць падаткі, не парушае заканадаўства, і, у прынцыпе, гэтага дастаткова. Дзяржпрадпрыемства нясе павышаную сацыяльную нагрузку і мае кучу паказчыкаў, якія яно павінна выконваць. Да таго ж, на дзяржпрадпрыемстве заработная плата не заўсёды даганяе ўзровень заробкаў прыватных арганізацый, таму складана бывае знайсці кандыдатаў.

За пошукам кампетэнтных кіраўнікоў у прыватныя кампаніі па рэкрутынгу чыноўнікі з прадпрыемстваў звяртаюцца нячаста.

— Для таго, каб аплаціць нашу паслугу, прадпрыемству трэба мець для гэтага бюджэт і фонды, за якія трэба даць справаздачу. Да таго ж, закупка паслуг і тавараў у гэтым выпадку адбываецца на тэндэрнай аснове.

Ці ёсць розніца ва ўзроўні кампетэнтнасці топ-менеджара дзяржпрадпрыемства і дырэктара прыватнай кампаніі?

— Яны не горш і не лепш адно аднаго, проста яны вельмі розныя, таму што вельмі розныя эканомікі, — працягвае аналітык. — Калі цяпер усю эканоміку зрабіць прыватнай, то рэзка не будзе хапаць кіраўнікоў прыватных кампаній. Адкуль возьмецца столькі людзей адпаведнай кампетэнцыі? Як гаворыцца, зямля павінна іх нарадзіць, эканоміка павінна іх выхаваць. На гэта спатрэбіцца некалькі гадоў, але яны з'явяцца.

Размаўляючы з кіраўніком дзяржпрадпрыемства — напрыклад, у аграрным сектары, — разумееш, што перад чалавекам стаяць вельмі няпростыя задачы. Я б нават сказаў, што мазгі ў гэтых людзей нядрэнна цямяць. Але яны могуць не карыстацца нейкім спецыялізаваным софтам, скажам, 1С: ERP. Таму што яму трэба адказваць за паказчыкі, там зусім іншая рэальнасць, і дырэктар спрабуе ёй адпавядаць.