«У Беларусі вас не надрукуе ніхто». 10 дзяржаўных і прыватных друкарняў адмовілі «Народнай волі»

«Народная воля» спрабуе вярнуцца да выдання газеты ў папяровай версіі. Нягледзячы на тое, што апошні нумар выйшаў мінулай восенню, пасля чаго газета перайшла на электронны варыянт, у офіс да гэтага часу прыходзяць чытачы «па свежы нумар».

Марына Коктыш

Марына Коктыш


«"Дом друку", верагодна, чакае адмашкі зверху. Запаляць зялёнае святло ў прэзідэнцкай адміністрацыі — будуць друкаваць, не — працягнуць прыдумляць байкі пра зламаны станок… На днях я асабіста абтэлефанавала каля дзясятка дзяржаўных друкарняў, падпарадкаваных Міністэрству інфармацыі. Пыталася наўпрост: надрукуеце "Народную волю"? "Мяне пахаваюць, калі я вас надрукую, і нават без ушанаванняў…" — адказаў дырэктар адной з рэгіянальных друкарняў. А потым яшчэ адзін, і яшчэ…», — цытуе намесніцу галоўнага рэдактара Марыну Коктыш «Радыё Свабода».

Варыянт супрацы з прыватнымі друкарнямі давялося таксама адкінуць: адзін з гаспадароў наўпрост прызнаўся, што за друк «Народнай волі» ў Беларусі не возьмецца ніхто.

Адмовіў і ранейшы запасны варыянт з Расіяй — друкары і там атрымалі забарону на федэральным узроўні, аж да закрыцця прадпрыемства.

«Нядаўна падпісалі дамову з адной маскоўскай друкарняй, аплацілі наклад. А за дзве гадзіны да адпраўкі палос прылятае паведамленне: SOS, усё адмяняецца, нас папярэдзілі, што закрыюць, не хочам губляць бізнес, да пабачэння… Мы ў рэдакцыі з гэтай нагоды ўжо горка жартуем: шукаем друкарню, якая хоча прыгожа зачыніцца. А калі сур’ёзна, канешне, не да смеху. Да нядаўняга часу чыноўнікі з Мінінфармацыі адкрытым тэкстам казалі: ваша пытанне вырашаецца зусім не на ўзроўні ведамства», — адзначыла Марына Коктыш. Кіраўніцва выдання спрабавала дастукацца да прэзідэнцкай адміністрацыі, адпраўлялі тэлеграмы Ігару Сяргеенку, але той робіць выгляд, што не разумее, навошта яго трывожаць.

Пасля асвятлення леташніх мірных акцый пратэсту шэраг недзяржаўных выданняў атрымалі адмовы друкаваць свае наклады ў «Беларускім доме друку». Спробы зрабіць гэта ў прыватных установах плёну таксама не мелі. Акрамя таго, «БелГазета», «Комсомольская правда в Беларуси», «Народная воля», «Свободные новости» не ўключылі ў падпісны каталог «Белпошты» на першую палову 2021 году.

З падобнымі праблемамі сутыкнуліся і многія рэгіянальныя медыя.