У Беларусі зноў абвясцілі агульнанацыянальную забастоўку

Беларускае аб'яднанне працоўных абвясціла аб пачатку агульнанацыянальнай забастоўкі з 1 лістапада.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

У сваёй заяве Беларускае аб'яднанне працоўных нагадала, што 30 жніўня работнікі беларускіх прадпрыемстваў абвясцілі аб пачатку перадстрайкавага стану ў Беларусі і вылучылі свае патрабаванні да уладаў. Іх было 10:
1. Спыненне рэпрэсій, вызваленне ўсіх палітычных зняволеных і незаконна арыштаваных.
2. Прывядзенне заробкаў, стыпендый і пенсій у адпаведнасць з рэальнай эканамічнай сітуацыяй у краіне.
3. Пачатак прамых перамоваў паміж уладай і дэмакратычнымі сіламі з абавязковым удзелам рабочых лідараў аб правядзенні новых прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў для вырашэння палітычнага і эканамічнага крызісу.
4. Аднаўленне звольненых работнікаў, выключаных студэнтаў і гарантыі бяспечнага вяртання ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія пакінулі краіну з-за рэпрэсій.
5. Рэалізацыя права на дзейнасць незалежных прафсаюзаў, у тым ліку на стварэнне новых.
6. Рэалізацыя канстытуцыйнага права грамадзян на свабоднае перамяшчэнне.
7. Рэалізацыя права грамадзян на абарону ад COVID-19 у тым ліку шляхам вакцынацыі міжнародна прызнанымі вакцынамі. Абарона правоў медыкаў.
8. Рэалізацыя канстытуцыйнага права на свабоду слова. Неадкладнае вызваленне ўсіх журналістаў і блогераў.
9. Нармалізацыя адносін з краінамі-суседзямі. Спыненне «гібрыднай» міграцыі.
10. Стварэнне спрыяльных умоў для развіцця малога і сярэдняга бізнесу.
Іх падтрымалі сотні тысяч беларусаў, дзясяткі знакамітых людзей і арганізацый, але толькі не тыя, хто павінен быў іх выканаць.
«Так больш працягвацца не можа. Пара рабочым узяць будучыню ў свае рукі. Мы не маем права цягнуць далей, пакуль нашы сваякі, сябры і паплечнікі сядзяць у турмах, пакуль нашы маці і сёстры, браты і бацькі гінуць у перапоўненых шпіталях ад каронавіруса», — гаворыцца ў заяве.
«Мы, Беларускае аб'яднанне працоўных, абвяшчаем пачатак агульнанацыянальнай забастоўкі з 1 лістапада 2021 года! Мы спынім вытворчасці па ўсёй краіне, пакуль кожнае з дзесяці патрабаванняў не будзе выканана!
Сябры, гэта важны крок для кожнага з нас, і гэта самы важны крок для ўсёй краіны ў гісторыі сучаснай Беларусі! Перастанем карміць рэжым, перастанем хадзіць на працу! Застанемся дома. Так мы адстаім нашу краіну, вернем у яе закон і справядлівасць. Толькі так мы абаронім сябе і сваіх блізкіх ад эпідэміі, якая абрынулася на наш дом.[...]1 лістапада не выходзім на працу! 1 лістапада пачнецца новая гісторыя нашай краіны! Разам і да перамогі!»