«У аўтазаку нас утрамбоўвалі нагамі». Сведчаць пацярпелыя. Фота

Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў (OMST) запусцілі кампанію па дакументаванні выпадкаў катаванняў у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстных выступленняў. Некаторыя сведчанні людзей, якія перажылі катаванні і гвалт, публікуюцца на сайце арганізацыі як доказы злачынных дзеянняў.

Юрый Панамароў. Фота: spring96.org

Юрый Панамароў. Фота: spring96.org


23-гадовага Юрыя затрымалі ўвечары 11 жніўня па дарозе ў "Пясочніцу" на скрыжаванні вуліц Машэрава і Куйбышава Мінска. Ён распавёў "Вясне" пра жорсткасць свайго беспадстаўнага затрымання і тое, у якіх умовах яго двое сутак утрымлівалі ў ЦІП на Акрэсціна.
    "Увечары з сябрамі я ішоў у "Пясочніцу". На скрыжаванні на супрацьлеглым баку мы ўбачылі затаніраваны мікрааўтобус без нумароў, дзе сядзелі АМАПаўцы. Мы адразу сталі ўцякаць, яны рэзка паехалі на нас. Усе ўцяклі, акрамя мяне. Мне прыляцела ў спіну дубінка, я ўпаў на зямлю. Кажу: "Хлопцы, я не ўцякаю, не супраціўляюся". Мяне адразу зацягнулі ў сцяжку, закінулі ў бусік з крыкамі: "Ненавіджу тых, хто ўцякае". Мяне адразу пачалі біць па корпусе і па задніх частках ног. 3-4 удару дубінкай прыляцела па лытках, потым па 5-й кропцы, па корпусе. Мне пашанцавала, што мяне першага ў бусік закінулі. Дзесьці праз хвіліну на мяне зверху закінулі яшчэ хлопца, білі ўжо яго, а не мяне. Яму разбілі галаву. Ён на мне ляжаў, крывёю капаў, у мяне кашуля была ў яго крыві. Потым яшчэ аднаго закінулі, запытваліся: "Колькі вам плацяць? Хочаце пераменаў?!". Пры гэтым яго адначасна білі".
Юрый распавядае, што пасля мікрааўтобуса яго перавялі ў аўтазак, дзе адразу паклалі ўсіх тварам у падлогу:
"У аўтазаку ніхто не прадстаўляўся. Нашыўкі сілавікоў таксама немагчыма было разгледзець. Потым нас закінулі ў клетку аўтазака і сталі ўтрамбоўваць нагамі. Нас у клетку ўтрамбавалі чацверам, хоць яна разлічана на аднаго чалавека. Мы ездзілі ў гэтым аўтазаку гадзіны дзве-тры. Ездзілі да тых часоў, пакуль цалкам не забілі аўтазак людзьмі. Яшчэ аднаму затрыманаму з разбітай галавой па дарозе стала дрэнна, ён губляў прытомнасць, мы стукалі, казалі пра гэта, але яны казалі толькі, што "гэта ж агітатар". Надавалі яму аплявух.
Аднаго хлопца запіхалі пад маленькую лаўку ў аўтазаку са словамі "сядзі пад шконкай". Яго туды загналі нагамі і яшчэ зверху чацвярых закінулі.

panamarou_03.jpg

След ад берцаў. Фота: spring96.org
    У суседняй клетцы былі дзве жанчыны. Адна з іх — медык, якая ішла з працы дадому. Калі яна казала тым, хто нас затрымліваў, што яна медык, то ёй адказвалі: "Дык ты дапамагаеш гэтым агітатарам, фашыстам, колькі табе плацяць, лепш бы нармальным хлопцам дапамагала, а не гэтым авечкам". Ёй ніхто не паверыў.
Юрый распавёў, што ўсе рэчы затрыманых даглядалі проста ў аўтазаку.
    "Мае рэчы, партфель, дзе былі вада, прасціна і плавальная маска, засталіся ў мікрааўтобусе. У аўтазаку яго ўжо не было. Ён проста знік. У жанчыны знайшлі пярцовы балончык. Той, хто аглядаў рэчы, сказаў: "Я ведаю для чаго гэта цябе". І проста распылілі жанчыне гэтым балончыкам у твар. Гэта дайшло па вентыляцыі да нас і мы таксама сталі задыхацца. Тая жанчына проста дыхаць не магла. Калі даведаліся потым, што яна сапраўды медык, то сталі звяртацца да яе па дапамогу: "Я вось руку вывіхнуў на мінулых пратэстах". І яна ім дапамагала.
Юрыя з іншымі затрыманымі даставілі ў Партызанскі РАУС толькі раніцай на наступны дзень.
    "Калі нас прывезлі, то адразу пачалі крычаць: "Тварам у падлогу". Зноў сыпаліся абразы. Ганялі як мячыкаў. Пастаянна крычалі: "Хутчэй, Хутчэй, Хутчэй".
    Мяне выкінулі з аўтазака, але я ног не адчуваў, казаў, што не магу ўстаць. Адзін мяне падымае, а другі б'е штурхялём. Так як рукі завязаныя, я паляцеў прама ў кафлю. Так я разбіў брыво. З яе лілася кроў. Але я ляжаў, каб "не адсвятляць", гэта значыць тварам у падлогу, на каленях, ногі накрыж. Потым нас адправілі ў склеп з бетоннай падлогай. Там нас паклалі тварам у падлогу, і мы ляжалі, пакуль не сыдзе АМАП.
    Мы стаялі бітком з завязанымі рукамі. Было душна. Я ўвесь змакрэў. Хлопец з скрываўленай галавой, які стаяў побач, спытаў, ці можа ён аб мяне кроў выціраць. Аднаму хлопцу там проста раскроілі галаву і білі па ўсім корпусе. Аказалася, яго пераблыталі з нейкім каардынатарам".
Юрый распавёў, што ў Партызанскім РАУС супрацоўнікі міліцыі працавалі ў чорным адзенні і ў балаклавах.
    "Яны знялі з нас сцяжкі. Сказалі, што мы можам сесці, як хочам, але толькі тварам да сценкі. Потым нас павялі на стандартныя працэдуры: фатаграфаванне, тэлескапію, канфіскацыя рэчаў. У туалет нас вадзілі на вуліцу, калі збіралася дзесяць чалавек. Потым нават прынеслі металічныя лаўкі, каб тыя, каму дрэнна, маглі прысесці".

Траўмы Юрыя пасля затрымання. Фота: spring96.org

Траўмы Юрыя пасля затрымання. Фота: spring96.org

Юрый кажа, што пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні яны не падпісвалі. Ніякіх дакументаў па затрыманню ім нават не паказвалі. Прывезлі ў РАУС каля 12 ночы, а праседзелі там да абеду наступнага дня. Потым усіх перавезлі ў ЦІП на Акрэсціна. Юрый распавёў, што там па-зверску збівалі людзей.
    "Сам канвой, які прыехаў забіраць, не біў. Проста крычалі: "Хутчэй, хутчэй, хутчэй". На Акрэсціна нас падганялі палкамі, але не білі моцна. На загналі ў блок памерам 10 на 10 метраў. Там была рашотка замест даху, бетонная падлога, бетонныя сцены. Туды загналі 70 чалавек. Пад нашай камерай па-зверску збівалі чалавека. Распавядалі, што яму перад збіццём казалі: "Мы зараз пакажам, як трэба любіць АМАП". Потым яго па-зверску збівалі, а ён крычаў адпаведна. Яны яму казалі: "крычы, што ты любіш АМАП". Ён крычаў. А яны казалі: "Крычы мацней, мацней". Ён проста ў агоніі крычаў. Потым ён замоўк. І мы зразумелі, што з ім нешта здарылася. Яны спецыяльна білі пад нашымі камерамі, каб мы гэта чулі.
    Ноччу таксама крыкі былі, але з больш аддаленых камер. Начавалі мы ў летніх камерах. Там дзённая змена не давалі нам ні ежы, ні вады, не схадзіць у туалет. Вячэрняя змена была больш лаяльная. Супрацоўнікі вадзілі нас у камеры, дзе сядзелі людзі, дзе была туалет і вада. Начавалі мы там жа. Было шмат хлопцаў у лёгкай форме, бо многіх затрымлівалі днём, ім было холадна ноччу. Мы станавіліся ў кругі. У цэнтр станавіўся той, каму больш за ўсё было холадна. Яго абляплялі круг з 4-5 чалавек, а потым абляплялі яшчэ адны круг. Так грэліся. А каб паспаць на бетоннай падлозе, здымалі красоўкі, падкладалі пад хвасцец, садзіліся спіна да спіны, падціснуўшы ногі. І атрымлівалася, што і спіна не мерзне. Але спаць зусім не атрымлівалася. Драмалі па хвілін 20, потым асільвалі і ўставалі. Паспаць крыху можна было, калі ўставала сонца, ужо цёпла было трохі".
http://spring96.org