«У калоніі плацілі 40 капеек у месяц». Што расказвае вызвалены палітвязень з «карагоднай» справы

24-гадовага грамадзяніна Расеі, палітвязня Данілу Чамаданава пасля адбыцця пакарання ў бабруйскай калоніі экстрадавалі ў Расію, піша Свабода.

46c30000_0aff_0242_20f8_08d9989c4cef_w1597_n_r1_st.jpg


Ён быў фігурантам «справы аб карагодзе», распачатай па падзеях 13 верасня 2020 года ў Берасці. Данілу абвінавацілі па частцы 1-й артыкула 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
«Падчас вызвалення з калоніі мяне перадалі супрацоўніцы аддзелу па грамадзянстве і міграцыі. Мы з ёю праехалі ў Бабруйскае аддзяленне АГІМ, там я падпісаў дакументы адносна дэпартацыі і забароны на ўезд. У гэты час пад’ехалі мае сябры і перадалі мне валізку з маімі рэчамі, тэлефон, грошы. І калі я падпісаў усе дакументы, мяне пасадзілі ў машыну і павезлі да мяжы з Бранскай вобласцю. Як толькі мы даехалі да мяжы, мяне высадзілі, сфатаграфавалі каля шыльды, і далей я пайшоў пешшу», — сказаў Даніла Чамаданаў.
Данілу Чамаданаву забаранілі ўезд у Беларусь на два гады.
«Яны патлумачылі гэта тым, што якраз тэрмін пагашэння судзімасці складае два гады».
У Расіі Даніла паехаў да сваякоў, што жывуць у Варонежскай вобласці. Але ягоныя бацькі і блізкія людзі засталіся ў Беларусі. Хлопец мае вышэйшую адукацыю, ён інжынер-будаўнік. Якраз перад падзеямі ў Беларусі вывучаў IT, вучыўся на праграміста. Цяпер, як кажа, плануе працаваць альбо ў будаўніцтве, альбо ў IT — дзе атрымаецца.
«У Беларусі я жыву з 2000 году. Мае бацькі пераехалі ў Беларусь. У Баранавічах я вучыўся з 1-й па 11-ю класу. Потым вучыўся ў політэхнічным у Берасці і там застаўся працаваць», — кажа Даніла.

«Мне так і не прад’явілі, што канкрэтна зрабіў я»

У кастрычніку мінулага году Данілу Чамаданава пасадзілі на трое сутак у ІЧУ як падазраванага. Потым адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.
«Тады я не вельмі верыў, што справе могуць даць ход. А 22 студзеня, калі мне ўжо прад’яўлялі абвінавачанне, мяне ўзялі пад арышт. І ад гэтага часу да суду я ўжо знаходзіўся ў берасьцейскім СІЗА. А пасля суду мяне этапавалі ў калонію, — кажа Даніла. — Па гэтай справе на сто чалавек адно і тое ж абвінавачанне. Але мне так і не прад’явілі, што канкрэтна зрабіў я. Я на судзе сам расказаў, што я знаходзіўся на праезнай частцы цягам 11 хвілін. І ўсё».
Даніла Чамаданаў кажа, што не ўчыняў злачынства, у якім яго абвінавацілі.

«Вырываў абцугамі дрот з гумовага корта»

Данілу Чамаданаву прысудзілі год пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Вызваляўся ён з папраўчай калоніі № 2 гораду Бабруйску.
«Утрыманне ў калоніі цярпімае, у прынцыпе, існаваць там можна. Канечне, з думкай, што сядзіш несправядліва, — кажа Даніла. — Мне там амаль нічога не падабалася, там чалавечая абыякавасць і аднастайнасць, кожны новы дзень падобны да мінулага. Добрага там мала».
У калоніі Даніла працаваў чатыры дні на тыдзень па тры гадзіны на ўчастку перапрацоўкі сырой гумы — вырываў абцугамі дрот з гумовага корта. Плацілі яму 40 капеек у месяц.

Ці прапаноўвалі яму напісаць прашэнне аб памілаванні?


«Супрацоўнікі адміністрацыі калоніі навязліва цікавіліся, ці не хачу я напісаць прашэнне аб памілаванні. Кожны раз я адмаўляў пад маркай таго, што, маўляў, тэрмін невялікі і хутка ўсё роўна выйду», — кажа Даніла.

«Консульства Расіі ніводнага разу не пацікавілася»

Пасля вызвалення высветлілася, што лісты ад многіх сяброў Данілу ў калонію так і не дайшлі. Шмат хто не атрымаў і ягоных лістоў, хоць Даніла пісаў з-за кратаў. За ўвесь час зняволення прадстаўнікі консульства Расіі ніводнага разу не пацікавіліся ягоным лёсам. Даніла кажа, што звяртацца да іх не меў жадання, бо, лічыў, усё роўна яны яму нічым не дапамогуць, «гэта пустое марнаванне часу».
«У берасьцейскім СІЗА было адчуванне, што палова там палітычных. Не было такой камеры, дзе б не было палітычнага. Была камера, дзе 9 чалавек з дзесяці сядзелі па палітычных справах. Таксама многа было ў калоніі. Я пазнаёміўся з вялікай колькасцю добрых людзей».
Даніла кажа, што ўдзячны сваякам і сябрам за падтрымку.
«Сітуацыя ў Беларусі складаная. Лягчэйшай яна не стала параўнальна з тым, што было год таму. Па-мойму, усё пагаршаецца».

Ці шкадуе ён, што ўзяў удзел у пратэстах?


«Я не разважаю катэгорыямі: шкадую ці не. Я так зрабіў, бо на той момант лічыў гэты правільным. Так склаўся мой лёс. Цяпер я на волі і спадзяюся, што мне нічога не пагражае».