«Трэба падымаць бучу». Як настаўніца адстаяла сваю зарплату

Убачыўшы разліковы лісток за студзень, педагог не паверыла сваім вачам. Яе зарплата стала менш на 300 рублёў!

nastaunik_1.jpg

Як ёй удалося дамагчыся пераразліку і вярнуць нявыплачаныя грошы, Святлана (імя зменена) распавяла «Салідарнасці» ў рамках праекта «Адваротны бок медаля» на ўмовах ананімнасці.
Атрымаўшы заробак за студзень, Святлана выказала абурэнне ў настаўніцкай:
— Я прапанавала калегам: «Калі вы хочаце — давайце выступаць разам». Прывяла прыклад гарадзенскай школы, дзе супраць зніжэння заробкаў выступілі ўсе настаўнікі, і ім усім зрабілі пераразлік. Я папярэдзіла, што калі буду выступаць адна, то толькі за сябе. Да мяне ніхто не далучыўся, — успамінае настаўніца.
Святлана пачала дзейнічаць. Спачатку яна патэлефанавала ў аддзел адукацыі, потым у Мінпрацы. Некалькі разоў сустракалася з дырэктарам школы.
— Я размаўляла не з пазіцыі «аддайце мне мае грошы», а «растлумачце, што адбываецца», — тлумачыць суразмоўца «Салідарнасці».
Званкамі ў інстанцыі настаўніца не абмяжоўвалася, яна схадзіла ў аддзел адукацыі. Хутка ў школу прыйшла дэлегацыя, якая сустрэлася персанальна з педагогам.
— Для чаго я гэта распавядаю? Трэба падымаць бучу! У выніку менавіта мне пералічылі зарплату і частку кампэнсавалі. Прычым мне перавялі грошы, не чакаючы авансу або зарплаты. Звычайна так не робяць. Мне не змаглі вярнуць усю суму, якую я страціла, патлумачылі, чаму гэта пакуль немагчыма. Паабяцалі, што ўсё кампенсуюць, і мая зарплата будзе не ніжэй, чым раней.
Па словах Святланы, размова з ёй ішла выключна ў канструктыўным тоне: не было наезду, шантажу, пагроз.
— Тыя, хто абараняюць сябе, тыя, хто ваююць за сябе, яны перамогуць, — упэўненая педагог. — Мой бунт не падтрымаў ніхто з калегаў. Вядома, падыходзілі, казалі, што малайчына, правільна паступіла.
Заробак паменшыўся ва ўсіх настаўнікаў. Што сабой уяўляе новая сістэма аплаты? Раней у нас быў вельмі маленькі аклад, аддзел адукацыі налічваў нам прэміі. Як я разумею, прэміяльныя выплаты вырашылі спрасціць і павялічылі аклады, але зрабілі гэта так, што ў выніку мы ўсе недалічыліся грошай. Не ведаю, што за гэтым стаіць: хітрая эканомія, неабдуманасць ці памылка ў разліках.
Цяпер аддзелы адукацыі налічваюць нам аклады, астатняе ўсё размяркоўвае дырэктар школы з прэміяльнага фонду, а гэты фонд яму яшчэ не далі. Аб’ём прэміяльных выплат істотна паменшыўся, і зараз перад дырэктарам школы стаіць задача, як іх размеркаваць, каб нікога не пакрыўдзіць.
Я сказала, што мне ўсё роўна, якімі метадамі гэта будзе рабіцца, але настойваю на тым, каб мой узровень дабрабыту не ўпаў.
Па словах суразмоўніцы, за гадзіну працы настаўніка вышэйшай катэгорыі плацяць 7 рублёў 50 капеек.
Святлана мяркуе, што і ў наступным месяцы настаўнікі недаатрымаюць прэміі, паколькі дырэктарам школ не выдзелілі прэміяльны фонд на люты.
Чаму настаўнікі маўчаць і не дамагаюцца таго, каб ім вярнулі страчаныя грошы?
— Не ведаю. Хтосьці з-за страху, хтосьці чакае, іншыя не вераць, што атрымаецца. Ёсць тыя, хто не хоча псаваць адносіны з кіраўніцтвам, каб хоць нешта атрымліваць.
Святлана тлумачыць: яна сама не можа назваць сваё імя для публікацыі, таму што павялічылася яе залежнасць ад дырэктара школы і аддзела адукацыі.
Па словах настаўніцы, прафсаюз у гэтай сітуацыі маўчыць:
— Перад тым, як нам раздалі разліковыя, прадстаўніца прафкама зьвярнулася да настаўнікаў: «Вы зразумейце, ні перад кім не стаяла задача павялічваць вам зарплаты».
І Мінпрацы, і фінансісты тлумачаць: у вас нічога не паменшылася, вам проста не выплацілі прэміі, — смяецца Святлана. — Я на педсавеце спытала, калі нам іх вернуць. Нам сказалі: «Калі-небудзь». Што можа сказаць дырэктар, калі ў яго няма гэтых грошай?
Спецпраект — «Адваротны бок медаля» — заснаваны на асабістым вопыце вучняў, студэнтаў, выкладчыкаў, бацькоў, і раскажа, што схавана ад старонніх вачэй за сценамі дзіцячых садкоў, школ, тэхнікумаў і ВНУ.
Паводле Салідарнасці