У Брэсце пачалі судзіць яшчэ 16 фігурантаў «справы карагодаў»

У судзе Брэсцкага раёна 25 кастрычніка пачалі судзіць адразу дзевятую і дзясятую групу па "справе карагодаў" па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 13 верасня мінулага года на Маршы герояў у Брэсце на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава пратэстоўцы вадзілі карагод, спявалі песні «Муры» і «Тры чарапахі», танчылі. Пратэстоўцаў разагналі вадамётам, а потым узбудзілі крымінальную справу. Сёння на лаве падсудных 16 чалавек, сярод якіх палітзняволеныя Ганна Баран і Уладзімір Ганчароў. Справу разглядае суддзя Кацярына Рамашка. Гэта адна з самых масавых «палітычных справаў» у гісторыі Беларусі. Следчыя выявілі 115 чалавек, якія мелі дачыненне да гэтага карагоду, 108-мі з іх былі выстаўленыя абвінавачанні, а 87-мі ўжо вынесеныя прысуды.

Скрыншот з відэа з гарадскіх камер відэаназірання 13 верасня ў Брэсце

Скрыншот з відэа з гарадскіх камер відэаназірання 13 верасня ў Брэсце

25 кастрычніка судзяць адразу 16 чалавек:
Палітзняволеная Ганна Баран (з 14 кастрычніка пад вартай), Аляксандр Вялічка, Вольга і Руслан Гачынскія,палітзняволены Уладзімір Ганчароў (з 24 ліпеня пад вартай), Кацярына Ганчарова, Сяргей Ярошкін, Павел Краўчук, Вераніка Клімовіч, Валянціна Корсак, Сяргей Лапко, Цімур Ломпік,Аляксандр і Таццяна Паўлючыкі,Аляксей і Святлана Якімовічы.
Паводле версіі абвінавачання, кожны з абвінавачаных у групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, з-за прастою тралейбуснаму парку была нанесеная шкода 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму – 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчавання. Такая фармулёўка гучыць ва ўсіх абвінавачваннях.

Ганна Баран

Ганна Баран

14 кастрычніка ў горадзе Пружаны Брэсцкай вобласці адбыўся шэраг вобшукаў ды затрыманняў. Большую частку людзей пасля выпусцілі з падпіскай аб неразгалошванні. Але не выйшла на волю 43-гадовая Ганна Баран. Ёй змянілі меру стрымання па "карагоднай" справе на ўтрыманне пад вартай і змясцілі ў СІЗА-7.
31-гадовы Уладзімір Ганчароў быў затрыманы 14 ліпеня трыма супрацоўнікамі ГУБАЗіК разам з сям'ёй (жонкай і дзецьмі 5 і 8 гадоў). Падчас допыту аператыўнікі з УУС Маскоўскага раёна Брэста чатыры гадзіны дзяцей трымалі ў калідоры. Пасля ўсіх перавезлі ў Следчы камітэт і там таксама дапытвалі чатыры гадзіны. Затым сям'ю адпусцілі, а Уладзіміра перавялі ў ІЧУ Кобрына, а адтуль — у брэсцкі СІЗА.
spring96.org