У карцары калоніі ў Наваполацку пакончыў з сабой 25-гадовы зняволены

У карцары ПК-1 Наваполацка пакончыў з сабой 25-гадовы Андрэй Дубік, які у 2019 годзе быў асуджаны па артыкуле 328 і быў фігурантам так званай «справы 37-мі» — аднаго з самых масавых працэсаў за апошні час. 

Андрэй Дубік, фота з асабістага архіва

Андрэй Дубік, фота з асабістага архіва


Сваякі маладога чалавека распавялі TUT.BY, што тры гады, пакуль ішло следства, Андрэй знаходзіўся ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску, потым яго перавялі ў ПК-1 у Наваполацку, дзе ён прабыў паўгода. 8 студзеня родным ад маладога чалавека прыйшоў апошні ліст, а ўжо 29 студзеня сям'і стала вядома пра яго самагубства.
Мы не ведаем, што менавіта адбылося і што паслужыла прычынай такога ўчынку, але ў апошніх лістах ён скардзіўся на псіхалагічны ціск, пісаў, што яго выклікала начальства і праводзіла гутарку, каб ён прызнаў віну, а мы — перасталі пісаць лісты ў розныя інстанцыі. За паўгода, што Андрэй знаходзіўся ў ПК-1 у Наваполацку, у нас было два спатканні, таксама мы перапісваліся з ім, а 8 студзеня перапіска перапынілася. Я тэлефанаваў у калонію, мне сказалі, што сын у карцары, але ён фізічна здаровы. А сёння патэлефанаваў турэмны псіхолаг (або псіхіятр) і сказаў, што сын здзейсніў суіцыд. І больш у нас няма ніякай інфармацыі. Мы спрабуем датэлефанавацца да калоніі, аднак у бухгалтэрыі ніхто нічога не ведае — і гэта зразумела, а па астатніх нумарах проста ніхто не здымае трубку, — распавядае бацька маладога чалавека Ігар.
На дадзены момант сям'я спрабуе даведацца ўсе абставіны здарэння.
Андрэй Дубік быў затрыманы 28 ліпеня 2017 года і праходзіў абвінавачаным па так званай справе 37-мі — аднаму з самых масавых працэсаў за апошні час. Следства па справе цягнулася амаль тры гады. Абвінавачаныя былі падзеленыя на групы па розных эпізодах. Але ўсе 37 чалавек былі абвінавачаныя ў незаконным абароце наркатычных сродкаў, а таксама ў стварэнні і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі.

Андрэй Дубік, фота прадастаўлена tut.by роднымі

Андрэй Дубік, фота прадастаўлена tut.by роднымі


Судовыя паседжанні па гэтай справе пачаліся ў сакавіку 2019 года. Яе разглядаў Мінскі гарадскі суд. Паседжанні праходзілі ў СІЗА № 1 — з-за вялікай колькасці фігурантаў. Іх судзілі за працу на дзве буйныя інтэрнэт-крамы наркотыкаў і псіхатропаў, у тым ліку пад назвай White & Fluffy. Падзеі датаваныя 2016-2017 гадамі, а фігуранты, па версіі следства, уступілі ў шэрагі «міжнародных злачынных арганізацый». Тавар пастаўлялі з Расіі і Украіны.
Сярод фігурантаў была толькі адна жанчына, астатнія — мужчыны ва ўзросце ад 18 да 46 гадоў. З іх амаль кожны трэці раней быў судзімы. З усіх абвінавачаных пад вартай знаходзіліся 33 чалавекі. У выніку ўсе фігуранты былі прызнаныя судом вінаватымі ў абароце наркотыкаў або псіхатропных рэчываў (у асноўным з мэтай збыту, але некаторыя — без).
З іх 31 чалавек прысуджаны да пазбаўлення волі: адзін фігурант адправіўся ў калонію асобага рэжыму на 14 гадоў, трое ў калонію строгага рэжыму (на тэрміны 3, 4 і 12,5 гадоў), яшчэ 23 чалавекі — у калонію ўзмоцненага рэжыму (ад 9 да 15 гадоў) і плюс чацвёра ў калонію агульнага рэжыму (2 і 4 гады, 6,5 і 14 гадоў). Агулам іх усіх прысудзілі да 331,5 года пазбаўлення волі. Прычым самыя суровыя тэрміны атрымала адзіная ў справе жанчына — 14 гадоў, а таксама мужчына, які па прысуду пазбаўлены звання «старшына міліцыі» і прысуджаны да 15 гадоў.
Андрэй быў затрыманы разам з сябрам. Пры ім было знойдзена 0,044 грама марыхуаны. Таксама ў яго тэлефоне былі каардынаты закладкі.
 — Яны з сябрам паехалі купляць красоўкі. У сябра гэтага былі каардынаты закладкі. Тэлефон сядаў — і ён перакінуў гэтыя каардынаты, каб не згубіліся, на тэлефон Андрэя. Іх затрымалі, прывезлі ў РУУС, а да гэтага чатыры гадзіны Андрэй ляжаў на зямлі, пасля гэтага яго збілі. Тады следчы, які гэта рабіў, атрымаў вымову, яго дэпрэміравалі. Пакуль ішло следства, Андрэй быў у СІЗА на вуліцы Валадарскага. Ён трымаўся, хоць і было цяжка. А вось у калоніі не вытрымаў. Мы спадзяваліся, што суд разбярэцца, таму што доказаў яго датычнасці да злачыннай групоўкі і распаўсюджвання фактычна не было. У нас праходзілі ператрусы. Адзінае, што знайшлі — гэта мае маленькія шалі, дзе выявілі біялагічныя сляды, як нам сказалі «біялагічную пыл» Андрэя. Але хіба гэта доказы віны? Тым не менш сын атрымаў 11 гадоў і 6 месяцаў калоніі.
Андрэй Дубік быў прызнаны вінаватым па частцы 4 артыкула 328 КК — «Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў» (дзеянні, учыненыя арганізаванай групай) і па частцы 2 артыкула 285 КК — «Удзел у злачыннай арганізацыі».
Сваю віну Андрэй не прызнаваў, была пададзена апеляцыя на рашэнне Мінскага гарадскога суда, аднак прысуд пакінуты ў сіле.
 — І мы, і наш адвакат — усе былі ў шоку ад такога рашэння. Мы простая сям'я, Андрэй быў добрым хлопцам, пасля школы паступіў ва ўніверсітэт на нямецкую мову, але сышоў адтуль — проста не выцягваў там вучобу, пайшоў працаваць кладаўшчыком, рыхтаваўся пайсці ў войска. 1 сакавіка яму павінна было споўніцца 26 гадоў. Мы не апускалі рукі, усяляк падтрымлівалі яго і спрабавалі даказаць, што ён невінаваты, пісалі скаргі, падавалі апеляцыі. Але ў апошніх лістах Андрэя пачало праскокваць, што яму маральна вельмі цяжка, — кажа Ігар.